epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Я кожан год свой дзень радзінаў..."

* * *

 

Я кожан год свой дзень радзінаў

Прывык ў раздумʼі ўспамінаць.

Якіх праяў, якіх навінаў

На год мне новы пажадаць?

 

А я б хацеў, каб год мой новы

Вярнуў мяне ў мой родны кут,

На Нёман светлы, ў лес хваёвы,

У тыя вёскі, дзе наш люд.

 

Дабрэйшы ў свеце, лямку цягне,

Не змогшы крыўды зваяваць,

І лепшых дзён і волі прагне,

Ярэмʼі тыя паскідаць,

 

Што ім чужынцы з сваякамі

Уздзець маніліся даўно,

І засланялі ім вякамі

Ад свету белага вакно...

 

Дык дай жа мне, мой год малоды,

Мой бацькаў вугал павітаць,

А гэты край рыжабароды

У думках толькі ўспамінаць.

 

22/Х 1918


22.10.1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938