Стаміўся ты, дружа, знямог
І выбіўся з сіл.
Ты шмат перамераў дарог
Між пустак, магіл.
Ішлі поруч ночы і дні,
Шумелі вятры,
І вабілі зорак агні
І лесу шатры.
І песні ліліся наўкруг,
Разносячы сум,
І сам ты, закуты ў ланцуг,
Піў сок горкіх дум.
Снаваліся мары і сны
І ткаліся ў ткань, —
Прывабныя чары вясны
Ў юнацкую рань...
Прайшоў ты вялікі разлог —
Прысядзь, адпачынь:
Наперадзе многа дарог
І шмат далячынь.
Мінуліся ночы, імгла,
І сум былы змоўк.
Другая дарога лягла,
Як золак, як шоўк.
Зірні на яе — шырыня,
Бясконцы блакіт!..
Сядлай жа ў дарогу каня.
Дзе меч твой і шчыт?
13/ХІ 1937