epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Якую карысць прыносяць нам птушкі

Гуляў вучыцель з сваімі вучнямі ў полі. Выйшаўшы з душнае школы на прыволле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адзін аднаго. Іх маладыя галасы радасна разліваліся ў полі.

Вось адзін вучань спужаў птушку. Ён падняў ужо камень, каб шпурнуць ім у яе. У яго не было ні злосці, ні жадання забіць бедную птушачку, а проста так хацеў кінуць каменем, бо рукі свярбелі, і магло стацца, што камень гэты папаў бы ў нявіннае Божае стварэнне. Вучыцель заўважыў і стрымаў вучня.

– Кінь камень! – сказаў вучыцель.

Вучань кінуў камень на зямлю.

– Ну, а цяпер ты скажы нам, за што ты хацеў забіць птушачку?

Вучань маўчаў, апусціўшы вочы. Ён і сам не мог растлумачыць сабе, за што ён хацеў забіць птушку.

– Птушкі – нашы добрыя прыяцелі, – сказаў вучыцель, – і не ганяць і біць іх трэба, а трэба старацца даць ім прытулак, апеку, любіць іх. Птушкі бароняць нашы сады, поле, гаі, лясы ад шкодных чарвей і мошак. Каб не было птушак, то развялося б так многа чарвей і мошак, што ад іх пагінула б уся праца гаспадара. Ці за гэта трэба ганяць і зніштажаць птушак?

А колькі ажыўлення і хараства прыдаюць яны нашай прыродзе? Успомніце, як ахвотне вы слухаеце вясною дзіўную песню салаўя, як заліваецца ён у ціхі, цёплы вечар вясны ў кустах над ручайком; срэбраныя трэлі жаваранка ў высокім небе, мілы шчэбет ластаўкі, чыліканне ўсякіх птушак, ад каторых гамоніць кожны кусцік, гай і лес.

Кожны з вас, дзеці, любіць жыццё, і яго трэба любіць, бо гэта любоў скрашывае чалавеку самыя цяжкія і трудныя мінуты яго жыцця. Не толькі чалавек, а і птушка, і ўсякае Божае стварэнне мае гэту любоў, усім роўна хочацца жыць на свеце і ўзяць ад жыцця і радасць, і гора, і ўсё тое, з чым спатыкае яно кожнага. Чалавек – тое ж Божае стварэнне, толькі самае разумнае меж усімі, і кожнае стварэнне мае такое ж права на жыццё, як чалавек. І той чалавек, каторы адбірае права гэта ад другіх, уніжае сам сябе. Дык не адбірайце ж, дзеці, таго права, каторае дано і вам, і іншаму стварэнню Божага свету. Ніколі не марнуйце чужога жыцця і шчасця.

Старайцеся вучыцца не толькі ў школе па кнізе, а вучыцеся і па кнізе Божае прыроды, каб знайсці сваё месца меж другіх Божых твораў, – закончыў сваю мову вучыцель.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5