epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Гусі

Зоры далёкія, зоры бліскучыя

Ціха гараць над зямлёй.

Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя

Льюцца вячэрняй парой.

 

З поўначы-холаду, сівера бурнага

Гусі на поўдзень ляцяць,

З неба далёкага, стэпу лазурнага

Смутна прашчанне крычаць.

 

Дзікія гусанькі, птушачкі вольныя,

Веснікі скорай зімы!

Хочацца з вамі мне ў стэпы прасторныя,

К свету і сонцу ад цьмы.

 

Толькі ж падрэзаны крыллі свабодныя:

Моцна пільнуюць мяне

Дзверы акутыя, сцены халодныя,

Краты жалеза ў акне.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910