epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Гусі

Гэта была чарада звычайных свойскіх гусей. А калі і зачалася аб іх гутарка, дык толькі таму, што яны мелі адно незвычайнае жаданне, якога не было ў іншых свойскіх гусей. Можа, яно і было, але не так выразна выяўлялася.

Тая рака, што цякла тут, была па справядлівасці царыцаю рэк. Такога мноства вады, такой сілы яе імкнення, такіх глыбінь і страшных цёмных віроў, дзе кіпела, бурліла, дрыжала і ўздымалася шырокімі клубкамі вада, не мела ні адна рака.

І самыя берагі гэтай ракі былі такія прыгожыя, такія разнастайныя, што ад іх трудна было адвесці вочы. Высокія адвечныя горы націскалі то з аднаго, то з другога берага, раскрываючы свае рознакаляровыя схілы, і адбіваліся ў бліскучым люстры. Шырокія лугі таксама падыходзілі да ракі, рассцілаючы пышныя дываны, сатканыя сонцам з самых тонкіх траў і з самых прыгожых красак.

А лес! Не налюбавацца гэтым лесам! Высокі, густы, сакавіты, поўны радасці, смеючыся тысячамі смехаў, які блукаў і на яго камлях, і на яго галінах, і на кожным лісціку, стаяў ён воддаль, побач з ракою, расступаючыся перад ёю, як перад красуняю, і пачціва звешваў над ёю жывую зялёную павець. І была ў гэтага лесу нейкая мара, поўная хараства, нейкая патайная думка, поўная чараў, і нейкае невыразнае чаканне чагось вельмі важнага і значнага. Гэтае жаданне, здавалася, выявіўшыся, магло змяніць зусім увесь лад гэтага жыцця.

Але не адвечнымі гарамі, прыкрытымі тонкаю намёткаю сіняватага туману, не пышнымі дыванамі зялёных лугоў і не чароўным лесам, што цёмнымі зграбнымі дужкамі, бы чорныя дзявочыя бровы, бег ад рэчкі кудысь да небасхілу, — не гэтым цікавілася гусіная чарада, не ў гэтым было імкненне, якое запаўняла гусіную істоту. Далёка на рэчцы быў зялёны прыемны астравок: туды хацелі дайсці гусі, туды ляцела іх душа, там былі іх думкі, жаданні.

Але пакрыўдзіла прырода гусей: не дала лёгкіх і здольных крылляў, каб перанесціся праз тыя парогі, што стаялі на дарозе і якіх не маглі пераступіць іх няўклюдныя ногі.

Востраў з трох бакоў быў абгароджаны такімі густымі пераплеценымі лозамі, што праз іх нельга было гусям праціснуць сваё дзябёлае цела.

І часта чарада гусей, спатыкаючыся з другімі гусямі, заводзіла гутаркі пра той павабны востраў і пра тыя дарогі, ідучы па якіх можна было б дасягнуць яго.

І казалі другія гусі, што ніяк не дабрацца ім да гэтага вострава, бо трэба ўзляцець у паветра або плысці па вадзе. Бяда была ў тым, што гэтыя гусі лятаць не майстры, а плаваць хоць і ўмелі, але супраць вады на такой быстрыні, як тут, усё роўна да вострава не даплывуць.

— А што рабіць? — пыталі першыя гусі.

— Трэба выбраць час, — адказвалі другія.

Першыя гусі не згаджаліся, і доўгая спрэчка ішла між імі.

— Вы пачакайце, — казалі другія гусі, — за нас будуць рабіць, нам будуць дапамагаць іншыя сілы на зямлі: чалавек, вецер і дождж. Чалавек працярэбіць сцежкі праз лозы, вецер павыдзімае зрывістыя схілы гор, дождж іх размые, і рэчка таксама нам будзе памагаць. Размыўшы берагі, яна пакоціцца спакайней, а дождж прамые глыбокі жолаб у гарах: тады і можна будзе дайсці да рэчкі, тады можна будзе плысці і супраць вады.

— Вы — кепскія гусі, бо не маеце тых вялікіх жаданняў, якія дадаюць сілы нам. Вы залішне заплылі салам, і вам наогул страшна ўсякая барацьба, усякае змаганне. Вы — мяшчанскія гусі. Нам цяжка толькі ўсплыць на рэчку, але мы знойдзем да яе дарогу.

— Знойдзеце! Знойдзеце! — прашумеў вецер.

І нагнаў вецер на неба калматыя вялізарныя клубкі цёмных хмар, узброіла іх сонца маланкамі і громамі, і густа звіслі яны над зямлёю. І патокі дажджу рынуліся наніз. Прайшла навальніца. Раўла і гудзела вада, разрываючы зямлю, і пралажыла яна дарогу да рэчкі.

Кінуліся гусі на гэтую дарогу, радасным крыкам вітаюць яны гняўлівую рэчку. Выплылі гусі на сярэдзіну. Павабны астравок вось-вось перад імі. З сярэдзіны рэчкі ён выглядае яшчэ прыемней, яшчэ павабней.

І сіла, незвычайная сіла зʼявілася ў смелых гусей. Як спружыны, ходзяць чырвоныя іх лапы, як вастрагруды човен, рэжа іх цела ваду. А востраў так горне, так прыцягае іх жаданні! І нічога не гавораць між сабою гусі, адно ў іх імкненне — даплысці да вострава. Але далёка-далёка яшчэ гэты востраў.

Плывуць гусі, упіраюцца лапамі ў ваду.

— Глядзіце! Ці не здаецца вам, гусі, што востраў нібы стаў далей ад нас? — спытала адна гусь.

— Маўчы! — сказаў гусак, што вёў усю чараду. — Без змагання і няўдач нічога не даецца на свеце.

Трывога і сумненне закраліся ў гусіныя сэрцы, і пачулі гусі, што сілы бракуе ім і што не ўперад плывуць яны, а назад.

Загергаталі гусі прарэзлівымі галасамі:

— Няма ў нас сілы адолець раку.

— Глядзіце, глядзіце! Востраў усё далей ад нас.

З сярэдзіны рэчкі падаліся гусі на бераг, каля берага яны шукаюць дарог. А там падхапілі іх віры. І не могуць гусі даплысці, дасягнуць жаданай мэты і на бераг не могуць узысці.

Думалі гусі, што справа іх прапала. Але змаганне загартавала іх сілы. Акрэплі іх крыллі, і лёгкім стала іх цела. Махнулі крыллямі гусі, срэбраныя пырскі над рэчкай узвіліся, і паляцелі смелыя гусі на той жаданы, на той недасяжны востраў.

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7