epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Кінахроніка

I
II
III
IV


I

 

Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. І бяда ў тым, што ні папомсціцца, ні падаць у суд на крыўдзіцеля нельга... Скажу проста: у Евы адна нага была чуць карацейшая. Калі яна ішла, то яе стройная дзявочая постаць цераз кожны крок як бы падала на левы бок, нібы яна сустракала знаёмых і кланялася ім... Крыўдна было за дзяўчыну: такая прыгожая і – кульгае.

...Ігралі музыкі.

Іх было трое: гарманіст Павел, скрыпач Макар і барабаншчык Ігнат. На калгасным двары каля клуні і ў клуні было паўнютка моладзі. Былі тут і людзі сярэдніх год і старыя, не кажучы пра малых. Музыканты так сыграліся і так хвацка рэзалі, што трудна было стрымацца, каб не паддацца чарам музыкі. Многа дзесяткаў пар кружылася ў танцах. А хто не танцаваў на ўсе сто процантаў, то ўсё ж танцам некаторы процант аддаваў тымі ці іншымі рухамі, стоячы на месцы. Адна толькі Ева нічым не адклікалася на спакусныя гукі музыкі, стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах, а ў глыбокіх сініх вачах і ў тонкіх рысах твару снаваўся затоены смутак... Не – больш яна не пойдзе на ігрышча: людзям весела, а ёй горка.

– Ці не можна з вамі... прайсціся пад музыку?

Ева злёгку здрыганулася. Перад ёю стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма, адзеты зусім па-гарадскому. Яго вочы лагодна глядзелі ў Евіны, а ўвесь выраз смуглявага твару ясна гаварыў, што яму дужа хочацца пакружыць гэтую дзяўчыну пад музыку на прасторным двары. Яе журботная ўсмешка раптам пагасла: хто даў яму права здзекавацца з яе, падымаць пры людзях на смех? Хацелася сказаць рэзка, каб ён больш і на вочы не паказваўся. Стрымалася, толькі прамовіла:

– Я не танцую! – і адвярнулася ад хлопца.

Хлопец момант пастаяў, потым разгублена азірнуўся і ціхенька падаўся ў натоўп. А Ева памаленьку, каб не кідацца людзям у вочы, лёгка пакульгваючы, пакінула двор калгаснай весялосці. Чарнявы хлопец сачыў за ёю спотайку, нічога не разумеючы і адчуваючы вострую знявагу. Але калі заўважыў, што дзяўчына кульгае, ён зразумеў усё. Яму стала жаль дзяўчыны. Хацеў пайсці за ёю і растлумачыць ёй, што тут проста непаразуменне. Не адважыўся.

 

 

II

 

На пасяджэнні праўлення калгаса «Новы шлях» пытанне стаяла рубам: палепшыць справу жывёлагадоўлі. Заатэхнік Іван Данілавіч Кулешык, нядаўна прысланы ў раён, ясна давёў усю важнасць гэтага пытання. Адна ж з кардынальных умоў правільнага яго вырашэння: падвесці навуковую базу. І самае асноўнае – падабраць людзей: кадры вырашаюць усё! Заатэхнік ушчэнт разбіў няправільны погляд на падбор людзей у справе жывёлагадоўлі, бо калгасы не зварачалі на гэта ніякай увагі і даручалі дагляд жывёлы абы-каму. Гэтым і тлумачыўся значны адыход цялят і свіней.

Старшыні калгаса і членам праўлення нічога болей не заставалася, як толькі знайсці адпаведнага кандыдата.

Падумаўшы трохі, старшыня Амяльян Брамко сказаў:

– Паставім Еву!

Евіна кандыдатура была прынята аднагалосна. Іван Данілавіч не ведаў, хто такая Ева. Ён толькі абяцаў сваю дапамогу. Ён у хуткім часе зноў прыедзе сюды, дасць асабіста інструкцыі Еве і паглядзіць, як спраўляецца яна.

