epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Гай

Люба ўспомніць гай зялёны,

Сосен пышныя кароны,

Гурт прыўдалы іх камлёў,

 

Дзе так ціха, так прывольна,

Дзе і сам жывеш супольна

З жыццем хвояў і дубоў,

 

Што стаяць тут з даўніх часаў

І на хвоі зораць ласа,

Бы на красачак-дзяўчат.

 

Я хадзіў адзін, маўклівы,

Ды вясёлы, ды шчаслівы,

Думкі думаліся ў лад.

 

Эх ты, гай! Не раз, бывала,

Тут душа адпачывала,

Сэрца цешылася... Чым?

Толькі ж хто пра гэта знае?

Ты ды я, ды маладая...

Хто? — пра тое памаўчым!

 

3/ІХ 1916


03.09.1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938