Я хачу прыгадаць
Нашы дні былыя,
Вусце, луг, сенажаць
І дубы старыя;
Залатыя пяскі
Беразянскіх пустак,
Хвайнякоў паяскі,
Што пралеглі з густам;
І дарог абрусы
У шаўковай ткані,
Чабары, верасы
На глухой паляне.
Як мне дораг час той,
Той зямлі украсы,
Дзе хадзілі з табой
Мы ў грыбныя часы.
Эх, вярнуцца б нам зноў
К родным пералазам
Ды між рэчак, дубоў
Зноў прайсціся разам.
Аб табе, сваім дню,
І аб Беларусі
Я гадаю і сню,
Мілая Маруся.
У дарозе з Ташкента ў Маскву
8/ІІ 1942