Такіх прыгожых месцаў, якім быў гэты куток, рэдка дзе можна знайсці. Прынамсі, так думаў даўганосы бусел, каторы меў тут, на старадрэвіне, пышны палац. А бусел усё ж такі трэцца па свеце, і на яго словы можна мець увагу.
Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям'ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасліва, і гэтым самым як бы пацвярджалі, што тут і сапраўды не кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — без гэтага не абходзіцца ў жыцці. І хто ведае: быць можа, чым часцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей пачуванне цаны жыцця, тым ясней яго светлыя моманты.
Але самым шчаслівым жыхаром быў тут, ведама, камень, — так злажылі і згадзіліся яго суседзі: рэчка, лес і другія. І праўда, як ні моцныя дубы, а ўсё ж іх матлашылі і сушылі вятры, іх паліла сонца, на іх меціліся цяжэрныя хмары залатымі стрэламі пякучых маланак, а ў час навальніцы па іх каранёх тапталіся людзі.
Таксама рэчка знывала ад сушы ў сваіх берагах пад косамі гарачага сонца і агаляла сваё няшчаснае дно. Яе чыстае лона не раз заносілася смеццем, гразёю і розным брудам няпрошаных гасцей ручаёў, што вынікалі з ласкі навальніцы. Пра лес і казаць няма чаго. Ой, колькі разоў даводзіцца яму, старому, перадрыжаць усімі жылкамі за долю сваіх сынкоў, як увойдзе сюды з бліскучай сякерай на плячах бязлітасны чалавек! Бывалі цяжкія часы і для бусла. Не патрапіш у пару вярнуцца з выраю, намерзнешся досыць, стоячы на гняздзе, і духі табе падцягне, бо дзе знойдзеш спажытак у такую сцюжу? А каменю што? Кажуць жа — моцны, як камень, і маўклівы, як камень. Дык што яму астаецца тут? Ляжаць сабе, як пан, у мяккім доле. Ні дождж, ні жар для яго не страшны. Блісне сонца, дзьмухне вецер — і сухі камень і цёпла яму.
І месца выбраў прыўдалае!
Тут і рэчка табе відаць, лес, і белыя хмаркі-гускі, што плаваюць па бязмежнаму прастору сініх небясоў.
А колькі жыцця навокал яго! Чарнабровыя плісачкі любяць крыху падурэць каля каменя, а то проста сядуць на самы яго верх і пачнуць такія гамонкі, што толькі і можна пачуць іх увесну. Лясная жаваранка прылятае сюды начаваць, і, пэўна, гэта каменю пяе яна такія прыгожыя песні, што душа замлявае. Што ж, шанцуе яму — і толькі! Кожнаму свая доля.
Так казалі суседзі шчаслівага каменя. Аднаго толькі не маглі сцяміць тутэйшыя жыхары: камень ніводным слаўцом не выявіў свае радасці, што нямала ўсіх тут здзіўляла.
— Ну, што ж? Такая ўжо натура яго!
Але здарылася тут вось якая рэч. Прылятае раз на сваё гняздо бусел ды кажа да дубоў:
— А ведаеце, браткі, што?
— А што? — усе разам запыталі яго.
— Шчаслівы наш камень... рассыпаўся.
— Ну?!
— Не можа быць! — зашумела рэчка.
— Што ж гэта такое? — прагукаў лес.
І ўсе дзівіліся такому здарэнню.
— З чаго ж такое ліха прылучылася з ім?
І ніхто не ведаў, што сказаць на гэта.