epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Краска

Смуткавала краска-зорка

На мяжы зялёнай,

Пахіліўшы над разоркай

Галаву-карону:

«Зблутаў, змяў мае лісточкі

Віхор-шаляніца,

Затуманіла мне вочкі

Бура-навальніца.

Наляцела завіруха,

Я ж адна, нябога.

А як ціха, а як глуха!

І няма нікога.

Дзе ж мае вы, дні-ясноты,

Неба, сонца, зоры?

Горкі смутак адзіноты

Цяжка зносіць хворай.

Непрывецен дол халодны

Без канца, без краю...

Дзе ж ты, ветрык мой лагодны,

Што мне байкі баяў?»

Краска змоўкла, а ў разоры

Мрок гусцей самкнуўся.

Ветрык збег дзесь у прасторы

І не адгукнуўся.

А назаўтра, як расою

Сонца дол змывала,

Краска пышнаю красою

Зацвіла, заззяла.

 

 

12/І 1933


12.01.1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938