epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Макарка Навак

I
II
III
IV


I

 

 

Макарку Наваку мінула ўсяго толькі дванаццаць год, але шмат змен адбылося за гэты час. Макарка яшчэ помніць, як бацька яго мерна ступаў за плугам на сваім вузенькім шнуры, а маці адна хадзіла жаць на гэты шнур. За ёю ішоў і Макарка: не было з кім застацца яму дома. Шмат клопату было тады матцы з Макаркам: яна спяшаецца на поле, а Макарка падыдзе і спыніцца. То ён згледзіць на дарозе цікавага жучка, то з травы ўздымецца птушка, то праляціць прыгожы матылёк. Макарку хацелася на ўсё паглядзець і ўсё разгледзець, пра ўсё распытаць, каб адвесці кожнай зʼяве належнае месца. Цяпер усё гэта здаецца яму далёкім і нават смешным, а тады справа прымала часам і нечаканы паварот. Матка злавалася, крычала на Макарку, і Макарка справядліва адчуваў сябе пакрыўджаным няўвагаю маткі да таго, што так моцна цікавіла і займала яго дзіцячыя думкі.

Так было яшчэ гадоў восем таму назад. Цяпер, калі зірнуць на іхняе поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры разам з адзінокімі постацямі аратых і жней. Макарка часта любаваўся полем у яго новым выглядзе: такое ж яно прасторнае! А па полі паважна поўзаюць трактары, адрэзваючы цэлы гурт скібаў пахучай зямлі, напаўняючы цішыню ўзлескаў магутным гоманам. А на трактарах сядзяць свае ж хлопцы і спрытна водзяць паслушныя ім машыны. Макарка не раз пазіраў на трактарыстаў, на іх зухаўскую пасадку, на ссунутыя на патыліцу шапкі, на дужыя загарэлыя рукі і зайздросціў ім ад усяго сэрца, і ў той жа час ён ганарыўся імі. І асабліва здзіўляла тут Макарку тое, што на адным трактары сядзела Марына Кунашка. Яе чырвоная хустачка, завязаная паўз-верх русявых кудзер, здалёку кідалася ў вочы і нейкім асаблівым чынам вылучала яе постаць на гэтай шырокай зямлі. Яна, напэўна, спявала песню, бо ў яе быў добры голас, і яна любіла спяваць. Пазіраючы на гэтых жалезных коней і на трактарыстаў, Макарка цвёрда пастанавіў – навучыцца кіраваць трактарам, калі вырасце.

Змянілася не толькі поле – змены адбыліся і ў іх вёсцы. Павырасталі новыя будынкі: клуб, школа, бальніца, дзіцячыя яслі і сады, а каля гэтых будынкаў раскінуліся прыгожыя дворыкі і пляцоўкі з чысценькімі роўнымі дарожкамі, з клумбамі, дзе раслі самыя разнастайныя кветкі. Тут можна было і пагуляць і пасядзець на лаўках-канапках пад ценем маладых каштанаў. І ўсё гэта прыемна кідалася ў вочы і вабіла да сябе, выклікала пачуццё замілавання да гэтай новай зямлі, да людзей, што абнаўлялі яе і будавалі на ёй новы чалавечы ўтулак. А што асабліва падабалася Макарку, дык гэта шасейная дарога, збудаваная таксама за яго памяць. Яна спараджала ў Макаркавым сэрцы нейкае новае пачуццё – пачуццё далечыні і прастору. Як слаўна было прайсціся па гэтай дарозе! Колькі паваротак рабіла яна, пралёгшы між узгоркаў і сядзіб, перасекшы лясы і балоты! Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася яна роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном.

