epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Кірмаш

I
II
III


I

 

– Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Прыедзь хоць раз як чалавек.

Кожную нядзельку дзяўбе Кася Петрусю адно і тое, і Пятрусь іншы раз засярдуе. Яму не падабалася такая апека жонкі.

– Ото, як ты баішся!

Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры, каб заадно нечага і жонцы задаць страху.

Палавіну дарогі – а гэта будзе вёрст пяць – Пятрусь быў сярдзіты. Падумаць, дык выходзіць, што жонка кажа праўду: ці ж добра, каб хто спытаўся, прапіваць грошы? І Пятрусь стаў думаць аб тым, як ён ужо разоў дваццаць абяцаў жонцы не піць гарэлкі і заўсёды прыязджаў дадому пʼяны; як ён ашукваў яе, прыкідваючыся цвярозым, – для гэтага ён стараўся хадзіць роўна. Часам яму і ўдавалася зрабіць колькі роўных крокаў, а потым, глядзіш, гарэлка павядзе ўбок. Тады ён кідаўся на другую хітрасць.

– О-ё-ёй! – стагнаў тады Пятрусь. – От жа кальнула! Бадай ты згарэла!

Петрусю рабілася брыдка перад самім сабою ад адных гэтых думак.

– Не, трэба такі кінуць піць, – гаварыў сам сабе Пятрусь і развясельваўся.

Прыехаўшы да места, Пятрусь выпраг каня, павесіў яму на галаву торбу з сечкаю і аглядзеўся. Усё навакол было застаўлена вазамі. Сяляне хадзілі ў лапцях і мясілі балота. Каля вазоў снавалі гандляры і гандляркі. Хто прадаваў масла, хто сала. Тут жа стаялі цэбры, ражкі, вёдры. Усякага было народу. Былі і такія, што нічога не куплялі і не прадавалі, а прыйшлі так сабе, «на раздабыткі». Прыйдзе сабе ў краму, патупае, патупае, а як што кепска ляжыць, то і запусціць «ляшча». А калі яго лавілі, то ён спакойна гаварыў:

– Колькі гэта каштуе, Малка?

Аглядзеўшыся вакол, Пятрусь пайшоў рабіць свой абход з мяшэчкам і з торбачкамі пад пахаю. Трэба ўзяць солі, мукі, вотрубяў.

Куча народу. Усярэдзіне важна сядзіць багамаз, разлажыўшы сваіх багоў. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця: клаў дзесяткі і грыўні і круціў. Каму пападаўся кубак, каму мыла, каму іншая рэч, а каму, як кажуць, гула асмаленая.

Трэцяя, яшчэ большая, грамада народу стаяла каля дома з шыльдаю: «Казенная винная лавка № 67». Тут былі бабы і мужчыны. Хто выбіваў корак з кварты, з паўкварты, а хто, адвярнуўшыся ад людзей, каб не сароміць іх, – з маленькага кручка. З дваццаць людскіх галоў было задрана ўгару так, што нос прыходзіўся якраз проці самай сярэдзіны неба. Хто піў з вялікай бутэлькі, той трымаўся смела: станавіўся на самае віднае месца, падпіраў адною рукою бок і важна цягнуў гарэлку.

А калі хто ішоў з «буслам», – перад тым людзі расступаліся і давалі дарогу, як якому спраўніку.

 

 

 

II

 

За гоманам трудна разабраць, хто што гаворыць. Вось дзве бабы: адна аперлася на воз з аднаго боку, другая з другога. Абедзве выпіўшы. Адна гаворыць груба, другая тонка. Мова першай бабы падобна да кароткіх слоў:

– Ды-ды-ды-ды!

Другая сыпала танчэй і яшчэ скарэй:

– Дэ-дэ-дэ-дэ!

На другім возе сядзяць тры гаспадары. Два з іх абдымаюцца і цалуюцца:

– Братка ты мой! – гаворыць адзін. – Твой Алесь золата, а не чалавек.

