epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Леў i воўк

Хадзіў па лузе конь. Ідзе леў.

—Ідзі за мною! — загадаў леў.

—А чаго я пайду? — пытае конь.

—Як смееш ты размаўляць так са мною? — крыкнуў грозна леў. — Ці ты не ведаеш, хто я? Я звер над звярамі. Я галодны і хачу цябе зʼесці.

—Э, — кажа конь, — не тыя цяпер часы, што хто каго нагне, той таго набʼе.

—Ты асмельваешся думаць, што я слабейшы за цябе?

—Я ў гэтым пэвен, — кажа конь. — Давай прабаваць сілу.

Ляжаў на лузе камень.

—Хадзі сюды, — кажа конь.

Падышлі да каменя.

—Ты можаш так стукнуць па гэтым камені, каб з яго іскры пасыпаліся?

Драпануў леў лапаю па камені — кіпцюры паламаў.

— Эх, леў, леў! А яшчэ называеш сябе звяром над звярамі. Глядзі, як я стукну.

У каня на нагах былі сталёвыя падковы. Стукнуў конь капытом па камені, іскры так і ўзвіліся. Спалохаўся леў, кінуўся ён назад у лес. Бяжыць, не аглядаецца.

— Куды бяжыш, леў? — пытае яго воўк.

Сказаў леў воўку, якога страшнага звера ён спаткаў.

—І ты яго збаяўся? — пытае воўк.— Эх, каб ён мне папаўся, я жыва з ім справіўся б. Толькі пакажы мне яго.

Узяў леў воўка ў пярэднія лапы, сам на заднія стаў.

—Глядзі!

Льву здавалася, што ён памаленьку воўка трымаў, а ў таго косці хруснулі і дух выскачыў вон.

—Ну што, бачыш?

Нічога не адказвае воўк.

—Што ж ты маўчыш?

Апусціў леў воўка на зямлю, бачыць — не дыхае воўк.

—Эх ты, хвалько: толькі ўбачыў яго і то ўжо самлеў. А я прабаваў з ім сілу!

Кінуў леў воўка, а сам далей пабег.

 

[1906–1907, 1928]


[1906-1907,1928]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7