epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Конь і сабака

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Свабодны конь гуляў на волі,

І хвост, і грыву распусціў,

Іржаннем ён сваім будзіў

І лес стары, і чыста поле.

 

У бок прахожы стараніўся,

Яму дарогу уступаў.

Ад страху Рудзька прытуліўся

І толькі ціхенька брахаў.

 

Каня злавілі, прывязалі,

На вобруць, беднага, ўзялі,

Аборкай ногі абвілі

І борзды бег яго стрымалі.

 

З-за вугла вылазіць Рудзька.

– Гаў-гаў-гаў! – давай брахаць.

За хвост каня кусае цюцька –

Ні адцягнуць, ні адагнаць!

 

Малыя дзеці тут гулялі,

Дзівілісь многа і казалі

(Па дурнаце не разабралі –

Дзіця малое, як ягня):

– А Рудзька дужшы за каня!

 

Красавік, 1907


04.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910