Я не знаю сам, браточкі,
Чаму мне так мілы
Буры, плач асенняй ночкі,
Спеў яе пастылы,
Лесу гоман, гуд нястройны,
Шум лазы ў балоце,
Баязлівы, неспакойны
Шолах у чароце.
Я не знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны клік у родных горах,
Вербак рад крывенькіх.
Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што у лузе адзінока
Сохне-умірае;
Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы;
І той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы,
Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пясчаны,
Дзе чыесьці косці тлеюць,
Чыйсьці прах схаваны...
Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Вобразаў пакуты!
[1909]