epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Крывавы вір

I
II
III


I

 

Дзед Патап прачнуўся рана, толькі што пачынала развідняцца. Хацеў яшчэ заснуць, але, паляжаўшы трохі, пераканаўся, што ўжо не засне. Ён устаў, адзеўся і выйшаў на двор. Ніхто з сялян яшчэ не падымаўся. Пайшоў паглядзець каня. Конь стаяў над пустым жолабам. Убачыўшы дзеда, прывітаў яго кароткім: гы-гы-гы!

Дзед прыпыніўся каля коніка, сказаў яму колькі добрых слоў і запытаўся:

– Есці хочаш? Дык няма ж, брат, чаго даць табе! – і пайшоў у пустую клуню.

На таку ляжала кучка сечкі, а ў куточку – крышан сена. Дзед разважліва паківаў галавою. Заўтра трэба ехаць араць: авёс сеяць пара. Не пакарміўшы каня, многа не наарэш. Сёння ж свята – работы няма.

Дзед разважаў, што корм лепей прыберагчы назаўтра, а цяпер каня можна выпусціць на пашу. Але, каб не зводзіць салодкіх надзей каня, ён узяў жменю сена і панёс да жолаба. Пакуль конік хрумстаў сена, дзед зняў з-пад страхі пута і завязаў яму на шыю.

– Ідзі, брат, на свой уласны хлеб, – і павёў з двара.

На вуліцы было ціха і пуста. Па адзін бок стаялі сялянскія хаты, а па другі – цягнуўся высокі плот, спускаючыся да возера. У гэтым плоце была ўложана і дзедава праца – два гады як гарадзілі тут. А вось гэты высокі кол быў забіты ўласнымі рукамі дзеда Патапа. Нядарма ж ён і пазіраў на дзеда прыветней ад другіх калоў. Там, за плотам – панскі сад, ліпавая дарожка, дубы старыя і такія слаўныя садовыя дрэвы: ігрушы, яблыні, вішні. Сад яшчэ пусты; нядаўна злез снег, але ўжо стала паказвацца зялёная траўка.

Падняўшыся на ўзгорак, дзед параўняўся з панскім дваром. Праз двор быў свабодны праход. Дзед прыпыніўся, думаючы, ці абысці двор, ці проста прайсці праз яго, каб спутаць каня за садам. Падумаў і павёў праз двор. У панскім доме жыве старая пані і яе ўнук, студэнт. Тыдні тры, як прыехаў ён з Харкава. Цяпер жа паны пападціскалі хвасты і сядзяць, як мышы пад венікам.

– Мінулася ваша краса, – сказаў сам сабе дзед і досыць сярдзіта зірнуў на панскі дом.

Дзед помніць панскую крыўду, моцна помніць. Часамі памяць аб ёй прытуплялася, а другі раз так моцна ажывала ў сэрцы гэта крыўда, што хоць ты немаведама што! Так, гэта тут, вось у гэтым самым доме, свёкар старое пані аддаў загад паклікаць матку дзеда Патапа, – Патапу тады было не болей як паўгода, – каб сваімі грудзьмі карміла яна панскага завадскога шчанюка. Хіба ж не балюча было матцы дзяліць малако паміж сваім Патапкам і панскім шчанюком? А лазою не секлі яе, каб выбіць з душы пратэст, пратэст маці і чалавека? А самому дзеду Патапу прыемна было чуць, калі яго дражнілі «сабачым братам»? І ўсё ж такі, ведучы каня праз двор, дзед апусціў наніз свае панурыя вочы. З першага разу было крыху нялоўка: калі ж то бывала, каб мужык вадзіў каня міма акон панскага дома? І, яшчэ трэба помніць, часы сталі штось няпэўныя. Вось людзі кажуць, што з Украіны немец сюды пасоўваецца, і кажуць яшчэ, што ён трымае панскую руку. Аб гэтым учора хадзілі такія гутаркі. Але дзед суцяшаў сябе тым, што яго ніхто не бачыў. Звярнуўшы за вугал саду, дзед спутаў каня і азірнуўся. На возеры ў чайцы сядзеў ужо каваль, па мянушцы Мамай. Ён стаўляў венцяры і цяпер выехаў глядзець іх. Паглядзеў стары Патап і пазайздросціў: корму ў яго хапае сабе і жывёле і рыбы ловіць чорт ведае колькі – вёдрамі цягае! Праўда, Мамай не раз ішоў з рыбы з пустым вядром, але ў чужой руцэ кусок здаецца заўсёды большым.

Крыху пастаяўшы, дзед павярнуўся і пайшоў назад на горку. На горцы стаялі старыя выносныя дубы. Ладныя дубы! Зваліць бы вунь той, што наводшыбе стаіць, ды папілаваць, слаўныя б былі дошкі! Крыху ўлева, не больш як паўвярсты ад панскага дома, была пасада яшчэ аднаго землеўласніка, але ён збег адгэтуль, як толькі пачалася завіруха.

Ой, быў гад! Бывала, чуць адно ступіць скаціна на яго поле, дык зараз жа зойме і ўжо, не садраўшы штраф, не пусціць з двара. Затое ж ад пасады яго засталіся толькі слупкі ды падлога, але добрыя людзі пачалі ўжо выдзіраць дошкі і з падлогі.

Дзед Патап паразважаў трохі, як бы і яму выбраць з пару дошак, бо людзі разбяруць, а яму дошкі патрэбны.

Вярнуцца назад панскім дваром дзед не адважыўся. Ён зноў спусціўся ўніз, прайшоў каля свайго коніка. Прыпыніўся.

– Малая, брат, спажыва для цябе, – прамовіў дзед да каня і паківаў спагадна сівой галавою.

