epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Краска

Краска, мілая мая,

Госця веснавая!

Як ты хораша цвіцеш

У глушы, любая!

 

З ціхім усмехам з табой

Вецярок жартуе,

І цябе ў вясёлы дзень

Сонейка цалуе.

 

Што ж на тварыку тваім

Легла задуменне?

Што нявесела глядзіш,

Мілае стварэнне?

 

І не радуе цябе

Дзень вясёлы мая,

Голас радасны вясны,

Песня маладая?

 

Я хацеў бы адгадаць

Дум тваіх гаворку,

Я б хацеў развесяліць

Краску, маю зорку.

 

Ці гаруеш ты аб тым,

Што і ты без волі,

Што краса ўся адцвіце

Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок

Разлучыў з лугамі,

Дзе б ты гутарыць магла

З пчолкамі, з чмялямі?

 

Я любуюся табой,

І мне смутна стане,

Што ў астрозе хараство

Ўсё тваё завяне,

 

Што адна ты адцвіцеш

Век свой сіратою,—

А багата ж адарыў

Май цябе красою!

 

Краска, красачка мая,

Мілае стварэнне!

Што ж на тварыку тваім

Легла задуменне?

 

31/V 1910


31.05.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910