Ты без мяне, а я далёка.
Над стэпам звіс нябёсаў тын,
А снег стэповы слепіць вока,
І сумна мне, бо я адзін.
За час наш доўгі я нямала
Быў у разлуцы і журбе.
Рука мая не ўсё спісала
З таго, што думаў аб табе.
Я знаю — шмат ты мела гора
І горыч дум піла да дна,
І шмат было тваіх дакораў,
Хоць ты ў душы маёй адна.
— Даруй жа мне! — скажу я толькі,
Схіліўшы нізка галаву. —
Забудзь пакуты, гора, болькі —
Табой я жыў, табой жыву.
І блізка ты, і ты далёка.
Над стэпам звіс нябёсаў тын.
Змярцвелы стэп не цешыць вока,
І сумна мне, бо я адзін.
25/І 1943