Туляючыся ў кустах, пайшоў між садам і возерам, кіруючыся на Мамаеву кузню. Тут дзед знайшоў сабе пералаз і выйшаў на вуліцу.

Вёска памалу зачынала свой звычайны дзень. Губанава маладзіца ішла па ваду. Крыху ніжэй кузні быў калодзеж. Дзед Патап прыпыніўся каля кузні: не вельмі вялікая прыемнасць спаткаць бабу, ды яшчэ з пустымі вёдрамі.

Дзед пачаў нават прыпамінаць, каго ён бачыў сёння першага: мужчыну ці кабету, бо калі ты выходзіш зранку на двор і першую згледзіш жанчыну, то гэта знак кепскі – будзе якая-небудзь непрыемнасць. Аказалася, што першы, каго бачыў дзед, быў каваль Мамай. Хоць і Мамай не вялікае шчасце, але ўсё ж такі лепш, чым кабета. Сям-там над хатамі заклубіўся дым. Дзед Патап таксама звярнуў увагу і на дым: з якога боку ідзе вецер, ці не збіраецца часамі дожджык. Але вецер быў не дажджавы. А трэба было б, каб прайшоў дожджык: трава пайшла б расці. На выгане каля хаты Сымона-крупарушніка ўжо гаманілі сяляне. Звычайна тут адбываліся сходкі, сюды зносіліся навіны, тут разбіраліся наогул розныя справы, бо тут было і пасядзець на чым і паляжаць, асабліва калі прыгрэе сонейка. Тут жа ішла і дарога, чужыя людзі ішлі і ехалі то ў горад, то з горада. Адным словам, месца было добрае.

Дзед зірнуў за возера. Ад лесу па дарозе, як мурашка, выпаўзла фурманка. Нехта ехаў сюды.

Павольна зрушыў дзед з месца і пасунуўся да сялян паслухаць, аб чым гавораць людзі. Ціха і стала, як і належыць старому чалавеку, павітаўся ён з сялянамі і стаў крыху збоку. Прыслухаўся, аб чым ішла размова. Гаварыў Рыгор, сын крупарушніка, чорнабароды мужык. Ён лічыў сябе чалавекам разумным. Да новага ладу жыцця сэрца яго ніяк не ляжала. Любіў слухаць такія чуткі, якія гаварылі не ў карысць новаму парадку. І калі ён ужо сам перадаваў іх, то пры гэтым не мінаў зазначыць: «Так бабы гавораць», бо калі пачынаюць аб чым гаварыць жанкі, то ў аснове іх гаворкі ляжыць нейкая праўда.

Пачатак яго прамовы адбыўся без дзеда Патапа.

– ...а калатні можа быць столькі, што ўся вёска захлынецца.

– А пры чым тут вёска, – адказаў Губаноў Міхейчык, – няхай адказвае той, хто разбураў.

Дзед Патап здагадаўся, што размова ішла аб разбураным доме пана Струкава; ад гэтага дома засталіся адны слупкі ды падлога.

«Шэльма ты, шэльма, – падумаў сам сабе дзед Патап, – гаворыць так, як бы ён і пальцам не крануў нічога. А хто ж, як не ты, пілаваў бярвенні ды ў горад на дровы вазіў? Чыя-чыя, а твая, брат, калі што – першая спіна заплача... Ну і народ».

– Ось так табе і пачнуць наводзіць следства, – гарачыўся Рыгор, – хто, ды што? Следства можа пазней павядуць, а спачатку пусцяць вёску свечкай да Бога. Пагараць і вінаватыя і невінаватыя. А праз каго? Праз нейкіх там двух-трох прахвостаў!.. Запамагліся, ліха вашай галаве! Народ у нас!

Выходзіла так, што народ тут быў, як зазначаў кожны прамоўца, нікуды няварты, дрэнь народ, і ў той жа час вельмі слаўны, бо калі пагаварыць па чарзе з кожным гаспадаром, то ён выказваў сябе з найлепшага боку; усё можна б з ім зрабіць, але... «народ у нас дурны, халерны народ». Па характару размовы відаць было, што навіны прыйшлі нядобрыя. – Так ім і трэба, – азваўся Міхалапаў Савось, мужык панурага выгляду, – не разбурваць, а спаліць трэба было б, а котлішча заараць. Вось яшчэ тырчыць ідал, – пры гэтым Савось паказаў на панскі дом, – бо калі хоць голыя сцены астануцца, то і за іх чапляцца будуць. А так – спаліць, знішчыць, то трасцу другі раз асталюецца. Народ у нас яшчэ дурны.

На гэты час падʼязджала фурманка, якую заўважыў дзед Патап за возерам. На возе сядзеў Піліп Хамуток з Вялікіх Крукоў.

Колькі сялян падышло да воза, бо адразу відаць было па Піліпе, што ён мае сказаць нешта цікавае.

– А што ён кажа? – запытаў дзед Патап, бо яго старыя вушы крыху не дачувалі.

А Піліп казаў:

– І далей Рудаўца ўжо ехаць нельга: зараз жа за Рудаўцам пачынаюцца пазіцыі: войска – поўнае сяло, чырвоная гвардыя стаіць. Каля Харланаўкі дзве батарэі пастаўлены. Такая, брат, сумятня, катавасія... Эх, заварваецца каша!

– А горад?

– Забраў! Учора пад вечар немец увайшоў!

– Горад забраў? – пачулася трывожнае запытанне.

– Бух! Бух! Бух! – адна за другою бухнулі тры гарматы лявей Рудаўца.

– Гурр! – адклікнулася ім яшчэ адна.

– Бум-бум! – загрымела ў трэцім месцы.