Як чаруюць і вабяць да сябе акуратненька і клапатліва пастаўленыя праз пэўную адлегласць лаўкі каля дарогі! Утульна стаяць яны на маленькіх расчышчаных пляцоўках у ценю дрэўцаў. Вось так, здаецца, і гавораць падарожніку: «Прысядзь, калі ласка! Адпачні ды паразважай, браток!» А колькі прыгожых кветнічкаў каля дарогі! Ды колькі на іх усялякіх кветак!.. А гэтыя белыя слупкі з прыбітымі на іх дошчачкамі, на якіх паказаны розныя дарожныя знакі і зроблены надпісы – назвы дарог, сядзіб, вёсак, гарадоў. А як прыгожа выведзены на адкосах дарогі дзяржаўныя гербы, розныя лозунгі, кожная літара якіх зложана з маленькіх каменьчыкаў, кавалачкаў цэглы, пафарбаваных у розныя колеры. А колькі руху на гэтай дарозе! Колькі машын прабягае па ёй! Макарка любіў пазіраць, як імчацца машыны, і часамі, так сабе, жартам, падымаў руку, каб падвезлі яго на машыне... Дык як жа не любіць такую слаўную дарогу?!

Многа думак спараджае яна ў Макаркавай галаве. І хочацца яму прайсці яе з канца ў канец. Праўда, адзін яе канец Макарку амаль увесь вядомы: гэты канец упіраецца ў прыгранічча (а Макарка жыў непадалёку ад граніцы). Калі ўзысці вунь на той узгорак, што лявей вёскі, дык адтуль відаць краіна, над якою распасцірае крылле белы панскі арол.

Калі Макарку здаралася вольным часам праходзіць непадалёку ад той горкі, адкуль відаць другая зямля, то ён не мінаў яе амаль ніколі. Узыдзе на самую верхавіну і запыніцца: два розныя светы ляжаць перад яго вачыма. Адзін свет так вабіць і так радуе яго сваімі шырокімі прасторамі, дзе ўсе дарогі гасцінна расчынены перад ім, і ўсе яны даступны яму. Зусім іншы настрой і іншыя думкі выклікае зямля па той бок граніцы. Ён шмат чаго чуў аб тым, што робіцца там, на той зямлі. Яна часта прыцягвала да сябе яго вочы і думкі. Ён ведаў, што там распараджаецца зямлёй не народ, а паны. Многа там панскіх двароў, шляхецкіх фальваркаў, якія захапілі самыя ўраджайныя кавалкі. Макарка ведае, што паны стварылі так званыя «ўсходнія крэсы» і засялілі іх польскімі кулакамі-асаднікамі, а народ, які жыў тут спрадвеку, сагналі з яго зямель. І шмат беднага сялянскага люду пайшло батрачыць у панскія двары і фальваркі або бадзяцца па гарадах, шукаючы сабе работы і не знаходзячы яе. А над галодным і голым людам апякуюцца паны і ксяндзы, гэтыя прабеглыя выжыгі ў чорных сутанах. Будуюць яны сабе рай на зямлі на пакуце народа, а яму абяцаюць рай на тым свеце. Нават школ сваіх не маюць там людзі. Дзесяткі тысяч беднай дзятвы застаюцца непісьменнымі, бо няма дзе вучыцца і няма ў што адзецца і абуцца, каб наведваць хоць тыя шляхецкія школкі, што пабудавалі паны і ксяндзы. Такая несправядлівасць моцна абурае Макарку. У іх піянерскім атрадзе не раз вяліся гутаркі аб тым, як лютуе там панская ўлада, як цяжка жыць беднаму працоўнаму народу пад панскім прыгнётам. Але Макарка, як і ўсе піянеры, ведае, што не век будуць панаваць там паны, бо народ церпіць крыўды і сваё бяспраўе да пары, да часу, бо ён употайку збірае сілу, каб абрушыць яе на сваіх заклятых ворагаў-прыблудаў, бо ў сэрцы народа жывуць светлыя вобразы вялікіх прыяцеляў прыгнечанага люду, яго правадыроў і настаўнікаў – Леніна і Сталіна. Панскае панаванне скончыцца. Ачысціцца зямля ад трутняў-дармаедаў. Макарка ў гэтым не сумняваецца. Аб гэтым сведчыць і яго верш, дзе ёсць такая страфа:

 

 

Пан лютуе, здзекі чыніць,

Ды ён мыліцца:

Стукнуць пана малатком

Па патыліцы.

