Запамятай цвёрда,
Разбойнік з Берліна,
Сусветны грабежнік, бандыт:
Ты сам, твае орды
Ў Савецкай краіне
Жалезны свой зломяць капыт.
Няхай варʼяцее
Цямраная сіла,
На далечы сцеле туман, —
Фашысцкаму змею
Тут будзе магіла —
Пад горкай асінай курган.
Зямля, мая маці,
Радзіма мая ты!
Гарой пастаім за цябе.
Варожыя раці
Вампіраў заклятых
Змяцём у святой барацьбе.
Разгорнем шырока
Магутныя плечы
І вышай падымем наш сцяг,
Бо час недалёка
Рашучае сечы,
І зрынецца вораг у прах.
Дык помні ж ты цвёрда,
Разбойнік з Берліна,
Крывавае цьмы пасланец:
Ты сам, твае орды
У нашай айчыне
Ганебны свой знойдуць канец!
Шчыльней жа зʼяднаем
Рады баявыя,
На ворага рушым, як вір.
Лунаюць над краем
Сцягі агнявыя, —
Вядзі нас на бой, правадыр!
Ліпень 1941