epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Іспанскаму народу

Як многа забітых — нявінных ахвяр!

У грудзях пылае нянавісці жар...

Я вогнішчы бачу папаленых сёл,

Гарачаю кроўю напоены дол.

Я чую гудзенне драпежных машын,

Я чую стагнанне дзяцей і жанчын.

І трупы забітых стаяць у вачах,

І помста на твары, ў знямелых руках.

Я бачу, як цешыцца рымскі мяснік,

Як выскаліў зубы берлінскі разнік,

Як плешча ў ладошкі ім лорд Чэмберлен,

Як важыць здабыткі банкірскі бязмен,

Як цені пускае, разводзячы блуд,

Герой «неўмяшання», двурушны Плімут.

Я бачу, як збоку міністар-француз

Стаіць, паглядае на наглы саюз, —

Што душыць свабоду фашысцкі бандыт,

Што цяжка ступае на горла капыт!

Такога бяздушша нідзе не было.

Так подла яшчэ не тварылася зло...

Я сэрцам з табою, іспанскі народ!

Я веру з табою — час пройдзе нягод.

Твой сцяг перамогі ўзаўецца ўгары,

Як сонечны промень у кудрах зары.

Геройства тваё не пагасне ў вяках,

А тупасць забойцаў утопчацца ў прах.

 

[1938]


[1938]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938