– Галубок ты мой! – кажа другі. – Дальбог, я цябе люблю. Каб я жонкі не бачыў, калі не люблю. Дай сюды тваю морду... во так! Пойдзем яшчэ выпʼем паўкварты.

Два шчырыя сябры злазяць з воза, абдымаюцца, цалуюцца, адзін аднаго падтрымліваюць і ідуць да манаполькі.

– Га, Пятрусь, і ты тут? – сустрэў Петруся Карусь Акалот. Вочы яго былі ўжо, як у салавейчыка, а з губы нясло, як з бочкі.

– А вот, як бачыш, – сказаў Пятрусь.

– Ідзі, брат, паглядзі, якога я купіў падсвінка.

Карусь схапіў Петруся за рукаў і павалок яго глядзець падсвінка. Пятрусь пахваліў гэтую маладую асобу і сказаў Карусю, што добра купіў.

– Добра, кажаш?

– Вядома, што добра.

– Калі так, то пойдзем у «Порт-Артур».

«Порт-Артурам» звалі хатку, што стаяла разам з крамкаю.

Гэтая хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. А раз зайшоў у «Порт-Артур», то выйсці адтуль не так лёгка: ці мала там сустрэнеш добрых людзей?

– Не, не пайду! – сказаў Пятрусь.

– Чалавек, па чарцы!

– Няма, брат, часу, – стаяў Пятрусь на сваім.

– Колькі там таго часу? Паўгадзіны, не больш. Хадзем! – Пятрусь трохі ўпіраўся, але такі пайшоў. «Чарку, дзве – не больш», – думаў ідучы Пятрусь.

З «Порт-Артура» ён ішоў надта вясёлы і спяваў песні.

 

 

III

 

Вечар быў хмурны. Ні зор, ні месяца. Ускаціўшыся на воз, Пятрусь завязаў лейцы за аглабіцу і лёг. Увесь свет, здавалася яму, скакаў лявоніху. Калі-нікалі Пятрусь падымаў галаву, крычаў: «Но, малы!» – цмокаў губамі і свістаў.

Конь ішоў памалу, як хацеў і кудою хацеў. Разоў некалькі зачапіў ён воссю аб хвою і скінуў атосу. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Такім парадкам пракаціліся яны вярсты тры. У адным месцы, каб абысці гразь, конь звярнуў з дарогі, усцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і пакінуў драбіны з Петрусём сярод лесу, а сам паклыгаў з цялежкамі далей.

Паляжаўшы з паўгадзіны, Пятрусь падняў галаву, цмокнуў і крыкнуў:

– Но-о-о, малы, варушыся!

Было ўжо зусім відно, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву.

– Што за ліха? Што гэта? Дзе ж гэта я? Тфу, тфу, тфу! Згінь, прападзі! Васхрыстус! Васхрыстус!

І Петрусю ўспомнілася ўсё.

– Божа ж мой, Божа! Што я зрабіў? – загаласіў Пятрусь, заламаўшы на галаве рукі.

Сорам перад жонкаю, перад людзьмі, злосць на самога сябе, на тых, хто выдумаў гарэлку, прапажа каня – усё гэта звязалася ў адзін цёмны клубок.

– Ну, не сабака ж я, не гад, не лайдак? Што я раблю? Чаму ты, Божачка, не напусціш агню на гэтую атруту людскую?!

Зняў Пятрусь драбіны, сеў на пень.

– Што рабіць, што чыніць?

Папрабаваў быў Пятрусь цягнуць дадому адны драбіны і нават працягнуў іх з паўвератня.

– Не! Як я пакажуся людзям у вочы? Прапіць каня і самому цягаць драбіны?

Ён звалок драбіны з дарогі і, апусціўшы галаву, пайшоў дадому. Прайшоў ён з вярсту, бачыць – стаіць яго конь, зачапіўшыся лейцамі за корань.

– Конік ты мой, залаценькі! – закрычаў з радасці Пятрусь і пацалаваў у самую мызу свайго худога мышака.

А потым пацалаваў Пятрусь зямлю і прысягнуў, што ніколі не будзе піць гарэлкі.

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5