epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Кучаравае дрэва

Прысвячаецца З.[мітраку] Бядулю

 

Буйна-радасна, сакавіта-музычна шумела маладое лісце на Кучаравым дрэве. У гэтым шуме пераліваліся найдалікатнейшыя тоны тае песні, якую можна было б назваць песняю аднаўлення, бо была вясна, маладая, як разводдзе, прыгожая, бы майскае світанне, поўная сілы, радаснага парывання і таго няяснага адчування, што складае скарб і хараство моладасці. А калі раніцою на гэтым Дрэве спыняліся промені сонца, заляцеўшы сюды з недасяжных глыбінь, яны развешвалі на вільготным лісці мнагаструнную арфу. Па ёй прабягала дыханне лёгкага-лёгкага ветрыку, і струны яе дрыгацелі так пяшчотна-квола, што і самае тонкае вуха не магло расслухаць іх дзівоснага звону. Можа, гэта была нават і не песня зялёнага лісця, а мары-лятункі Кучаравага дрэва, бо як правесці граніцы між імі? І толькі тады, калі хвалі ветру, абуджаныя тымі ж праменнямі сонца, мацней павявалі сваімі лёгкімі крыллямі над звонкаструннаю арфаю, голас яе чуўся выразна. У гэтай музыцы было жыццё вольных прастораў, шум пушчы, звон шырокіх лугоў, ціхае задуменне рачных заток, гутарлівае імкненне рачулак і рэчак, бо над усім жа гэтым пралятаў чарадзей-ветрык, браў у свае празрыстыя хвалі ўсе гэтыя тоны і адбіваў іх на сваёй арфе. Сама ж песня зялёнага лісця агортвалася ў невыказна прыгожыя чары адвечнай казкі зямлі, тае казкі, што ствараюць прырода і людзі. А ў гэтай казцы было вечна маладое каханне з яго радасцямі і неадлучным смуткам, смелае парыванне да вольнага жыцця і цікавейшы свет лёгкакрылай фантазіі, што не ведае ніякіх граніц і снуецца ў недасяжных прасторах зямлі і неба.

Так шумела маладое лісце на Кучаравым дрэве, так складала яно песні на парозе вясны.

Шэптам задавалення шушукаліся суседнія дрэвы і, адбіваючы тоны зялёнага лісця на Кучаравым дрэве, неслі іх далей па лесе, аддавалі мурожнай траве на лузе, аксамітным руням засеваў на полі і вечна рухлівым хвалям рэк, а срэбраныя ніці тужлівага месяца пераносілі іх у прасторы маўклівага надземʼя.

Красавала вясна і дарыла шчодра вянкі, яснюсенькім золкам завівалася на ўсходзе, у бліскучай плыні купалася ў поўдзень, залатымі іскрамі залівала захад, і расплятала з сваіх цёмна-русых кос агністыя стужкі, і развешвала іх на бязмежных нябесных прасторах... Красавала вясна і дарыла шчодра вянкі.

І шумела буйное лісце на Кучаравым дрэве, голасна шумела зялёнае. А ў гэтым шуме чуліся рытмы жыцця, сталыя аповесці аб тым, што тварылася навакола «пад родным небам», «на зачарованых гонях». І ціша і громы пакідалі сляды на струнах Кучаравага дрэва, і ў перамовах яго буйнога лісця чуўся іх голас. Лашчыла лісце ноч і разгортвала перад ім і чары свае, і таемнасць сваю, і тыя падзеі, што адбываліся пад заслонаю змроку.

І сыходзіліся русалкі чарадою пасядзець на карэннях Кучаравага дрэва і паслухаць шум лісця. І лясун развешваў струны гусляў сваіх, каб пераняць песенныя чары зялёных лістоў.

Гучна шумелі суседнія дрэвы, гул задавалення бег ад вяршыні да вяршыні. Так разносіўся голас Кучаравага дрэва па лесе, так шумела буйное лісце ў росквіце вясны.

Але не адным толькі гэтым жыло Кучаравае дрэва. Можа, я не зусім дакладна выкажу сутнасць яго прыроды, калі скажу, што дваістым жыццём жыло Кучаравае дрэва.

Гайдаліся песні яго на галінках у лесе. Вечарамі і ў часе світання гэтым песням уторыў салавей, і ад звонкага дзіцячага смеху калыхаўся, дрыжаў ручаёк, расплываючыся срэбрам па лесе і слухаючы гэтыя песні. А хто іх чуў, той казаў або думаў сабе: «Вось шчаслівае дрэва! Эх, каб мне быць такім!»

Так гойдаліся песні на галінках па лесе. Лес іх чуў, чула поле, і луг, і трава, і вада, і збожжа на полі, але ці ведаў хто аб думках Кучаравага дрэва?

А былі ў яго думкі, глыбока затоеныя, для чужых вачэй і вушэй непрыметныя і нячутныя. Часамі супакойваліся яны і нібы знікалі зусім, а часамі віхрыліся, бы мяцеліца ў полі, балючы след пакідалі дзесь там, у глыбінях, але сукрыта жылі і жылі. Хто іх ведаў? Хто іх чуў? Ніхто. Адчувала іх толькі само Кучаравае дрэва ды той вецер-лятун трохі ведаў. Ой, шмат чаго ведае ён! Недарма ж ён віхрыцца па свеце. Нават голас былінкі не міне яго вуха.

Набяжыць гэты варʼят-вецер, прыпадзе гарачаю шчакою да халоднага лісця і пачне, і пачне шалясцець-шапацець аб тых дрэвах, што параскіданы, як і гэтае дрэва, па ўсіх прасторах зямлі. У гэтым шэпце неспакойнага ветру чуліся дакоры тых дрэў і скарга іх на Кучаравае дрэва: і навошта яно так моцна зраслося з гэтым грунтам? І каму яно аддае гэты песенны дар? А для іх, што дае? Адзін толькі водгук прыгожых песень, толькі водбліск агню, адны толькі іскрачкі з таго кастра, што гарыць для другіх.

Шуміць-шалясціць неспакойны вецер, калыша буйное лісце. Многа гарчэчы ў гэтым шалясценні беспрытульнага ветру.

Слухае Кучаравае дрэва, і постаць яго ахінаецца ў цень. І шэпча яно ў адказ гэтым звадлівым, горкім дакорам:

— Ну, што ж. Так сталася. Я тут вырасла. Сокі гэтай зямлі, куды ўрасло маё карэнне, пераліліся ў сэрца маё і ў думкі мае, і гучаць яны ў песнях маіх...

Эх, многа цяжкіх хвілін перажыло Кучаравае дрэва!

У глыбі ёсць нікому невідочныя скрыжалі, а на іх запісаны мукі і боль, аб якіх часам ніхто не ведае і не здагадваецца.

10/ХІ 1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7