Забраўся я ў тундру, у КАМАРНЮ,
Сяджу, як цыган каля агню,
Уцехі ніякай не маю.
Пайшоў бы ў паходы – ногі не йдуць,
Навокала дзебра, немарач, жудзь –
Пакутам няма канца – краю!
Пакой выбіраў, ды, мусіць, аслеп:
Халодны ён, падла, проста, ну, склеп,
Да працы не горне, паганы!
Са столі звісае звон-абажур,
Пашыты з карычневых латак-скур,
Нібы конскі зад абадраны.
Дабром памяну я мілых кабет,
Што нам збіралі грыбы на абед –
Няхай жа ім лёгка ікнецца.
Мяне ж сюды, не – не завабіш нічым,
Бо дом адпачынку – ён мне айчым,
А вам хай шчасліва жывецца!
26/VI 1952