Амяльян Брамко даволі ўрачыста абставіў сваю гутарку з Евай. Сярод калгасніц Ева палола лён. Ужо ў самым тоне першых слоў старшыні, у тым, як кіўнуў ён галавою, падклікаючы Еву, усім пачулася значнасць яго размовы з дзяўчынай.

– Дык так, значыць, мілая ты наша Ева: даручае табе калгас вялікую справу, дзяржаўную, можна сказаць. – І расказаў Еве аб яе ролі ў калгасе. Спаслаўся на заатэхніка, што толькі самыя лепшыя людзі калгаса павінны ўзяць у свае рукі такую сурʼёзную справу.

Ева горка ўсміхнулася.

– Проста – кульгавая: ні навошта болей не надаюся.

Амяльян з жарам абверг яе скептыцызм і падмацаваў чэсным словам, што справа тут ходзіць аб самых лепшых людзях калгаса і аб дзяржаўных інтарэсах.

І стала Ева цялятніцай. Горача ўзялася за сваю справу. Дні праз тры трудна было пазнаць цялятнік – такая там была чыстата. Завяла Ева строгі парадак. Сачыла, каб цяляты былі накормлены ў свой час, як і гаварылася ў інструкцыях, каб корм і пітво адпавядалі маладому цялячаму ўзросту. Палюбіла Ева цялят, а цяляты Еву, і варта было ёй паказацца ў цялятніку, як яны дружным хорам пачыналі мычэць, чмыкаць і танцаваць у сваіх зага-радках. Такія паводзіны дыктаваліся не адною толькі патрэбаю яды, – яны плацілі Еве ласкаю за ласку.

 

III

 

Ева толькі што распачала сваю гутарку з цялушачкаю і гладзіла яе бліскучую шыйку. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка зʼявіліся дзве постаці: старшыня калгаса і малады чарнявы хлопец. Старшыня ішоў наперадзе, несучы на губах здаволеную і хітрую ўсмешку: самы строгі заатэхнік не знойдзе тут да чаго прычапіцца.

– Дзень добры, Ева Сямёнаўна! – урачыста сказаў старшыня. – Вось Іван Данілавіч, заатэхнік наш. Паказвай і расказвай.

– Дык гэта вы... Ева... Сямёнаўна?

Іван Данілавіч спыніўся перад ёю, здзіўлены і ўражаны: дык вось хто яна, тая дзяўчына, з якою так хацелася яму пакружыцца на прасторным калгасным двары! Ён жа так часта думаў пра яе. Хацеў даведацца, хто яна і дзе яна? І вось яна стаіць перад ім, яшчэ прыгажэйшая, як тады. Пазнала яго ці не?

– Я, здаецца, сустракаўся з вамі? – асцярожна запытаў Іван Данілавіч.

Ева падняла на яго свае сінія вочы. Іх радасны бляск, успыхнуўшы на момант, зараз жа знік.

– Не ведаю... Не помню.

Хітруе яна ці сапраўды не помніць? А можа ёй непрыемна ўспомніць пра тое спатканне? Ва ўсякім выпадку Івану Данілавічу было прыкра пачуць такі адказ.

Прайшліся па цялятніку. Зусім другою станавілася Ева, калі гаварыла аб сваёй рабоце. Недаверлівасць і суровасць яе твару прападалі. Вочы гарэлі вясёлым бляскам. Яна з такім замілаваннем расказвала аб кожным з сваіх выхаванцаў, нібы гэта былі яе родныя дзеці. Яна ведала імя кожнага з іх і характэрныя асаблівасці. Івана Данілавіча проста зайздрасць забірала: выходзіла, што цялятамі яна болей захапляецца, чым яго асобаю. А яму хацелася пагаварыць з Еваю трохі і на іншую тэму. Але не выпадала. Па-першае, цялятнік не адпавядаў характару тых мыслей, якія хацеў выказаць заатэхнік. Па-другое, замінаў Амяльян Пятровіч. Але ўсё ж Іван Данілавіч цяпер ведаў, хто такая Ева, і меў надзею спаткацца з ёю пры лепшых умовах.

