epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Каза ў арэхах

Пайшоў казёл з казою арэхі збіраць. Казёл шчыпле арэхі, каза падбірае. Нашчыпалі тры мяхі, а чацвёрты шалухі.

— Ну, каза, дамоў пойдзем.

— Не пайду, — кажа каза.

Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакай жа, каза, нашлю я на цябе ваўкоў... Ваўкі, ваўкі, ідзіце казу есці!

Не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакайце ж, ваўкі, нашлю я на вас мядзведзя... Мядзведзь, мядзведзь, ідзі ваўкоў душыць!

Не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакай жа, мядзведзь, нашлю я на цябе стральцоў... Стральцы, стральцы, ідзіце мядзведзя біць!

Не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, ваўкі не ідуць казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакайце ж, стральцы, нашлю я на вас вяроўкі... Вяроўкі, вяроўкі, ідзіце стральцоў вязаць!

Не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакайце ж, вяроўкі, нашлю я на вас агонь... Агонь, агонь, ідзі вяроўкі паліць!

Не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакай жа, агонь, нашлю я на цябе ваду... Вада, вада, ідзі агонь тушыць!

Не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакай жа, вада, нашлю я на цябе валоў... Валы, валы, ідзіце ваду піць!

Не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пачакайце ж, валы, нашлю я на вас доўбняў... Доўбні, доўбні, ідзіце валоў глушыць!

Не ідуць доўбні валоў глушыць, не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пастойце ж, доўбні, нашлю я на вас тапароў... Тапары, тапары, ідзіце доўбні секчы.

Не ідуць тапары доўбні секчы, не ідуць доўбні валоў глушыць, не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пастойце ж, тапары, нашлю я на вас камянёў... Камяні, камяні, ідзіце тапары тупіць!

Не ідуць камяні тапароў тупіць, не ідуць тапары доўбні секчы, не ідуць доўбні валоў глушыць, не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пастойце ж, камяні, нашлю я на вас чарвей... Чэрві, чэрві, ідзіце камяні тачыць!

Не ідуць чэрві камяні тачыць, не ідуць камяні тапары тупіць, не ідуць тапары доўбні секчы, не ідуць доўбні валоў глушыць, не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пастойце ж, чэрві, нашлю я на вас курэй... Куры, куры, ідзіце чарвей дзяўбаць!

Не ідуць куры чарвей дзяўбаць, не ідуць чэрві камяні тачыць, не ідуць камяні тапары тупіць, не ідуць тапары доўбні секчы, не ідуць доўбні валоў глушыць, не ідуць валы ваду піць, не ідзе вада агонь тушыць, не ідзе агонь вяроўкі паліць, не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць, не ідуць стральцы мядзведзя біць, не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць, не ідуць ваўкі казу есці. Няма казы з арэхамі, не ідзе каза дамоў.

— Пастойце ж, куры, нашлю я на вас каршуна... Каршун, каршун, ідзі курэй драць!

Пайшоў каршун курэй драць, пайшлі куры чарвей дзяўбаць, пайшлі чэрві камяні тачыць, пайшлі камяні тапары тупіць, пайшлі тапары доўбні секчы, пайшлі доўбні валоў глушыць, пайшлі валы ваду піць, пайшла вада агонь тушыць, пайшоў агонь вяроўкі паліць, пайшлі вяроўкі стральцоў вязаць, пайшлі стральцы мядзведзя біць, пайшоў мядзведзь ваўкоў душыць, пайшлі ваўкі казу есці.

Ёсць каза з арэхамі, прыйшла каза дамоў.

[1940]


[1940]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7