epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Я жыву

Вільготны змрок спаўзае на лугі,

І гасне захаду журботная усмешка.

Паволі ноч у полагу смугі

Зямлі і неба засціць берагі

І туліцца ў траве знямелага узмежка.

 

Так боязна знікае краявід,

Хаваецца ў імгле пад наміткай цямранай.

Разложыстых дубоў шырокі шчыт

Маўклівасцю трывожна апавіт,

І вее парнасцю над стомленай палянай.

 

Прыцішыўся спалоханы абшар,

І толькі птушка дзесь скаголіць на балоце.

А з поўдзеня ўстае грамада хмар,

Паблісквае клубясты іх гушчар,

Гарыць і грозіцца ў агністай пазалоце.

Такі спакой вакол, і трудна мне

Адвесці зрок ад хмар, дзе ўспыхваюць зарніцы,

Як быццам там, у нейкім цёмным дне,

Хтось збудзіцца на міг, на свет зірне

Прываблівым узлётам таямніцы.

 

Я зачарованы маўчу, стаю

У чарах цішыні і чарамі сагрэты,

І ў тон адзін з зямлёю я пяю,

І кожны міг сябе я пазнаю

Часцінкай злітаю вялікага сусвету.

 

2/ХІ 1937


02.11.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938