epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Гарошак

Жыў калісь на свеце адзін гаспадар з жонкаю.

Былі ў іх два сыны і адна дачка.

Рэдка ў каго былі такія працавітыя хлопцы, як гэтыя сыны. Ніколі яны не сядзелі без работы, а калі дома работы не было, то хадзілі ў чужыя землі.

Яшчэ больш цікавай была іх сястра. Цяжка было знайсці такую прыгожую, такую мілую дзяўчыну. І звалася яна Ясаня.

Адзін раз улетку, парабіўшы дома работу, задумалі браты пайсці ў заработкі.

— Калі мы не вернемся праз тры дні, — сказалі браты, — то няхай нам Ясаня прынясе есці.

— А як жа я вас, браткі, знайду? Куды мне есці прыносіць? — спытала Ясаня братоў ужо на дварэ.

— Мы будзем салому па дарозе церушыць. Па гэтай саломцы і знойдзеш ты нас.

Развіталіся яны з бацькамі, з сястрою. Ідуць браты, саломку па дарозе раскідваюць, прыгаворваючы:

— Будзе наша Ясаня ісці і не сабʼецца з дарогі.

А ў тых месцах жыў страшны змей. У яго быў жалезны язык, вочы — як жарнавыя каменні, і гарэлі агнём. Жыў ён у палацах. Тыя палацы былі зложаны з людскіх касцей.

Падслухаў змей, што казалі браты, даведаўся, навошта салому цярушаць. Пазбіраў ён гэту салому і пакідаў яе па дарозе, што ў яго касцяныя палацы вяла.

«Будзе яна па саломцы ісці і ў мае палацы прыйдзе», — думае змей.

Так яно і сталася.

Праходзіць дзень, праходзіць другі, — няма братоў. І трэці дзень мінуўся, а іх няма.

На чацвёрты дзень сабралася Ясаня ў дарогу братам есці несці. Узяла яна хлеба, стравы і пайшла.

Ідзе яна ды ідзе, на саломку прызіраецца. А дарога ўсё глыбей у лес забірае. Лес цёмны, глухі, нават і неба не відаць. Ідзе Ясаня, і страшна робіцца ёй. «Куды ж так далёка зайшлі яны?» — думае дзяўчына. Вось пад вечар падыходзіць яна да касцяных палацаў ліхога змея. Паглядзела Ясаня, і сэрца яе замерла ад страху: вакол чалавечыя косці ляжаць. Што ж тут рабіць? Кінулася яна бегчы назад. Бяжыць яна, бяжыць, ажно чуе — гудзе штосьці. Азірнулася — змей даганяе!

Схапіў яе змей і ў свае палацы нясе.

— Я цябе даўно чакаю, — кажа змей, — цяпер ты будзеш жыць са мною — ты будзеш маёю жонкаю.

Плакала, прасілася Ясаня, каб пусціў яе змей, але просьба не памагла.

Браты чакаюць яе на чацвёрты дзень. Чакалі, чакалі, ды так і не дачакаліся. Пайшлі яны дадому.

— Чаму ж вы, — кажуць бацькам, — не прыслалі яды?

Напалохаліся бацькі.

— Як не прыслалі? Хіба ж не было Ясані?

Спалохаліся і браты. Напэўна, з Ясаняю ліха налучылася.

— Пайду шукаць яе, — кажа старэйшы брат.

Сабраўся і пайшоў.

Ідзе ён ды ідзе па той дарозе, што саломаю пацярушана, ды не прымеціў, што гэта не тая дарога, кудою ён з братам ішоў, і дайшоў да касцяных палацаў. Сустракае сястру.

— Куды ж ты, братка, зайшоў? — пытае яго Ясаня. — Тут страшны змей жыве. Зʼесць ён цябе. Уцякай ты адгэтуль хутчэй.

— Калі ўцякаць — уцякайма разам, — кажа ёй брат.

— Не, братка: ён чуе мой дух — ён дагоніць і зловіць нас. А адзін ты, можа, уцячэш.

Толькі што яна так сказала, чуюць — як загудзе нешта, ды так моцна, што аж аглушыла іх. Глядзяць — аж то змей ляціць.

— Гэта мой брат прыйшоў да нас, — кажа Ясаня змею.

— Добра, — кажа змей, — вядзі ж ты яго да мяне ў госці.

Увайшлі ў палацы.

— Ну, жонка, — гаворыць змей, — дай нам пасмакаваць бобу жалезнага.

Прынесла Ясаня жалезнага бобу. Змей як зачаў есці гэты боб, дык аж іскры пасыпаліся, а той, небарака, узяў адну бобіну ды чуць быў зубы сабе не паламаў. Пажаваў дый выплюнуў з рота бобіну.

Як закрычыць тут змей:

— Ты што ж гэта дабром маім пагарджаеш? Я ем, а ты не можаш? Чым ты лепшы за мяне?

Сядзіць бедны госць, баіцца зварухнуцца.

— Хадзем — пакажу маё багацце!

Вывеў змей свайго госця на двор і павесіў яго на варотах, а потым прыйшоў да Ясані і кажа:

— Жонка! Я павесіў твайго брата, бо ён не хацеў есці майго бобу.

