* * *
Як хацеў бы я
Па палях прайсці
І упіцца іх
Пахам, росамі,
Паглядзець, зірнуць,
Як жыты растуць,
Як калосікі
Наліваюцца!
Я хацеў бы знаць,
Як аплаціцца
Праца трудная
Рук мазолістых,
Як багаты рост
Ярыны ў палях,
Селянін-ральнік
Повен дум якіх?
Ці ён смуціцца,
Пазіраючы,
Што труды яго
Так марнуюцца?
Ці ён цешыцца,
Ў полі ходзячы
Па мяжах, жытах
У святы дзянёк,
І пад шум хлябоў
Ціха моліцца,
Каб дазволіў Бог
Ураджай сабраць
І каб бура-град
З навальніцаю
Не пашкодзіла
Працы радасці?
Толькі ж мне няма
Светлай волечкі.
І з турмы ніяк
Мне не вырвацца.
23/VI 1910