epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Як выдумляюцца страхі

Вёска Лосеўка стаяла меж лесу і балот. Лес цягнуўся ўкруг вёскі цесным колам. Сама вёска дзялілася на дзве часці. Меншая часць вёскі, Сяльцо, стаяла ад самой вёскі чуць не на вярсту. Дарога, каторая шла з вёскі ў Сяльцо, прахадзіла памеж могілак і карчмы. Старая аграмадная карчма, каторых так часта можна ўбачыць яшчэ і цяпер на Палессі, стаяла на сярэдзіне дарогі з вёскі ў Сяльцо. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі, цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі, каторыя, як частакол, густа тырчалі адзін каля аднаго. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з двума ці трыма зялёнымі клёнамі і некалькімі хвоямі, таўстымі, развесістымі; карчма з гнілою абросшаю мохам стрэхаю рабілі ўсё мейсца страшным і дзікім.

З Сяльца ў вёску раз уночы ішла баба. Як толькі падышла яна пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта сава ці пугач свістаў у гнілой капліцы. Узяла баба падол у зубы ды такога задала лататы, што яе і з сабакамі не злавіў бы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя цёмныя людзі і ўпраўду сталі што-небудзь чуць або бачыць, як здарывалася каму ісці аднаму ўночы меж карчмы і могілак, хоць там і нічога не было.

Страхі найчасцей здарываюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апроч таго, нас яшчэ маленькіх страшаць цемнатою, усякімі дзедамі з торбамі, каторыя, быццам, бяруць нягодных плаксівых дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас саміх, у нашу душу засяваецца зерне страху, ад каторага чалавеку потым трудна аслабаніцца. Непанятнае і страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы не знаем. Болей навукі – меней страху.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5