З нашым шчасцем-доляй
Выйсці ў людзі брыдка...
А бадай ты спрахла,
Гэтакая жытка!
Засадзілі ў клетку,
Волю адабралі,
Вобраз чалавечы
Ў гразь яны ўтапталі.
Лічыш дні і тыдні —
Горка ты, няволя!
А каб ты прапала,
Гэтакая доля!
І марнееш сам ты,
Траціш марна годы,
Хочацца прастору,
Хочацца свабоды.
Эх, жыццё, жыццё ты!
Ночка ты, нянасце!
А каб ты ж згарэла,
Гэтакае шчасце!
Але пачакайце,
Помніце, псякосці!
Эх, прыпомнім крыўды
Мы вам, ягамосці!
[1909]