epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Калядны вечар

* * *
* * *
* * *


Здаецца, сам свет гатовіўся як можна лепш сустрэць Калядны вечар.

Было ціха. Над белай зямлёй звіслі бясформенныя сівыя хмары. Лес перастаў хістацца, маўчаў, закрыўшыся белым інеем, усё роўна як узлажыў к святу чыстую кашулю. А стройныя елкі падымалі свае галовы высока над другімі дрэвамі, і вырысоўваліся ў небе іх вяршыні, як крыжыкі, як вежы цэркваў.

За дзень перад Куццёю ляснік Тарас яшчэ досвіту ехаў гасцінцам у горад Н. Кожны год даводзілася яму ездзіць перад Калядамі ў замак. Гэта язда падабалася Тарасу: яго пасылалі, як растаропнага служаку, а ў замку яго зналі ўсе паны і любілі. А самае важнае тое, што Тарас возьме з горада свайго сына, Паўлюка, які апошні год вучыўся ў семінарыі. Паўлюк – гордасць Тараса, прычына людской зайздрасці.

Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі, каб не так сцішна было аднаму ў полі і каб не вазіцца з курэннем на холадзе. У палукашку ў санях ляжала штук пятнаццаць зайцаў, рыба, сушаныя грыбы. Гэта – гасцінец на Куццю замкавым панам ад пана ляснічага.

 

 

* * *

 

Тарасава пасада стаяла каля самага лесу, што цягнуўся, як падкова, роўным паўкругам. Тут жа каля хаты цякла рэчка-крыніца. Толькі самыя траскучыя маразы засцілалі яе пялёнкаю лёду.

Цяпер у Тарасавай хаце кіпела работа, – гатовіліся да свята, да каляднага вечара, таго вечара, якога так нецярпліва чакаюць дзеці і які так многа прыносіць радаснага ў шэрае жыццё простага чалавека.

Два старэйшыя Тарасавы сыны – а яны ўжо былі праўдзівыя дзецюкі – уходжваліся на дварэ: загатаўлялі каровам трасянку, секлі і пілавалі дровы. А іх дзядзька, Андрэй, меншы Тарасаў брат, залажыўшы сякерку за пояс, пайшоў трэсці свае кошыкі. Андрэй быў заўзяты рыбак.

А самая важная работа ішла ў хаце. Сягоння Кася раней запаліла ў печы. Белаваты дымок роўна падымаўся ўгару і расплываўся высока ў ціхім марозным паветры. Каля печы стаяў ужо заслон, накрыты чыстым настольнікам. На адным яго канцы стаяла ражка з цестам. Скавароды весела брынчалі па прыпеку, і мяккія гарачыя аладкі кідаліся, як ігрушы, спрытнаю рукою Касі. Уся лава проці печы была застаўлена міскамі, гарнушкамі, гаршкамі з усякімі прыпасамі для вячэры.

Пачынала змяркацца.

У покуце на сене ўжо важна стаяў гаршчок з куццёю. Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Дзядзька засеў брыцца. Малыя даўно памыліся, прыбраліся і гатовы былі сесці за стол.

У хаце было ціха. Усе стараліся трымаць сябе як можна прыстойней. Нават гарбуз Міхась трымаўся, як сталы чалавек.

Невялічкая лямпачка, вісячы над сталом, надавала хаце нешта незвычайнае і новае.

Вясёлы вечар! Усе нецярпліва чакалі Тараса і Паўлюка, асабліва Паўлюка. Такі ён быў слаўны хлопец! Дый бачылі яго даўно – паўгода, дзякуй Богу, прайшло ўжо, як Паўлюка не было дома.

 

 

* * *

 

– Міхась! Міхась! Хадзі сюды! – падклікаў да сябе Пятрусь Міхася.

Два браты, самыя меншыя Тарасавы сыны, выбіралі цёмны куток і пачыналі весці гутарку.

– Ну, дзе, ты думаеш, цяпер Каляды? – пытаўся Пятрусь.

– Дзе ж? – адказаў, не думаючы, Міхась. – У Мінску. За гадзіну і да нас прыйдуць.

– Ото дурань! Ці ж можна за гадзіну прыйсці з Мінска.

– Дык яны на машыне прыедуць, – не здаваўся Міхась.

– Дурны ты! Каляды ж нежывыя. Дзень такі – Каляды, свята, – тлумачыў Пятрусь Міхасю.

Тут гутарка на хвіліну абрывалася.

– Зараз прыедзе тата з Паўлюком, – пачынаў Міхась, як бы гаворачы сам з сабою, і яго круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.

Усе ў хаце чакалі Паўлюка і аб ім толькі і думалі. Дзядзька Андрэй зрабіў яму прыгожую шафку для кніг і прыбіў яе каля сцяны, дзе спаў Паўлюк. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Старэйшы сын, Алесь, расстараўся другую стрэльбу, каб пайсці з Паўлюком на зайцаў. А Пятрусь і Міхась вывучылі ўвесь буквар, бо Паўлюк дакляраваў ім за гэта кніжак з малюнкамі.

Міхась з Петрусём тым часам гаварылі зноў. Цяпер размова ішла аб вячэры.

– Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, – асцерагаў Міхася Пятрусь, – бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Я летась падашукаўся. Паставілі верашчаку, дык я давай хлыстаць. Потым даюць квас, ды такі смачны. Я – за квас. Далей, смажаная рыба... Вячэра яшчэ ў палавіне, а мяне ўжо хоць на пупе круці.

– А заўтра мы будзем шукаць на стале зерняты?

– А як жа? І якіх зернят больш будзе, тое збожжа налета лепш уродзіцца.

– Алесь елку нясе! – крыкнуў Міхась.

Харошанькую, зялёную, купчастую елачку паставілі каля стала.

– А ёй тут добранька: цёпла! – гаварыў ён і заліваўся вясёлым смехам.

 

* * *

 

На дварэ забрахаў стары Жук. Усе кінуліся да акна.

– Прыехалі!

Андрэй з Алесем, накінуўшы кажухі, пайшлі спатыкаць Тараса з Паўлюком...

Вось зараз адчыняцца дзверы, і на парозе пакажацца фігура Паўлюка з маленькімі, цёмнымі вусікамі і шчаслівым тварам.

Кася абцёрла хвартухом вусны. Лёгкая дрыготка прабегла па яе целе. Міхась з Петрусём палезлі на печ. Дзяўчаты стараліся ўзяць што-небудзь у рукі і цікавалі на дзверы.

– Што ж яны там кешкаюцца? – не цярпелася мацеры.

А яна ўжо некалькі разоў перад гэтым выходзіла маўчком на двор і пазірала на дарогу. Стаяла, слухала, ці не пачуе ў лесе знаёмае «но!..»

Цераз некалькі мінут у хату ўвайшоў Тарас. Вусы яго былі белыя ад марозу. Нешта смутнае прамільгнула ў думках Касі.

– А дзе Паўлюк?

Тарас быў хмурны. Было відно, што многа горкіх думак бушавала ў яго душы.

Тарас маўчаў. У хаце зрабілася нудная цішыня.

– У турме наш Паўлючок! – як стогн, вырвалася ўрэшце з грудзей Тараса.

І ў хаце стала яшчэ цішэй, яшчэ нудней...

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5