epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Камень

Такіх прыгожых месцаў, як гэты куток, рэдка дзе можна знайсці. Прынамсі, так думаў даўганосы бусел, які меў тут, на старадрэвіне, пышны палац. А бусел усё ж такі трэцца па свеце, і на яго словы можна мець увагу.

Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сямʼёй, выглядалі весела, а часамі і шчасліва і гэтым самым як бы пацвярджалі, што тут і сапраўды не кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі — без гэтага не абыходзіцца ў жыцці. І хто ведае: можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.

Але самым шчаслівым жыхаром быў тут, вядома, камень — так вырашылі і згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і іншыя. І праўда, якія ні моцныя дубы, а ўсё ж іх матлашылі і сушылі вятры, паліла сонца, цяжэрныя хмары меціліся на іх залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час касавіцы па іх каранях тапталіся людзі.

Рэчка таксама пакутавала ад сушы ў сваіх берагах пад косамі гарачага сонца і агаляла пясчанае дно. Яе чыстае лона не раз заносілася смеццем, гразёю і розным брудам няпрошаных гасцей-ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі разоў даводзіцца яму, старому, перадрыжаць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, калі прыходзіў з бліскучай сякерай на плячах бязлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы і для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзнешся, стоячы на гняздзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа — моцны, як камень, маўклівы, як камень. Дык што яму тут? Ляжыць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні гарачыня яму не страшныя. Блісне сонца, дзьмухане вецер — і сухі камень, і цёпла яму.

І месца выбраў прыўдалае!

Тут і рэчка відаць, лес і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязмежным прасторы сініх нябёсаў.

А колькі жыцця навокал яго! Чарнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх і пачнуць такія гамонкі, што толькі можна пачуць увесну. Лясны жаваранак прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе ён такія прыгожыя песні, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму — і толькі! Кожнаму свая доля.

Так казалі суседзі шчаслівага каменя. Аднаго толькі не маглі сцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слоўцам не выявіў свае радасці, што вельмі ўсіх тут здзіўляла.

— Ну, што ж? Такая ўжо натура ў яго!

Але здарылася вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:

— А ведаеце, браткі, што?

— А што? — усе разам запыталі яго.

— Шчаслівы наш камень... рассыпаўся.

— Ну?!

— Не можа быць! — зашумела рэчка.

— Што ж гэта такое? — прагукаў лес.

І ўсе дзівіліся з такога здарэння.

— Ад чаго ж такое ліха прылучылася з ім?

І ніхто не ведаў, што сказаць на гэта.

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7