epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Эзель

– Скажы мне, фюрэр, калі ласка,

Што там на Эзелі было:

Ці гэта праўда, ці то казка,

Ці проста — скрыўленае шкло?

 

Я чуў, што ўсе твае дэсанты

Змялі адтуль бальшавікі,

А з імі разам і іх транты...

Няўжо быў выпадак такі?

 

Зірнуў на дучэ фюрэр цёрты

І апускае зрок уніз,

Як злодзей выкрыты, прыпёрты,

Смяецца, нібы і не лыс:

 

– Ты — баба, выбач мяне, дучэ:

Збіраеш чуткі ўсе ў падол.

Нашто мне Эзель той смярдзючы,

Ты знаеш Эзель што? Асёл!

 

І ў думках я не меў, васпане,

На востраў той рабіць напад...

  Не, дучэ: дзе ўжо фюрэр стане,

Адтуль не зрушыцца назад!

 

– Мой слаўны фюрэр! Веру, веру,

Бо ты ж другі Напалеон!

На дучэ фюрэр глянуў зверам

І загарэўся, як піон.

 

– Не каркай, дучэ, як варона,

Не варушы сатлелы прах,

Бо мне імя Напалеона

Варожыць лёс яго і шлях.

 

Пушкінскі праезд, № 13

10/Х 1941


10.10.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945