– Во-о-о-о! – працягнуў тоненька дзед Патап. Усе раптам змоўклі і пабляднелі ад страху. Піліп Хамуток шпарка пагнаў свайго коніка, уцякаючы далей ад вайны. За ім наўздагон пусціліся, заядла брэшучы, сабакі з двара крупарушніка. Патрывожаныя сабакамі качкі кінуліся ўбок. Громка загаргаталі на выгане гусі. А сонейка свяціла ласкава і лагодна на ясным небе.

 

II

 

Трывога і неспакой былі ў панскім доме. Першыя гукі гармат абудзілі старую пані.

– Што гэта? Наташа, Наташа! – клікала пакаёўку старая пані, абапёршыся локцем на пуховую падушку.

– Бум, бум, бум! – зноў загрымелі страшныя гарматы. Старыя сцены панскага дома першы раз за сваё доўгае спакойнае жыццё здрыгануліся моцна, парывіста, і крэкнула размаляваная ў турэцкім гусце столь.

– Д-р-р-р! – жалабна забразгацела ў шыбах тонкае халоднае шкло, нібы чагось плачучы.

Убегла пакаёўка, маладая стройная дзяўчына.

– Войска ў Рудаўцы стаіць, выбіваюць немца з горада. Немец у горад увайшоў. Ой, што ж гэта будзе? – узбуджаная страхам, казала дзяўчына.

– Божа міласцівы, злітуйся нада мною! – прастагнала старая пані.

Ёй страшна, страшна старой пані. Яна пачула, што нейкія варожыя сілы націскаюць з усіх бакоў, як бы на яе наступала бурлівае мора, каб змесці і пахаваць у цемры свайго бяздоння.

Яна бачыла вакол сябе цёмны вір, які немінуча зацягне ў сябе яе жыццё. А здарэнні апошніх дзён, смерць сястры і нявесткі, якія былі забіты ў сваім маёнтку, яшчэ больш падкрэслівалі думку аб чымсьці страшным, грозным, неадхільным. Кожны крык на вуліцы, кожная чалавечая фігура веялі на яе подыхам смерці.

Яна борзда адзелася, села на канапку і некалькі хвілін сядзела нерухома, а кожны гарматны стрэл біў моцна па сэрцы. Разам з гэтым і нейкая надзея часамі прабівалася ў душу. Яна думала аб немцах, аб іх ваяцкай выдатнасці. Калісь, і не вельмі даўно, яна шчыра жадала ім усякага ліха, лічыла разбойнікамі, катамі, ворагамі чалавецтва, якіх трэба знішчыць, пасадзіць на жалезны ланцуг. А цяпер гэтыя «каты» ёй здаваліся збавіцелямі, і пані прасіла Бога ў патайных мыслях сваіх, каб немцы хутчэй прыйшлі сюды... О, каб толькі прыйшлі!

А гарматы грымелі не на жарты. Відаць, яны цвёрда пастанавілі не сціхаць, покі вораг не выйдзе назад з горада. І сцены панскага дома ўсё дрыжалі і дрыжалі, і жаласна звінелі ў вокнах шыбы. Страшна рабілася старой пані. Ніклі надзеі на прыход «збавіцеляў».

– Наташа! Наташа! – зноў клікала пакаёўку старая пані.

– Бух! Бух! – грымелі ў адказ ёй гарматы.

– Грыша! Грыша! – звала яна ўнука.

– Гум! – раўла з другога месца гармата.

– Божа мой! Я адна, хто заступіцца за мяне!

І яна борзда, наколькі магла, падышла да абраза, што вісеў у куце, і стала перад ім на калені. Прынікшы да зямлі лобам, яна некалькі хвілін заставалася ў гэтай паставе.

Убегла пакаёўка, хацела штось сказаць, але запынілася, убачыўшы пані на каленях.

Цяжка ўздыхнуўшы, паднялася яна і села ў мяккае крэсла, схіліўшы галаву.

– Скажы, Наташа, чаму людзі такія ліхія? За што забіваюць кабет? За што забілі маю сястру і нявестку, за што? Ох, і мяне забʼюць!.. Чуе маё сэрца, забʼюць мяне! Хіба гэта людзі? Хіба ёсць у іх кропля жаласці?! Дзіч, дзіч азвярэлая!

Наташа панура стаяла моўчкі. Яна хацела нешта сказаць, але не адважвалася.

– Ой, панечка, мілая, – нарэшце прамовіла яна, – такі, праўда, азвярэлі людзі. Што ж я чула! На сяле гутараць мужыкі, што паноў усіх трэба перарэзаць. І паноў і папоў. Тады, кажуць, пачнецца самае сапраўднае жыццё, калі адны мужыкі застануцца. І нават мне самой казалі, каб я пакінула вас, бо каго захопяць у панскім доме, таму – каюк!

Пані, як аглушаная громам, асунулася на крэсла. Яна пачула, як усё ў ёй затраслося, стала горача, а потым усё анямела, пацямнела ўваччу, а жыццё і ўвесь свет як бы адышлі кудысь далёка, і толькі адна светлая палоска, адна толькі шчылінка, праз якую свяціўся дзень, засталася ад усяго, што называецца жыццём.

Адзервянела старая пані. Нават думкі спыніліся. Вочы яе напалову зачыніліся і перасталі міргаць, уставіўшыся ў нейкі пункт.

Перапалоханая Наташа ціха падышла да яе і кранула за руку.

– Пані!

Пані не паварушылася.

– Пані!

Яна паволі ўзняла на дзяўчыну вочы і ціха прамовіла:

– Божа, як пуста і цесна на свеце! – І зноў змоўкла.

