epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

М. Д. М.

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

Вясна пазірае з высокага неба,

У сонцавых косах іскрыцца.

З-пад снегу выходзіць знямелая глеба,

Расплюшчвае вочы крыніца.

 

І хата ўжо блізка, і лес наш духмяны

        Пах смолак зычліва струменіць.

Няхай жа загояцца болі і раны

І сыдуць панурыя цені.

 

Вясна расчыняе наўсцяж аканіцы

І сцеле на дол аксаміты.

Зачэрпвай жа сілы з гаючай крыніцы,

З зямлі нашай, горам спавітай!

 

Распусціцца лісце на белай бярозе,

І ляжа прад намі шлях новы.

Дык рана яшчэ прыставаць у дарозе,

        Не ўсе нашы сказаны словы.

 

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,

Каб толькі была ты здарова.

Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,

Пачуй маё шчырае слова!

 

21/ІІІ 1945


21.03.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945