 

 

 

II

 

Жыццё ў прыграніччы мае свае асаблівасці. Яно накладае свой адбітак на людзей, што жывуць у прыграніччы, вучыць іх дзяржаць вуха востра і зорка глядзець навокал. Кожнаму прыгранічнаму чалавеку вядома, з якою нянавісцю паглядае сюды пан і яго слугі і на што могуць пайсці яны, каб толькі нашкодзіць і прычыніць нам ліха. Макарка ведае, што для паноў суседства з намі – тое самае, што для савы-пугача і іншых начніц сонца яснага дня: яно слепіць ім вочы. Вось чаму кожны раз, калі Макарка стаяў на той горцы і думаў пра паноў, твар яго рабіўся суровым і бязлітасным, і ён падымаў руку і трос на паноў кулаком.

Залатая восень тысячамі дарог ступала, хоць яшчэ і нясмела, на зямлю і афарбоўвала яе далі і прасторы неба ў лагодныя тоны нейкага ціхага роздуму. Тонкая, сіняватая смуга, поўная цеплыні і ласкі, песціла далёкія лясы і купчастыя бярозы, што адзінокімі постацямі абступалі старую і цяпер ужо заглухлую дарогу, бегучы разам з ёю кудысьці далёка на захад і на ўсход. Праз невялікія адлегласці мяняліся далі, то звужваліся, сціснутыя лясамі, то зноў расступаліся, адкрываючы цэлы рад новых малюнкаў. Апошнія бабкі жыта і аўса ўжо звезены з калгасных прасторных палёў. Зноў загулі трактары, падгатаўляючы зямлю да прыёму новага насення, а месцамі ўжо вялася і самая сяўба.

Макарка Навак і яго прыяцель Лёнік Атрушкевіч, абодва ў чырвоных гальштуках, варочаліся з школы дамоў. Сёння першы дзень школьных заняткаў. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Ужо адно ўсведамленне таго, што яны – вучні пятага класа, многа значыць. Яны адчувалі сябе амаль дарослымі людзьмі, бо ўжо з пятага класа пачынаецца сурʼёзная навука. Рагатка ж, якая ляжала на ўсякі выпадак у кішэні Лёнькі, зусім траціла сваё значэнне. Яму нават няёмка было цяпер даставаць яе з кішэні. Ён не забываў пра яе, але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Вось хіба толькі калі пакажацца які-небудзь звер, дык яе можна будзе пусціць у ход. Хлопцы ішлі вясёлыя, і настрой у іх быў узняты. Яны прайшлі палавіну дарогі. Усяго да школы не было і трох кіламетраў. Спускаючыся з горкі, яны згледзелі трактар. З шумам і грукам поўз ён у бок дарогі, як бы намерваючыся перарэзаць яе. Трактарам кіравала Марына Кунашка. Адразу можна было пазнаць яе па чырвонай хустачцы, з-пад якой выбіваліся непакорныя русыя кудзеры.

– З школы ідзяце, хлопчыкі? – весела запытала Марына, спрытна заварочваючы трактар, каб пачаць рэзаць новыя лусты пахучай зямлі.

Макарка і Лёнік прыпыніліся.

– Ці цяжка кіраваць трактарам, Марына?

Як відаць, пытанне гэтае вельмі цікавіла Макарку.

– Як навучышся, дык яно і не цяжка, – адказала вясёлая трактарыстка.

Трактар і Марынчына чырвоная хустачка паволі сталі аддаляцца ад дарогі, закрываючыся клубам лёгкага пылу.

Макарка і Лёнік пастаялі яшчэ трохі, пакуль адышоўся трактар і прыглух яго шум.

