epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Люд стогне, гаруе пад цяжарам меча..."

* * *

 

Люд стогне, гаруе пад цяжарам меча,

Скаваў яго сэрца гарачае лёд.

Адкрыты дарогі табе, чалавеча,

На поўдзень, на захад, на ўсход.

 

Ты вольны, нябога, ідзі куды хочаш,

Ты можаш ярэмʼе пабіць.

І чуткія вушы, арліныя вочы,

І сэрца ты маеш любіць.

 

Вы ж збіліся з сцежкі, вас ноч ахапіла,

Арліныя вочы патухлі у вас,

Вас водзіць у полі нячыстая сіла,

Агонь ваш у сэрцы пагас.

Аб чым жа сумуеш, народ неспакойны?

Акінь сваім вокам прыгожую даль,

Ахамяніся, будзь волі дастойны,

І радасць пазнаеш, адкінеш ты жаль…

 

27/VII 1917


27.07.1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938