epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Як пеўнік ратаваў курачку

 

Жылі-былі пеўнік з куркаю. Пеўнік хадзіў жыраваць на гарохавішча, а курка на бабовішча. Пеўнік гарох збіраў і гарохам сілкаваўся, і бяды з ім ніякай не здаралася, а курка дзеўбанула раз бабовінку і ўдавілася. Прыбег пеўнік курку ратаваць і рады даць не можа.

Пабег ён да мора вады прасіць.

— Мора, мора, дай вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

Кажа мора:

— Ідзі да япручка, няхай дасць ікла.

Прыбег пеўнік да япручка.

— Япручок, япручок, дай ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

А япручок кажа:

— Ідзі да дуба, няхай дасць жолуда, прынясі мне яго, тады я дам ікол. Пабег пеўнік да дуба.

— Дубе, дубе, дай жолуд.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

— Ідзі да ліпы, няхай дасць мне пояс.

Пабег пеўнік да ліпы.

— Ліпа, ліпа, дай пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

А ліпа кажа:

— Ідзі да дзяўчат, няхай дзяўчаты саўюць мне вянок, тады дам паясок.

Пабег пеўнік да дзяўчатак.

— Дзяўчаткі, дзяўчаткі, спляціце вянок.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

— Ідзі, пеўнік, да пастухоў, няхай пастухі дадуць нам малака. Як падʼямо малака, тады саўём вянок.

Пабег пеўнік-небарака да пастухоў. Прыбег і кажа:

— Пастухі, пастухі, дайце малака.

— Нашто малако?

— Дзяўчатам малако, каб дзяўчаты вянок звілі.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

— Ідзі, пеўнік, да касцоў, няхай касцы накосяць сена.

Пабег пеўнік да касцоў на балота.

— Касцы, касцы, дайце сена.

— Нашто сена?

— Каровам сена, каб каровы далі малака.

— Нашто малако?

— Дзяўчатам малако, каб дзяўчаты вянок звілі.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

А касцы кажуць:

— Бяжы, пеўнік, да аратага, няхай араты дасць хлеба: як падʼямо хлеба, тады накосім сена.

Пабег пеўнік да аратага.

— Араты, араты, дай хлеба.

— Нашто хлеб?

— Касцам хлеб, каб касцы накасілі сена.

— Нашто сена?

— Каровам сена, каб каровы далі малака.

— Нашто малако?

— Дзяўчатам малако, каб дзяўчаты вянок звілі.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

— Бяжы, пеўнік, да каваля, няхай каваль нож зробіць, бо нечым хлеба адкроіць.

Памчаўся пеўнік да каваля.

— Каваль, каваль, дай нажа.

— Нашто нож?

— Аратаму нож, араты хлеба адкроіць.

— Нашто хлеб?

— Касцам хлеб, каб касцы, падʼеўшы, сена накасілі.

— Нашто сена?

— Каровам сена, каб каровы малака далі.

— Нашто малако?

— Дзяўчатам малако, каб дзяўчаты вянок звілі.

— Нашто вянок?

— Ліпе вянок, каб ліпа дала пояс.

— Нашто пояс?

— Дубу пояс, каб дуб даў жолуда.

— Нашто жолуд?

— Япручку жолуд, каб япручок даў ікла.

— Нашто ікол?

— Мору ікол, каб мора дало вады.

— Нашто вада?

— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — ні сапне, ні дыхне.

Зрабіў каваль нож і даў пеўніку.

Бяжыць пеўнік з нажом да аратага.

Араты адрэзаў хлеба. Касцы наеліся хлеба, травы накасілі. Кароўкі, наеўшыся сена, малачка далі. Дзяўчаты напіліся малака, вянок звілі. Ліпа, узяўшы вянок, пояс дала. Дуб, дастаўшы пояс падпяразвацца, даў жолуда. Япручок, зʼеўшы жолуд, ікол даў. Мора, узяўшы ікол, вады дало.

Бяжыць пеўнік з вадою на бабовішча.

Паглядзеў, аж ад куркі адны толькі костачкі засталіся.

На гэтым і байка ўся. Зарэзала баба гуся. Баечніку дала кумпячок, а слухачу — трыбушок.

[1928]


[1928]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7