– Ну, займуся я трактарам, – рашуча сказаў Макарка. – Зраблю мадэль, вывучу матор і ўсе часці і навучуся кіраваць трактарам, вось пабачыш.

– Давай зоймемся разам! – падхапіў Лёнік думку свайго прыяцеля.

– Давай! – згадзіўся Макарка.

Яны рушылі далей і з жарам вялі гутарку, як будуць рабіць мадэль трактара. Яны і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Ён ішоў палявою дарожкай і якраз выходзіў на вялікую дарогу, якою ішлі Макарка і Лёнька. Нічога асаблівага не было ні ў постаці гэтага чалавека, ні ў яго абліччы, ні ў адзенні, – звычайны чалавек, сярэдняга росту, чарнявы. На выгляд яму было не болей як трыццаць гадоў.

– Куды гэта ідзяце вы, хлопчыкі? – запытаў незнаёмы чалавек. Запытаў ён прыязна і бестурботна. Так мог гаварыць чалавек, у якога на сэрцы поўны спакой і ніякіх ліхіх думак у галаве.

Макарка і Лёнік прыпыніліся.

– А мы сабе так ідзём – гуляем, – адказаў Макарка, а Лёнік дадаў у тон свайму сябру:

– Збіраем калекцыі.

– О, якія вы малайцы! – пахваліў іх незнаёмы чалавек і запытаўся ізноў: – То, мусіць, вы – школьнікі?

Хлопцы адказалі не адразу.

– А навошта вам гэта ведаць? – запытаў Макарка.

Незнаёмы чалавек дабрадушна засмяяўся.

– Малайцы! Слаўныя вы хлопцы! Не ўсё трэба гаварыць кожнаму, хто папытаецца ў вас, асабліва, калі вы яго не ведаеце. Вось і я: а можа я – ліхі чалавек, шпіён які-небудзь?.. Вы ж не ведаеце мяне? – І ён уважліва паглядзеў на Макарку і Лёніка, прыветна кіўнуў ім галавою і, перасекшы вялікую дарогу, пайшоў далей палявою дарожкай. Здзіўленыя спатканнем і гутаркаю з незнаёмым чалавекам, Макарка і Лёнік недаўменна і моўчкі зірнулі адзін аднаму ў вочы. Незнаёмы ж чалавек, прайшоўшы крокаў дваццаць, аглянуўся і тонам нібы ўжо знаёмага з імі чалавека запытаў:

– А што – пападу я гэтай дарогай у Падборʼе?

– Пападзяце, – адказалі хлопцы.

Незнаёмы чалавек павольна пайшоў далей. Макарка раптам схапіў Лёніка за руку.

– Пойдзем сюды! – сказаў ён і пацягнуў яго ўбок з дарогі і спыніўся. – Як ты думаеш, што гэта за чалавек?

У голасе Макаркі чулася нейкая трывога. Яна перадалася і Лёніку. Лёнік недаўменна ўскінуў плячыма і ціха сказаў:

– Ведаеш, Макарка, што: давай мы схаваемся так, каб нас не відаць было, а мы каб яго бачылі – куды ён пойдзе?

Прыгнуўшыся, яны борздзенька прайшлі выемкаю дарогі, узышлі на вал, дзе былі кусцікі, і прылеглі за імі. Макаркі і Лёніка не відаць было, дарожка ж на Падборʼе і чалавек на ёй ім былі відны добра. Яны пільна сачылі за незнаёмым чалавекам, ахопленыя пачуццём нейкага неспакою.

– Калі зверне ў кусты, дык гэта – адтуль, – ціхенька сказаў Лёнік і кіўнуў на граніцу.

