epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Каля возера ўночы

Ціхі сон ночы вее над зямлёю. Заснула поле пад чорнаю посцілкаю цьмы. Стары лес перастаў хістацца і махаць касматымі лапамі, стаіць, як заварожаны, па краях поля і дрэмле на месяцы. Хаты зліліся пад адзін чорны плех і патанулі ў цемнаце. Ціха і спакойна!..

Люблю я ў гэтакую ночку выйсці адзін на бераг возера, стаць на грэблі каля млына і прыгледзецца да хараства летняе ночы, прыслухацца да яе цішы. Круглы, блішчасты месяц высока стаіць на небе і лье свой бледны, маркотны свет на сонную зямлю і глядзіцца ў спакойнай вадзе возера. А гладкае, блішчастае возера люстрам ззяе на месяцы, і ціха, спакойна, чуць-чуць дрыжаць яго маршчынкі, маленькія хвалі, на бледным блеску месяца. Тысячы зорак любуюцца ў ім, дрыжаць, пераліваюцца, як каплі расы пры ўсходзе сонца. Па краях возера разрасліся высокія балотныя травы: аер, чарот, асака. За імі чуць-чуць выразаюцца з цемнаты чорныя фігуры алешын і старых дуплістых верб. Роўны, спакойны, усю ноч несціхаючы шум вады, каторая сочыцца праз шчыліны заставаў, навявае пакой на душу. Стары млын з цяжкімі коламі, здаецца, заслухаўся шумам незлічоных капель і адзінока стаіць над вадою і блішчыць на месяцы сваімі маленькімі аконцамі, запыленымі мукою. Ціха! Толькі часамі плюхае рыбка, і маленькія хвалькі пабягуць адна за адною маленькімі абручыкамі і расплывуцца па возеры, не дайшоўшы да берага...

Ёсць нешта дзіўнае і важнае ў гэтым спакоі летняй ночы, чаго высказаць не можа беднае слова чалавека. Толькі сэрца бʼецца лёгка і спакойна, і няма ў ім мейсца для трывогі, для клапатлівых думак буднага жыцця...

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5