epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Я зачыню наглуха ў сэрца дзверы..."

* * *

 

Я зачыню наглуха ў сэрца дзверы

І волі звадлівым пачуццям больш не дам –

Няхай загоіцца хоць той глыбокі шрам,

Што болямі, пакутамі прамерыў.

 

І позіркам падступным і ліслівым,

І словам, голасу салодкім, як мядок,

Не вер, мой друг, не вер ты ім, браток, —

Надуманы іх чары і парывы.

 

Спадае жар у прохладзі змяркання.

Дык цвёрда памятай, у мыслях май адно:

Ты верас выцвіўшы, паблеклае руно,

І шчырага не стрэнеш ты кахання.

 

20/ХІ 1945


20.11.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945