epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Маёй вясне

Каб я волю меў,

Я сказаў бы: «Стой,

Дні вясны маёй,

Светлай, маладой!

 

Не ўцякайце вы

Ў тую даль вякоў,

Дзе пахована

Многа вас, дзянькоў,

 

І адкуль назад

    Вам няма дарог!»

Я б стрымаў вясну,

Каб я толькі мог.

Ды бягуць дзянькі

І вясна мая,

Не вярну я іх,

Не стрымаю я.

 

26/VI 1910


26.06.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910