 

 

IV

 

У калгас «Новы шлях» прыехалі незвычайныя людзі. Некалькі дзён хадзілі яны па калгасе і многа-многа разоў круцілі свае апараты, нацэліўшыся на розныя абʼекты. Калгаснікі дужа цікавіліся гэтымі людзьмі і стараліся як мага часцей пападаць у поле іх абстрэлу. Прасілі паказаць партрэты. Кінааператары – а гэта былі яны – адказвалі: будзе час, калі калгаснікі разам пабачаць усё, што яны тут наздымалі. Зайшлі яны і ў цялятнік. Доўга яны тут круціліся і круцілі. Скончылі тым, што папрасілі Еву адзецца па-святочнаму, каб зняць яе асобна.

Іван Данілавіч яшчэ болей думаў і ўспамінаў Еву, асабліва калі ён быў адзін і ў дарозе. У мыслях ён гутарыў з ёю, складаў самыя лепшыя ўзоры гэтых гутарак, але калі выпадала здарэнне выказацца, то ён або забываў, або не адважваўся пачынаць іх.

Ужо нейк пад восень, калі работы былі трохі прыпынены, у калгас «Новы шлях» прыехала кінаперасоўка. Пажарны склад, дзе мелася быць кіно, яшчэ далёка да пачатку сеанса быў перапоўнены калгаснікамі. Моладзь – дзяўчаты, хлопцы і дзеці – бітком набілі пажарны склад. А самыя дасціпныя з малечы пазаймалі нават бэлькі і адчувалі сябе там як лепш не трэба. Ціснуліся, шумелі, жартавалі ў незвычайным настроі і напружана чакалі. Раптам у складзе зрабілася цёмна, цямней як у восеньскую ноч. Потым экран засвяціўся прыгожым белаватым кругам. Аўдыторыя адразу сцішылася. Але калі на экране пачалі зʼяўляцца пейзажы і людзі з калгаса «Новы шлях», то ўся аўдыторыя загаманіла тысячамі галасоў. Кожная фігура на экране зараз жа пазнавалася, называлася дзесяткамі галасоў, называлася па імені, а часамі і па мянушцы, што выклікала жартлівы смех.

– А во Кандрат Кушчык!

– Глядзеце – Тэкля, Марыля!.. Унь Іван!.. Га-га-га.

Ева сядзела на лаўцы ўсярэдзіне. Побач з ёю Іван Данілавіч. Ён дужа хваляваўся: цяпер або ніколі.

На экране зʼявіўся цялятнік. Цяляты варушыліся, бегалі, як жывыя. Нязменна з імі была і Ева. Аўдыторыя пазірала з напружанасцю. Тыя ж радасныя галасы захаплення. Нарэшце зʼяўляецца ў светлым крузе павялічаны партрэт самой Евы з подпісам: «Лепшая ўдарніца калгаса, Ева Бандарчык».

Гэта быў найвышэйшы момант. Круг нерухліва застыў на экране. Чароўны твар Евы так лагодна пазірае на калгаснікаў з экрана. Момант мёртвай цішыні і раптам дружныя гучныя воплескі, доўгія, шчырыя.

Іван Данілавіч мімаволі схапіў Евіну руку, крэпка сціснуў яе і сказаў Еве на вуха:

– Як люблю я гэтую дзяўчыну, што на экране!

Расчуленая і ўсхвалёваная Ева прашаптала:

– На экране яна не кульгае.

– Маўчы, мілая, любая Ева.

Ева прытуліла галаву к плячу Івана Данілавіча і ціха заплакала... Напэўна ад шчасця.

[1935]


[1935]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6