epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Куцця

Колядны вечар

Вось і Коляды недалёка. Чакаюць дзеці гэтага свята, а найбольш – першай Куцці. Прыйшла і Куцця. За дзень да Куцці ў хатах прыбіраюць, мыюць сталы, лавы, вокны. Куцця – важны дзень, адзін раз у год бывае, трэба ж сустрэць яго добра. Хлопцы яшчэ за тыдзень да Коляд пачынаюць рабіць гвязды.

Самы важны момант у Колядныя святы – гэта Куцця, або Колядны вечар. Уся сямʼя стараецца сабрацца ў хату ў гэты вечар. Мыюцца цёплаю вадою ў ночвах старыя і малыя: трэба ж ахаяцца хоць раз у год ад гразі і сустрэць важны дзень як мае быць. У хаце няма клапотаў буднага жыцця. Усё, што не патрэбна ў хаце ў свята, выносіцца вон, у сені або ў камору, каб не занімала месца. Нават на комінку не разлажылі агню, як у будныя дні, а запалілі лямпу. Гаспадыня ўходжваецца каля печы. Старшая дачка або братава памагае ёй. Уся лава каля дзвярэй завалена ўсякімі прыпасамі. Тут стаяць і тараны, і селядцы, і мак, каторы пяць месяцаў вісеў на гарэ, завязаны ў торбачку, і сухія грыбы. Яшчэ з вечара запалілі ў печы. Брэнчаюць сквароды (патэльні) аб прыпек, пішчыць цеста на гарачай сквародзе, і аладкі, як грушы, кідаюцца на зэдлік, засланы чыстым белым настольнікам (абрусом).

– Ну, гатова ў цябе вячэра ці не? – пытае гаспадар жонку.

– Можна засцілаць стол, садзіцеся, – адказвае гаспадыня.

З усіх вуглоў хаты пайшлі да стала. Покуць займае самы старшы ў хаце – дзед ці бацька. З краю стала садзіцца сам гаспадар; каля яго ляжыць хлеб, каторы ён кроіць тонкімі лустамі.

На покуці пад абразамі, на мяккім сене, даўно ўжо стаіць гаршчок з куццёю. Дзеці бяруць з покуці па жменьцы сена і цярушаць яго па стале, а на сена засцілаюць чысценькі белы настольнік (абрус). Некалькі мінут у хаце наступае цішыня. Гаспадар хрысціцца шырока і шэпча малітву, абярнуўшыся да абразоў тварам. А цэлы рад святых важна і строга пазірае на стол. А тым часам той, хто сядзіць бліжэй каля аладак, кладзе кожнаму па аладцы, каб было чым закусіць. Пасярэдзіне стала стаіць пляшка гарэлкі. К пляшцы прытуліўся кілішак – адзін на ўсю кампанію.

Вось гаспадар бярэ бутэльку, здзірае пячаць і выкалупвае корак шылам ці відэльцам. Гарэлку пʼюць па парадку: перш старшыя, потым малодшыя. Кожны «вялікі» лічыць сваёю павіннасцю сказаць перад тым як выпіць некалькі слоў, каб даў Бог здароўя і шчасця.

– Дай Божа! – адказвае той, да каго пʼюць гарэлку. На закуску ставіцца смажаная (пражаная) рыба, потым падаецца верашчака з грыбамі, таранамі і селядцамі. За мачаннем ідзе квас, за квасам ягады з разынкамі і слівамі; далей аладачкі на салодкай вадзе, за імі кісель з сытаю, за кісялём пірог або сліжы, размочаныя ў макавай вадзе, а там і куцця. Хоць пасля гэтага і не хочацца куцці, але закон дзедаўскі вымагае, каб хоць лыжку, а зʼесці куцці.

– Ну, дзеці, пашукаеце заўтра ў сене зернят, якіх будзе больш; калі многа жыта – уродзіцца жыта, многа ячменю – будзе ячмень, аўса – авёс.

– От хіба наеўся! – не выцерпіць хто-небудзь з малых пасля вячэры, каб не пахваліцца. – Мо каб хто палажыў жыватом на стале, то закруціў бы на пупе!

Старшыя смяюцца на такую штуку малога смешніка.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5