Пакаёўка пазірала на яе і не ведала, што рабіць. Потым зноў, як бы самой сабе, казала пані:

– Мае дубочкі, слаўныя, мілыя дубы. Я была маленькая, а яны былі як вежы, і ніколечкі не змяніліся за мой век... Мяне не будзе, а яны будуць стаяць тут яшчэ сотні год... Але не, не... пассякаюць і іх...

Зноў задумалася пані. Наташа пужліва пазірала на старую.

– Ой, матачкі! Яна ж, мусібыць, зварʼяцела, бедная, – думала Наташа.

– Усё загіне, усё знішчыцца, – ціха сказала пані. Яна зноў сціхла, як бы ўпаўшы ў нейкі сон.

– А Грыша дзе?

– Гу! Гу! – адказалі гарматы.

Наташа паціхеньку выйшла перад гэтым. Грыша пры першых гуках гармат пабег у сад. Ён выбраў зацішнае месца ў густым вішняку, стаяў і слухаў, як бухкалі гарматы і як адгукалася ім патрывожанае водгуллем поле з глыбокімі ярамі.

Гарматы стаялі дзесь блізка, вярсты чатыры – не болей. Самая блізкая адгэтуль батарэя страляла тройкамі.

– Гух-гух-гух! – цяжка стагнала яна. Крыху пачакаўшы, дзесь далей, гэтым тром стрэлам адгукнуліся па чарзе другія тры, але шмат глушэй, слабей і больш каротка.

– Ву-ву-ву!

Гэта былі выбухі снарадаў.

Было страшна, незвычайна страшна, асабліва спачатку. Нейкая моц, грозная сіла ўрывалася ў душу, заглушала ў ёй звычайныя інтарэсы і разам з гэтым знаходзіла ў ёй водгулле.

Грыша першы раз чуў так блізка гарматы і захапляўся іх грознаю музыкаю. Ён быў хлопец малады, гадоў васемнаццаці, прыгожы, высокага росту, крэпкага складу. Часова ён змушаны быў пакінуць універсітэт, не хацеў заставацца ў немцаў. Яны тады пагражалі Харкаву, дзе Грыша вучыўся. Не так даўно ён прыехаў сюды да бабкі. Рэвалюцыя моцна захапіла Грышу, і ён прымаў у ёй самы дзейсны, самы жывы ўдзел. Жывучы ў вёсцы, ён не цураўся народа. На грунце захаплення рэвалюцыяй у яго нават былі непаразуменні з сваякамі. І вось, калі нядаўна забілі яго цётку і яшчэ адну сваячку збоку бабкі, старая пані казала:

– Каму ты, Грыша, спрыяеш? Ворагам сваім. Ну, каму, скажы, патрэбна смерць нашых? Навошта гэтая кроў?

Грыша маўчаў.

– Калі ты, – нападала на яго старая пані, – ідзеш з імі ў нагу, то і сам сукосна прымаеш удзел у гэтых забойствах.

– Ах, бабуня, калі находзіць навальніца, яна не разбірае, дзе палын горкі і дзе пшаніца. Такі ўжо яе закон. Рэвалюцыя – тая ж самая навальніца. Хто вінаваты? Ніхто і ўсе.

– Я не разумею цябе, Грыша, – кіпяцілася старая пані, – як можаш ты гаварыць так. Забілі без сэнсу, без усякае патрэбы яго бабку, цётку, а ён кажа: «Ніхто не вінаваты і ўсе вінаваты». І чаму ўсе? Тады я ў гэтым вінавата?

– Так, бабуня, вінаваты і вы.

– Можа ты і вельмі адукаваны, але ў нашы часы так не гаварылі студэнты, – прамовіла гнеўна бабка, – дагаварыцца да такой недарэчнасці!

– Вось вы, бабуня, моліцеся Богу...

– У тым і ўсё няшчасце, што вы Бога забылі, – перабіла ўнука старая пані.

– Бог за грахі аднаго роданачальніка клаў праклён на ўвесь род, бабуня.

– Ты вырадак, Грыша. Значыць, будзе справядліва, калі і табе ў бок суне вілы які-небудзь Міхалап ці які там Пракоп, з-за якіх ты так крыжуешся?

– Не ведаю, бабуня, ці справядліва гэта, але так можа стацца, то за гэта нельга паручыцца: усё можа быць.

Старая пані зірнула на ўнука, і сэрца яе пачула нейкі жаль. Каб прыпыніць гэту размову, яна пачала плакаць па нябожчыках і па самой сабе.

Грыша так захапіўся водгуллем недалёкага бою, што не заўважыў, як да яго падышла Наташа.

– Грыша, – з незвычайнаю трывогаю ў голасе аклікнула яго дзяўчына.

Студэнт здрыгануўся, зірнуўшы на яе, ён быў моцна ўражаны яе выглядам. Наташа была бледная, перапалоханая.

– Што з табою, Наташа?

– Уцякайце, хавайцеся, Грыша!

Студэнт яшчэ больш перапалохаўся. Ён нічога не разумеў і пужліва пазіраў на дзяўчыну, у яе ясныя вочы, у якіх адбіваўся страх і трывога.

– Уцякайце, уцякайце, Грыша, і чым хутчэй, тым лепей, бо вас хочуць забіць.

Студэнт, пачуўшы апошнія словы, задрыжаў.

– За што ж забіваць, Наташа? – апаўшым прарываным голасам, калоцячыся ад страху, прамовіў ён.

– Ну, я ж сама чула. За вамі сочаць. Кажуць, вы нейкія знакі падаеце немцам... Уцякайце! – ціха, упаўголаса казала Наташа і трасла студэнта за руку.

Грыша памярцвеў і стаяў, як бы яго аглушылі абухам. Рукі і ногі яго трэсліся, сэрца заныла.

