Ад Інгула да Вазузы
Ходзіць слава кукурузы:
Не знайсці кармоў на лузе,
Роўных сытнай кукурузе!
Хочаш мець касцюм для сына,
Жонцы, дочцы справіць блузы,–
Не шкадуй угоддзя-кліна
Для яе, для кукурузы.
Каб не быў твой дзень кургузы,
Не цурайся кукурузы.
І ты ў творчым у імкненні
Запрагай, паэце, музу.
У натхненні-захапленні
Услаўляйце кукурузу.
Кампазітар, меней фузу,–
Тромкай, брат, пра кукурузу.
Калі ты мастак заўзяты,
Дык з жыццём будзь у саюзе
І пішы, малюй плакаты
Аб сілосе-кукурузе.
Бо гаворыць медыцына,
Проста ў козыр ходзіць з туза:
Няма лепей вітаміна,
Чым дае нам кукуруза.
Каб гулі каналы, шлюзы,
Болей сейце кукурузы!
І зязюля кукавала:
Ку-ку-руза – гэта мяса,
Ку-ку-руза – гэта сала,
Ку-ку-руза – скарб калгаса.
Дык гадуйся, кукурузка:
Ты для ўсіх жывёл закуска!
[1955]