epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Гудзе зямля, дрыжаць лясы..."

* * *

 

Гудзе зямля, дрыжаць лясы,

Гамоняць гулка далі,

І поўняць неба галасы

Крылатай, звонкай сталі.

Грыміць, шуміць, як ураган,

Зямлі раскутай сіла.

Акрыла ноч варожы стан

        І дзверы зачыніла.

Звініць прастор і гнецца дол —

        Грукочуць танкаў лавы.

У прах упаў навек арол

І дзюб свой сцяў крывавы.

Няма граніц, няма паноў —

Сышло іх панаванне :

Збуцвеўшы лад былых вякоў

З магілы не паўстане.

Над стомленай краінай сцяг

Агнём Крамля палае,

Струменіць бляск на родны гмах

        Дзянніца маладая.

Імкнуць палкі, ідуць байцы

Чырвонай слаўнай раці,

Свабоду, мір, як іх ганцы,

Прыносяць кожнай хаце.

Шчаслівы люд глядзіць услед

Байцам дзівоснай складкі :

Такіх байцоў не бачыў свет!

І плешча ім у ладкі.

 

3/Х 1939


03.10.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945