– Што ж мне рабіць, Наташа? – як перапалоханае дзіця, спытаў студэнт, трымаючыся за руку дзяўчыны.

– Ідзеце куды-небудзь! Схавайцеся хоць на дзень, хоць на гэты момант. Пойдзем!

Наташа ўзяла яго за руку. Ён паслушна пайшоў за ёю.

У гэты час на грэблю з горкі спускаліся тры коннікі. Яны галопам прамчаліся па грэблі, падняліся на горку, праскакалі вуліцаю, каля яра, і спыніліся на выгане, дзе стаяла сялянская грамада якраз насупраць панскага дома. Коннікі пазлазілі з сёдлаў.

– Таварышы! – звярнуўся адзін з іх да сялян. – Нямецкая буржуазія прыйшла сюды для падтрымання рускай буржуазіі. Яна хоча знішчыць нашу рабоча-сялянскую ўладу, вярнуць правы землеўласнікам, каб на нашу шыю пасадзіць зноў пана. На Украіне ўлада перайшла да царскага генерала Скарападскага пры дапамозе немцаў. Цяпер яны забралі наш горад. Калі мы пусцім іх далей, памятайце: следам за імі прыйдзе пан, прыстаў, ураднік і нагайка. Паны зноў асядуць па сваіх маёнтках і будуць зноў заводзіць свае панскія старыя парадкі і законы, а за парушэнне іх дваранскіх правоў, за разбураныя маёнткі будуць арыштоўваць вас і саджаць у астрогі. Не дапусцім жа гэтага! Нам няма на каго спадзявацца. Мы самі павінны даць адпор нашым ворагам. Мы, сяляне і рабочыя, не дапусцім паноў-дармаедаў. Далоў контррэвалюцыю! Таварышы! Чырвонагвардзейцы стаяць на пазіцыях з вінтоўкамі, гатовыя палажыць свае галовы за вас. Яны чакаюць ад вас падтрымання. Яны паслалі нас сказаць вам, што ім трэба дапамога. Таварышы! Наша ўлада, нашы правы ў нашых руках, але іх хочуць вырваць ад нас. Падтрымайце ж нас у змаганні з контррэвалюцыяй, падтрымайце ўласную справу. Хіба ж вы хочаце зноў стаць нявольнікамі і пакорна прасунеце шыю ў панскае ярмо? Хто ўмее страляць, а сярод вас ёсць многа салдатаў, ідзеце ў нашы рады. Бярэце вінтоўкі, ідзеце на пазіцыі, бо вораг – на парозе вашых хат! Далоў гвалтаўнікоў! Няхай жыве рабоча-сялянская ўлада!

Сярод сялян узбудзіўся незвычайны рух, абурэнне. У іх вачах загарэўся агонь помсты, абудзілася стыхійная сіла, гатовая змесці ўсё з дарогі.

– Даць помач! – крыкнуў хтось з грамады.

– Даць! Даць! – пранеслася бура галасоў.

– Хто ідзе – станавіся сюды! – заглушаючы шум натоўпу, крыкнуў Ільюха Бліноў, і сам выскачыў на прагал. У нямецкую вайну ён камандаваў узводам і быў заслужаным старшым унтэр-афіцэрам.

– Рота, ка мне! – крыкнуў ён зноў, як ротны камандзір, і расставіў рукі, даючы знак, каб людзі збіраліся.

Адзін за другім, а то і цэлаю грамадою павалілі да яго ахвотнікі. Праз мінуту ваякаў набралася на паўроты.

Мабілізацыя прайшла борзда.

– Дзякую вам, таварышы, – кланяўся ім прамоўца.

– І паніча забраць з сабою! Няхай пакажа на справе, а не языком, што ён за народ стаіць.

– Забраць, забраць! – загрымелі ваякі.

 

 

III

 

Другая вестка ў доме старой пані згусціла яшчэ больш і без таго згушчаны страх.

Ледзь толькі ўвайшоў Грыша з Наташай, не паспеўшы нават абмеркаваць з бабкаю, што рабіць, як з суседняе вёскі, дзе жыў іх сваяк, адстаўны ротмістр, далі знаць, што два дні таму назад быў забіты родны дзядзька Грышы, брат яго маці.

– Божая кара навісла над нашым домам, – сказала старая пані, бледная як смерць. – О, Божа, Божа, – стагнала яна і ламала рукі.

І Грыша быў як труп. Гэтая вестка яшчэ больш падкрэслівала няпэўнасць часу, і тая небяспека, што пагражала яго ўласнаму жыццю, станавілася больш значнаю, больш рэальнаю. Свайго дзядзьку Сяргея Грыша вельмі добра помніў і любіў яго. Дзядзя Сяргей быў земскім доктарам, любіў просты люд і служыў яму чэсна. Праўда, забілі яго зусім выпадкова. Гэтая смерць зрабіла цяжкае ўражанне на Грышу. І калі спярша ён не згаджаўся сысці адгэтуль на некаторы час і схавацца, то цяпер было адно толькі жаданне, адна думка: уцякаць, уцякаць, чаго б гэта ні каштавала.

На скорую руку ён адзеўся, захапіў ручны чамаданчык, некалькі кніг на дарогу і, развітаўшыся з бабкаю, накіраваўся ў сад другім ходам. Наташа ішла следам, праводзячы яго з дому. Студэнт на момант прыпыніўся, глянуў на яе.

– Ну, Наташа, бывай!

Узяў яе за руку, паглядзеў у вочы.

– Добрае тваё сэрца, Наташа! Не ведаю чаму, але мне так шкада цябе, як нікога на свеце. Я гляджу на цябе, як на сястру. – І моцна пацалаваў яе руку.

