epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Калодка пчол

I
II


I

 

Тры гаспадары – Сёмка Доўба, Гілёрык Кажан і Марцін Тапчан – сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолах. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Яму першаму прыйшла ў галаву думка пра пчолы. Мужчыны доўга гаварылі і паддавалі адзін другому ахвоты. А ў гутарцы так надымілі люлькамі, што і галоў не было відаць.

– Калі Бог пахіліць на дабро, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, – гаварыў Сёмка, абціраючы цыбук проста аб халат.

– Во, гэта, – падхапіў Марцін, – дзіва, што можна! Вунь Кандрат Турэцкая Смерць пазалетась злавіў рой – цяпер ужо мае шэсць калодак.

– А вы чулі здарэнне з Таццянаю?

– Чаму не чулі, – перапынілі Гілёрыка сябры. – Дык ты думаеш, што і табе на спіну сядзе рой. Не, брат, не трэба спаць у шапку і чакаць, покі табе пчолы на спіну сядуць. Вось у нядзельку паедзем да Язэпа Гавакі і купім калодку «на кумы».

– Кажуць, у яго рука цяжкая, – заўважыў нясмела Кажан.

– Баба ты, – накінуліся на яго Сёмка з Марцінам, – верыш дурным бабскім забабонам.

– Верыць не веру, але гавораць людзі.

– Гавораць людзі! Мала што людзі гавораць! Гавораць, што Мацютава свіння хоча запісацца ў чарнасоценскі саюз рускага народа, – зрэзаў Сёмка Гілёрыка.

Познім вечарам сябры разышліся. Сёмка ўгаварыўся зрабіць козлы на вулей. Марцін узяўся садраць лубок, а Гілёрык павінен быў даць каня зʼездзіць да Гавакі па пчолы.

 

 

II

 

Асцярожна везлі мужчыны вулей. Конь ішоў памалу, хіба толькі з горкі прыбаўляў ходу і то не па сваёй ахвоце: вулей быў залішне цяжкі (Сёмка гаварыў, што сам вулей каштуе рублі два, а яны з пчоламі далі тры) і пхаў коніка. Сёмка трымаў каня за аброць, упіраўся плечуком у аглоблю, а нагамі ў зямлю і такім парадкам не даваў калёсам занадта разгуляцца. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык – з другога, і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся і каб не паадпадалі плястры з пчоламі. Драбіны былі высланы саломаю, і вулей ляжаў, як пан у вагоне першага класа, жыватом угару. Даўжнік абвязалі белаю завязкаю, а ў вочка ўваткнулі пучок кулявой саломы, каб праходзіў дух і каб не выляталі пчолы.

Марцін некалькі разоў прыкладаў вуха да вулля, каб паслухаць, як гудуць пчолы. Але там было ціха. Марцін думаў, што вулей таўсты, затым нічога і не чутно. Гілёрык таксама прыкладаў вуха да вулля з другога боку. Ён чуў як бы нейкі шум, але і сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Каб разагнаць сумненні, Гілёрык грукнуў, як тапаром, кулаком па вуллі.

– Што ты робіш? – накінуўся на яго Сёмка. – Матку ўстрывожыш, дурны ты чалавек!.. Цікавы вельмі.

Тым часам падʼехалі да самага горшага месца і спыніліся. Трэба было зʼехаць з гары. Гара была высокая, стромая. Сёмка з Марцінам пабраліся за аглоблі, а Гілёрыка пасадзілі вярхом на вулей. Гілёрык упёрся нагамі ў крайнія лёсткі, а рукамі ўшчарэпіўся за вулей, каб не зʼехаў. Калёсы наўперад ішлі ціха, а потым давай каціць барзджэй. Марцін няспрытна ступіў і паднёс сваю нагу пад конскі капыт. Ён зашыпеў ад болю, як вуж, і выпусціў аглоблю, а сам, кульгаючы і скачучы на адной назе, учапіўся за драбіны.

– Дзяржы! Дзяржы!

Гілёрык бачыў, што ад яго залежыць лёс вулля, і штосілы налёг нагамі на лёсткі. Лёсткі зламаліся, Гілёрык грукнуўся патыліцай аб вулей, аж ногі задраліся ўгару, а потым па вуллі зʼехаў на спіне і стукнуўся галавою ў конскі зад. На шчасце, воз ужо скаціўся з гары, і яны адрабіліся адным толькі страхам, калі не лічыць гуза на Гілёрыкавай патыліцы і садранай скуры на назе ў Марціна.

На Сёмкавым прыгуменні сабралася цэлая чарада народу. Тут былі мужчыны, жонкі і дзеці. У садзе ў Сёмкі – там была грушка, яблынька і дзве вішні – ужо стаялі прыгатаваныя козлы.

Суседзі памаглі зняць вулей.

– Можа калі дасцё мёду пакаштаваць, – сказаў Пятрусь Каптур, плюючы на рукі і беручыся за вулей.

– Абы Бог даў мядок быў, – сказалі «кумы».

Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень.

Тут Сёмка ўзяў рэшата, улажыў у жончыну спадніцу, абвязаў яго паскамі і, уздзеўшы на галаву, збіраўся зняць завязку з даўжніка. Усе, хто тут быў, накрылі галовы, хто чым папала. У гэты час над вухам Марціна загуў авадзень. Марцін падумаў, што пчала, і прыгнуў галаву да самай зямлі, а Гілёрык намерыўся бегчы.

– Не варушыцеся, бо пазаядаюць, – сказаў Сёмка, зняў завязку і выняў салому з вочка. Але пчол нідзе не было відаць.

– Што ж яны не лятуць? – пытаў Сёмка з трывогай і злёгку стукнуў кулаком па вуллі, прыхінуўшыся, колькі дазваляла рэшата, да вулля.

– Што за ліха? Дай, Марцін, сякеру, адчынім голавы.

Прынеслі сякеру. Сёмка выняў круг.

Усе проста так і замерлі.

– А ліха ж яго матары! – крыкнуў Сёмка, зірнуўшы ў вулей. – От, падвёў, гад, каб яму жывот падвяло! Нічога, брат, няма ў вуллі. Пусты! А бадай яму пуста было жыць!

Некаторы момант было ціха. І раптам усе зарагаталі. Маладыя хлопцы-падшывальцы давай скакаць каля Сёмкі і крычаць:

– Дай, дзядзечка, мёду!

– Трасцу ў бок! – вылаяўся Сёмка і пхнуў нагою вулей.

Козлы схіліліся, вулей грукнуў на зямлю.

– Я такі казаў вам, што ў Язэпа цяжкая рука, – весела крыкнуў Гілёрык, рады, што выйшла так, як ён казаў.

– Няхай яна адсохне яму! – прамовілі Марцін і Сёмка.

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5