epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Я малюся сонцу

Алесі К.-Я.

Я маліўся ветру шчыра,

Каб не гнаў ён хмар дажджлівых

Над хацінай, дзе Алеся

Кут знайшла свой сіратлівы,

 

Над хацінкай непакрытай,

Дзе папера замест столі,

Дзе Алеська гора мела,

Воду носячы ў падоле.

 

Не паслухаў мяне вецер.

        Я да сонца шлю маленне.

Пашкадуй Алесю, сонца,

Дай ты ёй заспакаенне,

 

Дай Парфёнаву Мацею

Час, каб дах той накрыць толем.

Я малюся, аж пацею

І страхі чакаю з болем.

 

21/VI 1946


21.06.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4