Дзяўчына ад нечаканасці зусім збянтэжылася. Твар яе заліўся яркім румянцам. Потым яна заплакала, ці ад таго, што ён пацалаваў яе руку, ці шкада стала хлопца, ці з другой прычыны. А ён ужо сыходзіў з балкона ў сад.

У гэты час падышлі трое самамабілізаваных сялян. Двое другіх стаялі за кустамі язміну, на той дарожцы, па якой трэба было прайсці студэнту. Яны выйшлі насустрач. Гэта былі знаёмыя хлопцы, з імі ён хадзіў на сходкі. Але цяпер яны былі зусім не такія, якімі ён іх ведаў звычайна.

Сурʼёзна і дзелавіта абʼявілі яму волю народа і вярнулі назад. У панскім доме спаткалі яшчэ трох дзецюкоў і ўшасцярых выйшлі на вуліцу. Там іх чакала цэлая грамада людзей, гатовых ісці на пазіцыі.

Грышу здалося, што на яго зірнулі варожа і падазрона. На душы ў яго было цяжка, усё роўна як бы вялі яго на смерць.

– Ну, айда! – скамандаваў Ільюха.

– Смерць буржуям!

– Далоў контррэвалюцыю!

Людзі заварушыліся і пацягнуліся, падымаючы пыл, у бок возера. Хтось успомніў старую салдацкую песню:

 

 

 

Дружно, ребята, в поход собирайся,

Бери сухарей и белья для себя.

 

 

– Добра, дзеткі, задайце немцу, каб помнілі акаянныя! – казаў дзед Патап, праводзячы ваякаў.

Мінулі грэблю, падняліся на ўзгорак. Уперадзе, крыху лявей, стаяў лясок, пераважна дубовы. Ён быў яшчэ без лісця, толькі кустоўнік дзе-нідзе пачынаў выпускаць свежую зеляніну.

Сонца стаяла ўжо на поўдні. З узгорка былі добра відаць далёкія і блізкія вёскі, вежы цэркваў і цэлыя рады ветракоў. У прыродзе было так слаўна. З кожнае лапінкі зямлі прабівалася новае жыццё, ціхае, лагоднае.

Прыветна пазіралі мнагадумныя светлавата-сінія далі, адзінокія ракіты, раскіданыя там-сям па дарозе. А сама гэтая дарога! Мілая, слаўная! Яна бегла кудысь далёка адгэтуль і як бы клікала з сабою ў новыя спакойныя краіны, дзе няма гэтай буры смерці, дзе не чутно грому гармат.

Грыша ішоў маўклівы, пануры, адчуваючы страшнае адзіноцтва. Колькі разоў азірнуўся назад, украдкам, як злодзей. Іх пасада, роўная дарожка, высаджаная ліпамі, высокія многавяковыя дубы пазіралі, як здавалася студэнту, тужліва і ўспагадна. А людзі, што ішлі з ім поруч, цяпер уяўляліся яму чужымі, варожымі. Яму страшна было з імі.

«А што, калі выведуць яго ў гэты лясок і застрэляць? Хіба гэта для іх цяжка? Забілі ж яго дзядзьку». Яшчэ большая адзінота агортвала душу. Чым бліжэй падыходзіў ён да пазіцый, тым мацней авалодвала ім думка: адстаць, схавацца і ўцячы.

Было вельмі цяжка. Ён тлумачыў сабе гэта, як нядобры знак, што намеры выйсці з дому незаметна скончыліся няўдала. Яшчэ добра, што знайшоў як адказаць, калі запыталі яго, куды ён выбраўся. А ён сказаў, што ідзе на пазіцыі сам па добрай волі рабіць раненым перавязкі. У вёсцы ведалі, што ён вучыцца на доктара, і такі адказ здаволіў і заспакоіў найбольш падазроных.

Тым часам людская грамада павярнула з дарогі ў бок лесу. Каля саменькага лесу павівалася вузенькая, адпачыўшая за зіму ад людскіх ног, сцежачка. Вярсты паўтары бегла яна поруч з лесам, каб потым абагнуць другі яго край і зараз жа спусціцца ў глыбозны і шырачэзны яр, густа заросшы дубняком, дзікімі грушамі і хмелем.

Грыша прагным поглядам азіраў гэты яр і меркаваў, як уцячы. Баязліва і скосу кідаў вачамі на грамаду. Здавалася, што яна чытае ў ім патайныя думкі. Але, калі не зробіць ён гэтага тут, дык у чыстым полі, за ярам, ужо гэтага ніяк не ўчыніш: там чужое сяло, там войска і строгі нагляд за кожным. Толькі ў гэтым яры ўцячы: ён цягнецца на дзесяткі вёрст і злучаецца з цэлаю сеткаю другіх яроў.

Лясок ужо заставаўся ззаду. Цяпер сцежачка ішла па касагоры, спускаючыся ў яр. Па другі бок яра ўжо відаць былі ветракі Рудаўца. Дзесь з боку ад вёскі яшчэ больш драпежна бухалі гарматы. Сяляне-салдаты прыціхлі і сталі сурʼёзныя. Грыша пазіраў на іх і дзівіўся: іх ніхто не гнаў, яны пайшлі самі. Што ж прымушала іх пайсці? Усведамленне доўгу? Свае асабістыя інтарэсы? Ён ніяк не мог зразумець гэтага і пачуваўся тут лішнім і непатрэбным. Здавалася, што насунулася нейкая навала, гатовая сцерці яго, як лёгкую пылінку.

