epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Летні поўдзень

Высока стаіць яснае сонца на чыстым небе. Ціха ўсюды!.. Збожжа на полі чуць-чуць скалыхнецца, як павее гарачы вецер, і ізноў заспакоіцца, не зварухнецца. «Варыць, як у гаршку», – кажуць вясковыя людзі. Далёка-далёка цягнецца вастраверхая палоска лесу, заслаўшыся сіняватаю смагаю не то туману, не то дыму. Усё прымоўкла, усё хаваецца ў цянёк ад гарачага сонца. Нават гутарлівыя птушкі перасталі спяваць і сядзяць дзе-небудзь на галінах у халадку зялёных лісцеў. Толькі конікі адны трашчаць у траве ды мігаюцца беленькія і чырвоненькія матылькі, трапечучы сваімі кроплястымі крыльцамі. Ціха!.. Чутно нават, як пралятае працавітая пчолка. «Ву-у-ум!» – рассякаюць яны воздух борздым палётам сваім і напаўняюць яго цененькім прыятным звонам. У небе дзе-нідзе праплыве пушыстая белая хмурка, як ком воўны, і схаваецца за лесам або растане, як снег, далёка ў небе.

Усё прытаілася, як бы задрамала. Толькі часамі закукуе зязюлька разоў два ў зялёных лісцях і борзда змаўкае. Каршун, падняўшыся высока над лугам, кружыцца ў небе, выглядаючы сабе пажытак, і нудны крык яго голасна расплываецца пад хмарамі над заспакоеным лугам.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5