epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Летам

Ну ж і волі, волі

У гаі за вёскай!

А цяплынь, цяплынь!

Весела на полі,

Слаўна пад бярозкай,

Хоць ты сядзь-спачынь.

 

Палюбуйся толькі:

Травы, што не збрысці,

Кветак — не злічыць!

        Гойдаюцца голькі,

А на гольках лісце

Сонцамі блішчыць.

 

 

Пчолкі, матылёчкі,

Як сняжынкі тыя,

Мільгацяць вакол.

Жоўтыя пясочкі —

Крупкі залатыя,

Хоць бяры ў прыпол!

 

Ды хіба ты ўседзіш

        У такой раскошы,

Сярод кветак, траў?

Што там згледзеў Федзя?

Што знайшоў Цімоша

І Дружка пазваў?

 

І ўсе яны трое

Збіліся маўкліва

Шчыльненька ў гурток.

«Ну, што там такое?

Ну, што там за дзіва?» —

        Думае Дружок.

 

Нават Коля з сеткай

Стаў, нібы на варту,

І глядзіць на іх.

А лявей над кветкай

Прысядае Марта,

Шчаслівей за ўсіх.

 

Між двух дрэў сястрычка

Браціка за ручку

З кошыкам вядзе.

        Мусіць, у сунічкі,

Унь у тыя лучкі,

Брат з сястрой ідзе.

 

Добра Янку ў гаі,

Люба на паходзе

Пагуляць з кашом.

Толькі вось не знаю,

Куды то Валодзя

Рушыў з малышом.

 

 

А малыш на плечы

        Сеў, ды так забаўна,

І глядзіць арлом.

Добры дзень і вечар

Нашым дзецям слаўным —

Цешцеся жыццём!

 

27/V 1939


27.05.1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945