Як толькі спусціліся ў яр, ён зараз жа азірнуўся, як злодзей, глянуў на салдатаў, змераў вокам кусты (цяпер ён ішоў апошнім, за ім нікога не было), прыгнуўся і шуснуў у яр, у кусты, прабег колькі крокаў, стараючыся не рабіць шуму, забіраючы ў гушчар і кіруючыся ў тое месца, дзе яр разгаліньваўся на некалькі рукавоў. Тут ён прыпыніўся і прыслухаўся. Нікога не было. Толькі гарматы з кароткімі перапынкамі бухалі і бухалі, пасылаючы ў горад снарады, ды дзесь правей вёскі тахкалі кулямёты.

І ўсё ж самапачуванне ў Грышы было трывожнае, бо ён выяўна цяпер стаў на шлях здрады. Нейкае ўнутранае пачуццё падказвала, што ён зрабіў нядобра. Нават быў такі момант, калі ён хацеў вярнуцца, каб далучыцца да сялян, але не мог перамагчы ў сабе нейкага страху. Гэтая вайна, гэтая кроў, знішчэнне жывых форм жыцця – навошта ўсё гэта? І яму, як ніколі, захацелася жыць, і ніколі такім мілым не здавалася гэтае жыццё, як цяпер. Туляючыся між кустоў, як злодзей, як воўк, ён ішоў усё далей і далей.

А гэтае страшнае месца з кожным крокам кудысь адыходзіла і заціхала. Што ж рабіць цяпер?

Трэба дайсці да бліжэйшае станцыі і, калі нельга вярнуцца ў Харкаў, паехаць у які-небудзь горад, хоць бы і ў Курск. Яшчэ з паўвярсты прайшоў ярам, агінаючы вялікім крукам сваю вёску.

Прыпыніўся, прыслухаўся. Было ціха. Толькі гарматы, бухаючы глушэй і далей, надаедна напаміналі аб тым, што ён ухіліўся ад агульнай грамадскай справы, што карцела яму нейкім бясслоўным дакорам.

Асцярожна прабіраючыся па сухіх леташніх лісцях між разгатых кустоў, Грыша папрабаваў падняцца ўгару па схіле яра, каб выйсці наверх, бо і туляцца ўвесь час тут таксама небяспечна: лёгка можа паказацца, што ён асоба падазроная. Выйшаў. Перад ім ляжала пустое поле. Недалёка бегла дарога, то падымаючыся на ўзгоркі, то хаваючыся ў лагчынах. Крыху паразважаў. Хацеў ужо накіравацца на дарогу, аж зірк – на горку падымаецца група коннікаў! То быў разʼезд. Грыша кулём пакаціўся ў яр. Ён моцна перапалохаўся і толькі тады пачуўся спакайней, калі шырокім кругам абагнуў сяло Малыя Крукі і выйшаў на Рыльскі шлях. Вось толькі абмінуць Вялікія Крукі, што стаялі ў пяці вярстах ад яго вёскі. Але зрабіць гэта было не так лёгка: па адзін і па другі бок ляжалі шырокія балоціны. Не даходзячы да сяла на тры чвэрці вярсты, Грыша спаткаў кабету. Размінуўся з ёю і, прайшоўшы яшчэ дзесятак-другі крокаў, звярнуў з дарогі. Кабета, як толькі размінуліся, прыпынілася і доўга ўзіралася ў незнаёмага паніча. Відаць, яе ўзялі нейкія падазроныя думкі. Яна шпарка павярнула назад, агародамі прайшла ў двор. Грыша не заўважыў гэтага і таксама заспяшаўся, каб абысці гэты кут і зноў трапіць на дарогу, дзе, як яму думалася, ён будзе ў бяспецы.

Ішоў ён і баяўся нават падняць вочы і азірнуцца. Вось зараз будзе палавіна небяспечнае дарогі. Ён ішоў, прыгнуўшы галаву. Яму здавалася, што за ім сочаць. Украдкам павярнуў назад галаву і раптам здрыгануўся: два чалавекі выйшлі з-за клуні і пазіралі на яго. Ён несвядома прыбавіў ходу. Зірнуў яшчэ раз назад: адзін чалавек махнуў рукою, даючы яму знак спыніцца. Грыша прыкінуўся, што не заўважыў гэтага, а сэрца застукала мацней.

– Пастой! Пастой! – пачуў ён за сабою. Грыша, не аглядаючыся назад, пусціўся наўцёкі.

За ім кінуліся і сяляне.

– Стой! Стой, ты, кажуць табе!

Хрыплыя галасы цяпер сталі бліжэй. Грыша, як звер, за якім учынена пагоня, бег, не разважаючы: адно толькі чуў, што хутка павінна быць нейкая развязка. Уперадзе напярэймы беглі яшчэ трое сялян.

– Дзяржы яго, дзяржы! – гукалі ззаду.

Тры чалавекі перасякалі яму дарогу. Грыша выбіваўся з сілы, цяжка дыхаў, сэрца калацілася моцна. Не дабегшы сажняў пяць да пярэдніх, Грыша крута павярнуў у двор.

– Лаві! Не пускай!

Высокі, рыжы, сярэдніх год селянін загароджваў студэнту дарогу. Грыша з разгону штурхануў яго. Рыжы паляцеў убок на некалькі крокаў, але ў гэты ж міг нешта вострае і цяжкае чарахнула Грышу ў галаву каля вуха. Грыша пачуў, як бы яго апякло агнём. На твар і за каўнер палілася кроў. Ён зрабіў яшчэ колькі крокаў. Ногі аслабелі, ён тварам упаў на зямлю, і вочы заслаліся нейкім туманам.

Першы падбег да яго рыжы. Высока ўскінуўшы дручок, ён з усяе сілы ўдарыў Грышу па спіне. У захапленні дзікага абурэння рыжы крычаў:

– Бі шпіёна!..

