epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Горад і вёска

(Dubia)

Бог хоць раз прывёў Гаўрылу

Ў вяліком горадзе пабыць,

Але вёскі сваёй мілай

Не магу ніяк забыць!..

Як я даўно не пабачу

Сваю хату, поле, луг,

Жаль агорне, чуць не плачу,

Тут я целам, там мой дух.

Там табе усё знаёмо:

Свой парадак, свой народ.

Не, нідзе не лепш, як дома:

Тут дзень пройдзе, як там год.

Дасць Бог свято, ў цэркаў сходзіш,

Потым ляжаш, аддыхнеш,

Пойдзеш ў поле, там пабродзіш,

Неяк аж ажывеш.

Ну і горад, ступа нейка,

Што у нас куцю таўкуць:

Ашаломяць чалавека,

Спаць уночы не даюць.

Колькі шуму, колькі груку!

Я дзіўлюся, як тут жыць,

Па каменям, гэтым бруку

За грахі адны хадзіць.

Нешта з тыдзень я тут шляўся,

Можа й боты патаптаў,

А чаго, каб хто спытаўся —

Так сабе ваіжаваў.

Раз ў ціяцер зацясаўся,

На білет два злоты даў,

Толькі злосці там набраўся:

Я б тых баб павыганяў!..

Нейкіх цацак начапляюць...

А як скачуць — дзе іх стыд!

Хто іх знае, што спяваюць;

Ну, каб быў тут наш Дзямід!..

Выйдуць, трохі памармычуць,

Што і чорт не разбярэ,

А ўсе рады, йшчэ іх клічуць,

Просто злосць на ўсіх бярэ.

Як пакажуць ногу босу,

Дак не знаюць, як крычаць.

Я б пабіў на іх атосу —

Паказаў бы, як скакаць.

Толькі раз было там хвацко.

Вышаў просты чалавек,

Такі смешны, як наш Яцько, —

Паздароў яго Бог век, —

А як глянуў, засмяяўся,

Каб яго паралюш ўзяў.

А скакаць як ён збіраўся:

Проста бокі падарваць.

Ў сад паглядзіш — ўсе пансікі,

Ўсе панэ да панічэ.

Ходзяць гэтак памаленьку —

Абібокі, таўкачэ.

Вот касіць каб іх заправіў,

Альбо серп у рукі даў,

Да ў жывот картофлю ўправіў —

Вот бы ён другі пазухаваў!

Каб скарэй адно дадому!

Не, папраўдзі не маню,

Закажу я і ліхому

Ездзіць ў гэту таўкатню.

 

[1898–1902]


[1898-1902]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910