Залілася Ясаня горкімі слязьмі, але бядзе памагчы нічым не магла.

Праз дзень ці праз два выйшла Ясаня на дарогу, бачыць — другі брат ідзе, шукаючы яе.

Такая ж самая доля напаткала і другога брата.

Чакаюць бацькі сыноў дзень, чакаюць другі... Так чакалі з тыдзень, а іх усё няма.

Аднаго разу досвіткам пайшла жонка гаспадара па ваду. Бачыць яна — коціцца па дарозе гарошак. Падняла яго, паглядзела ды і зʼела. І вось якая сталася з ёю праява. Пачула яна, што той гарошак стаў у ёй расці. А тыдняў праз два нарадзіўся ў яе сын. І такі прыгожы ды такі вялікі, што проста дзівота! І як толькі нарадзіўся ён, дык зараз жа і закрычаў:

— Мама! Дай мне есці!

А голас такі грубы-грубы, што ўсе папалохаліся.

Расце той хлопец не па днях, а па часінах, і за месяц вырас такі вялікі, ды яшчэ і з барадою, ажно бацька яго баяўся.

Думалі, думалі, як назваць яго, якое імя даць. І назвалі яго Гарошак.

Праз нейкі час кажа Гарошак бацьку:

— На табе, тата, шпільку, завязі яе да каваля, няхай выкуе з яе булаву ў сем пудоў.

Бацька думае сабе: «Ось дурны які хлопец: хоча, каб са шпількі яму зрабілі булаву ў сем пудоў». Але сказаць аб гэтым сыну пабаяўся. Паехаў у горад, купіў сем пудоў жалеза, завёз да каваля.

— Зрабі ты, — кажа, — булаву, каб яна важыла сем пудоў.

Каваў, каваў каваль булаву, насілу выкаваў. Ускацілі на воз булаву. Прывозіць яе бацька дадому.

— На, — кажа, — сынок, табе булаву.

І скаціў яе на зямлю.

Узяў Гарошак тую булаву адною рукою ды як шыбануў яе ўгору, аж яна ў небе схавалася.

Шпурнуўшы гэту доўбню, ён пайшоў у хату, паснедаў, з бацькамі пагутарыў. А потым кажа:

— Ну, бацька, хадзем на двор, зараз булава вернецца.

Выйшлі за хату на поле. Паглядзеў Гарошак у неба.

— Бач, тата: вунь булава ляціць!

Не паспеў бацька зірнуць, а булава калі загудзе!

Падставіў Гарошак калена. Як стукнецца аб калена булава! Трах — і пераламалася папалам.

Пакруціў Гарошак галавою.

— Ты, мусіць, тата, не з тае шпількі булаву зрабіў.

Паехаў бацька зноў у горад, купіў сем пудоў жалеза і зноў завёз яго да каваля. Выкаваў каваль новую булаву.

Прывёз яе бацька дамоў.

Шпурнуў яе Гарошак угору, падставіў калена — булава толькі трошкі пагнулася.

— Ну, гэта булава добрая, — кажа Гарошак, павесялеўшы, — цяпер жа, тата, пайду сястру шукаць.

Доўга не думаючы, узяў Гарошак сваю булаву і пайшоў проста да змея.

Пачуў змей вялікую сілу. Выскачыў на дарогу насустрач Гарошку. Зірнулі яны адзін на аднаго і маўчаць, як бы напужаліся адзін аднаго. Недалёка і Ясаня стаіць. Гарошак здагадаўся, што гэта сястра яго.

Нарэшце кажа змей Гарошку:

— Хадзем, браце, зʼямо трохі бобу.

Пайшлі ў палац, садзяцца за жалезныя столікі. Як толькі сеў Гарошак на свой столік, дык гэты столік так і пасыпаўся. Здзівіўся змей і яшчэ больш спалохаўся. Падаў госцю другі столік, яшчэ мацнейшы. Але і той сагнуўся пад Гарошкам. Пачалі есці жалезны боб. Елі, пакуль усяго не зʼелі.

Змей аж пачырванеў, так яму моташна стала, што знайшоўся чалавек, яшчэ дужэйшы за яго. Круціўся ён, круціўся, а потым кажа:

— Хадзем, брат, агледзім маё багацце.

— Хадзем.

Прыходзяць у гумно. Гумно вялікае. Ад сцяны сцяны не ўбачыш. Ток выкладзен меддзю. Страха на жалезныя слупы апіраецца. А на гэтых слупах вісяць два чалавекі, даўно нежывыя.

— Што гэта за людзі ў цябе вісяць? — пытае Гарошак.

— Браты маёй жонкі, — адказвае змей.

Затросся Гарошак ад злосці і гневу.

— Ах ты, паганец, змяіная твая душа! То ж ты маіх братоў павешаў! — загрымеў Гарошак ды як хапіў рукамі змея, як здушыў яго ды як стукнуў, дык змей па пояс уляцеў у медны ток. Схапіў тады Гарошак сваю даўбешку ды як чахнуў змея па пераносіцы, дык той увесь юхаю заліўся. Трэснуў яшчэ раз па галаве, і дух з яго вон.

Вярнуўся Гарошак дадому і сястру прывёў.

[1940]


[1940]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7