epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Мая зямля

Далёка ты, мая зямля-матуля.

І цяжка жыць, не бачачы цябе,

Не знаючы, што дзень наступны суліць,

Што ноч нясе, стаіўшыся ў журбе.

 

І колькі раз у змушанай разлуцы

Я мыслямі, душою к табе плыў!

Як сірата, я прагнуў прыгарнуцца

Да ўлоння лук, да шуму тваіх ніў.

 

Ідзе мой шлях — то звілісты, то роўны —

        К апошняму прытулку на зямлі,

І многа зʼяў, падзей, як сон, чароўных

У прошлае навекі адплылі.

 

Гляджу на іх, на раніцы і весны,

На хоры мар, юнацтва майго сны.

Мне свет тады здаваўся вузкім, цесным,

І новае шукаў я стараны.

І шкода іх, дзянніц, палаўшых жарам,

І касавіц, і пройдзеных дарог,

І тых вятроў, што рваліся з-пад хмары

        І сеялі брыльянты на мурог.

 

Звіняць, пяюць, як струны арфы гожай,

Вільготны луг, прасторы над зямлёй,

А ты плывеш, бы хваля ў падарожжы,

Агорнуты спакоем, цеплынёй.

 

Ідзеш, глядзіш — і што ты ў гмаху-свеце!

Былінка кволая, малеча, пыл,

Павейвае густы лагодны вецер,

Ты чуеш пах зямляных яго крыл.

 

Стаяць бары. Дубы, нібы магнаты,

        Над рэкамі разгортваюць шатры,

А лазнякі спраўляюць сваё свята,

І штосьці сніць іх лісце ў гушчары.

 

А даль зямлі празрыстаю сінечай

Атульвае лясы, гаі, луку,

І, смужны плашч накінуўшы на плечы,

Ляжаць шляхі ў бярозавым вянку.

 

Такая ты, зямля, мая матуля,

І вы, малюнкі роднае зямлі!

Эх, шмат чаго вы бачылі і чулі,

        Спрадвечныя дарогі і палі!

 

Такіх жа бед, што сёння налучылі

Цябе, мой край, не ведаў ты вавек:

Пякельных мук твае страшнейшы былі —

Фашысцкі звер пагрыз цябе, пасек.

 

Ты зранена, зямля, мая матуля,

І кроўю ўся ты шчодра паліта,

Але твой стан чужынцы не сагнулі,

Не ўстрашыла фашысцкая пята.

 

Зямля мая! Разлучаны з табою,

        Табой дышу, табою я жыву.

Прад вамі ж, воіны, байцы-героі,

Я ў радасці схіляю галаву.

  Зямля мая, краіна непакоры!

Ты голас мой пачуй у шуме гроз:

З табою я дзялю пакуты, гора, —

З дзяцінства я з тваім злучыў свой лёс.

 

Дык вер жа, вер, зямля, мая матуля:

Наш ясны дзень не змеркнуў, не пагас,

І далі сінь зноў ласкай нас атуліць,

        І прыйдзе нам збавення светлы час.

 

Зямля мая! Прызнаюся я шчыра:

Малю свой лёс я толькі аб адным —

Сабрацца зноў у радасны свой вырай,

Каб слодыч мар адчуць нутром зямным;

 

Злучыцца зноў з табой, мая матуля,

Абняць цябе, шчакой прыльнуць да ран,

Да свежых ран, што свет ускалыхнулі,

І сведкай стаць, як прошласці курган.

 

1/ІІ 1943


01.02.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945