Гэты крык як бы прарваў нейкую заслону, якая агароджвае чалавека ад звера.

Набегшы напоўп стаў біць студэнта чым папала, мясіць і таптаць яго нагамі, бо тут не было месца ні розуму, ні пачуццю чалавека.

Бледны, акрываўлены, збіты, у сіняках, Грыша ляжаў нерухома. І толькі цяпер пачыналі сям-там прыходзіць да памяці; увогуле ж натоўп быў настроен варожа.

Нават дзеці–падросткі пацяшаліся відам акрываўленага незнаёмага хлопца і рабілі жорскія ўвагі, і злыя ўсмешкі крывілі ім губы. І толькі цяпер, калі Грыша ўжо быў ком збітага мяса, пачуліся пытанні: – Хто ж гэта такі? Чый ён?

Толькі цяпер пачалі разважаць, якая віна чалавека, якога з такім акамяненнем нядаўна білі.

– Глядзі, глядзі, ён яшчэ жывы!

Грыша застагнаў і павярнуўся. Узняўшы галаву, ён абвёў поглядам натоўп і ціха сказаў:

– Браткі, за што? Мяне яшчэ вылечаць, я яшчэ буду жыць. Не забівайце мяне!

– Стой, хлопцы, – пачуўся чыйсьці ўладны голас, і шырокія плечы, адціскаючы народ, паказаліся з натоўпу.

– Распытаць яго трэба добра ды паглядзець дакументы, – сказаў шыракаплечы.

– Ты хто такі ёсць?

Грыша падняў памутнелыя, зацёкшыя крывёю вочы і сказаў:

– Студэнт Заплацінскі. Старая пані – мая бабка.

– А чаго ты прыйшоў сюды?

– Я ішоў на станцыю.

– А чаго ўцякаў, калі табе казалі спыніцца?

– Баяўся.

– Баяўся,– працягла прамовіў шыракаплечы, – значыць, ёсць прычына баяцца. Паказвай дакумент!

Колькі моманту Грыша стаяў, як бы нічога не разумеючы.

– Дакумент твой дзе? – насядалі шырокія плечы.

Грыша дзіка азірнуўся. Відаць, ён поглядам шукаў свой чамаданчык, але яго тут не было. Пачаў аглядаць кішэні. Рукі трэсліся, ногі не стаялі, падгіналіся. Ён асунуўся на зямлю і як бы страціў прытомнасць. Дакументы ніяк не знаходзіліся.

– Якія там у шпіёна дакументы! – крычаў хтось з натоўпу.

– Га, і дакументаў няма! – зларадна крычаў рыжы.

Але дакумент знайшоўся. Разглядалі яго доўга.

– Чаму пячаць не на месцы? – прыдзіраўся чалавек з шырокімі плячамі.

Студэнт маўчаў, ён, напэўна, і не чуў гэтага пытання.

– Вядзі яго, хлопцы, на зборню.

Грышу паднялі. Хістаючыся, паплёўся ён, ледзь перастаўляючы ногі. Разам з ім рушыў і натоўп.

– Браткі, родныя! – прасіўся Грыша. – Што злога зрабіў я вам? Пусціце мяне!

– Там відаць будзе, што з табою рабіць. Узышлі на горку. Недалёка стаяла царква, а каля яе быў роўны выган. Там таксама былі людзі. У адной кучцы стаяў каваль Мамай і дзед Патап. Яны былі людзі набожныя і прыйшлі сюды ў царкву. Таксама мелася тут на ўвазе і коней сваіх далей адвесці на ўсякі выпадак. З натоўпу, які вёў Грышу, хтось аклікнуў каваля і дзеда Патапа.

Мамай і дзед Патап падышлі. Натоўп прыпыніўся.

– Ваш гэта «барчук»? – спыталі каваля. Каваль паўглядаўся.

– Здаецца, як бы наш, – адказаў каваль. Промень надзеі асвятліў душу студэнта.

– А ты, стары, пазнаеш яго?

Дзед Патап кінуў на Грышу пануры погляд, крыху памяўся і цвёрда прамовіў:

– Не, не наш! Наш з мужчынамі на немца пайшоў.

Заныла сэрца ў Грышы.

– Дзядок, дзед Патап! – прамовіў ён. – На што вы грэх на душу бераце? Хіба ж вы не ведаеце мяне? Дзед Патап! Дзядзя Сцяпан! – зварочваўся Грыша да сваіх сялян.

– Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць, – упарта казаў дзед Патап.

Як на бяду, прыехаў разʼезд. Некалькі сялян гаварыла з ім, паказваючы на Грышу.

– Дзе ён? – спытаў начальнік разʼезда, падʼязджаючы бліжэй.

– А вось, ён самы.

Натоўп расступіўся. Грыша зірнуў у вочы начальніка разʼезда. Жорсткія, цвёрдыя, бязжаласныя вочы.

– А, гэты! – прамовіў начальнік. – Ну, хлопцы, злазь з коней!

Пазлазілі.

– Ідзі за намі!

Анямелы ад страху, бледны як палатно, паплёўся Грыша з салдатамі. Ён быў пануры, маўклівы. Ні слова просьбы, ні слова жальбы. Чарада падлеткаў і дзяцей пабегла за імі. Сярдзіта палайваючыся, туды ж пасунуліся і мужчыны. Ззаду, стоячы на выгане, загаласілі дзве ці тры кабеты. Шкада ім стала хлопца ці проста свой звычай выпаўнялі?

Хвіліны праз дзве схаваліся за горкаю. Яшчэ праз мінуту пачуліся не то чатыры, не то пяць стрэлаў...

Салдаты вярнуліся – Грышы з імі ўжо не было.

[1923, 1952]


[1923]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5