epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Янку Купалу

Узышоў юнак калісьці

На пагорак роднай вёскі.

Калыхаўся сум у лісці,

Млелі песень адгалоскі.

А ў разлогах далеч сініх

Летуцення ніклі межы,

Слаўся смутак па даліне

Ды туманам лес мярэжыў.

 

Крыж пануры, знак пакуты,

Вартаваў дарогі, гоні,

А мужык, худы, разуты,

Рукі з гора клаў на скроні.

 

Убіраў юнак у сэрца

Зʼяў тых сумныя акорды,

Каб у вочы крыважэрцам

Кінуць слова гневу цвёрда.

 

Клікаў ён народ свой к волі,

Сеяў зерні поўнай жменяй,

Каб дабра яму даць болей,

А каб крыўды стала меней.

 

І складаў ён песні-былі

Для раздумʼя і для ўцехі

Тым, каго здавён тулілі

У хібарках цёмных стрэхі.

 

Падымаў ён песняй ролі,

Будзіў песняй сон зацяты;

Іх спяваў пастух у полі,

Маладзіцы і дзяўчаты.

 

Шмат пуцін схадзіў ён з песняй,

Звонкай, яркай, як дзень ясны,

Ды ў імгле было прадвесне,

Цьмяны шлях быў яму ўласны.

 

Толькі бура-навальніца,

Гімн, што Леніным быў спеты,

Ясназорай бліскавіцай

Асвяціла зрок паэта.

 

Трон упаў. У прах тыраны

Тою бурай былі змяты.

Новы дзень, усход румяны

Гэтым гімнам быў зачаты.

Дык складай жа, пясняр, далей

Песні сонечным краінам,

Вольным людзям грознай сталі,

Іх узлётам сакаліным.

 

Дзень наш сённяшні — прасторы,

Зорны шлях прыгожай былі,

Тая казка, аб каторай

Людзі толькі цьмяна снілі.

 

Ідуць шляхам тым героі,

Каб здабыць працоўным славу,

І свет цалкам перакроіць,

І зрабіць камуны справу.

 

20/ХІ 1935


20.11.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938