Макарка маўчаў, баючыся хоць на момант спусціць з вачэй незнаёмага чалавека. У меру таго, як чалавек гэты падыходзіў да хмызняку, узрастала хваляванне Макаркі і Лёніка. Вось ён параўняўся з зараснікам. Яго постаць нібы на момант спынілася, а потым раптам знікла. Засталася адна дарога і зялёны астравок зарасніку. Але чалавек павінен зараз паказацца ізноў: край зарасніку, праз які праходзіць дарога, невялікі – мінута хады, не болей. Ды чалавек не паказваўся.

– Пашыўся ў кусты, – прашаптаў устрывожаны Макарка.

– А пытаў дарогу на Падборʼе! – таксама ціха азваўся Лёнік.

Яшчэ некалькі хвілін пазіралі яны на дарогу, – чалавека не было.

– Лёнік, гэта шпіён! – сказаў Макарка, і ўпэўненасць чулася ў яго голасе.

– Шпіён! – пацвердзіў Лёнік, і заклапочанасць лягла на яго твар.

– Што ж нам рабіць? – запытаў ён. – Схаваецца гад, уцячэ!

У Макаркавай галаве раптам узнікла думка.

– Вось што, Лёнік: сядзі тут, каравуль, а я – на заставу!

– Бягай, бягай – напрасткі! А я буду глядзець... А то можа я пабягу?

– Не, Лёнік, ты аставайся тут і глядзі, ці не пакажацца ён і куды ён пойдзе...

 

 

III

 

Лёнік застаўся адзін на сваёй варце. Ён не спускаў з вачэй таго месца, дзе знік незнаёмы чалавек, глядзеў на дарогу за хмызняком і на ўсе выхады з хмызняку. Ён толькі зрэдку пераводзіў вочы ў той бок, куды пабег Макарка. А Макарка спяшаўся хутчэй дабегчы да заставы. Ён выбіраў такія мясціны, каб не кідацца нікому ў вочы, асабліва, каб не згледзеў яго той страшны і ліхі чалавек і каб не разгадаў яго намер. Некалькі разоў мільганула яго шапка ў Лёнькавых вачах, а потым Макарка зусім схаваўся за ўзгоркамі, што ішлі ў бок заставы.

Лёніку спачатку было трохі страшна. А што, калі гэты ліхі чалавек дагадаецца і паверне назад? А можа ён пяройме дзе-небудзь Макарку?.. А можа гэта і не ліхі чалавек і яны дарэмна падымаюць трывогу, а на заставе толькі пасмяюцца з іх? Але Лёнька пільна стаяў на варце і зорка пазіраў, каб не прапусціць таго чалавека.

Калі большая частка дарогі засталася ззаду і перад вачыма Макаркі паказалася застава, тады толькі ён перавёў дух і ўздыхнуў вальней. Ад бегу і шпаркай хады шчокі яго разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Цяпер ён ішоў крыху спакайней і думаў пра тую гутарку, што павінна адбыцца ў яго на заставе, аб тым няпэўным чалавеку, якога трэба было праверыць. Ён быў перакананы, што робіць правільна, і гэта прыдавала яму смеласці. Каля варот заставы стаяў з вінтоўкаю пагранічнік-чырвонаармеец. Ён здалёк згледзеў Макарку і павярнуўся ў яго бок. Усё Макаркава аблічча казала за тое, што ён ідзе з нейкімі навінамі. Кроках у двух ад вартавога Макарка спыніўся. Чырвонаармеец пазіраў на Макарку, а Макарка глянуў у вочы чырвонаармейцу.

– Што скажаш, дружок? – запытаў чырвонаармеец.

– Мне на заставу, да начальніка.

– Што хочаш сказаць яму?

– Мы бачылі нейкага чалавека... Відаць, ён перайшоў граніцу.

Чырвонаармеец болей не распытваў Макарку і толькі сказаў:

– Пастой трохі тут, – і хутка падаўся да варот у невялікую прыбудоўку. Праз колькі хвілін чырвонаармеец вярнуўся, а яшчэ праз хвіліну ў дзвярах прыбудоўкі зʼявіўся высокі і статны лейтэнант. Ён быстра акінуў вачыма Макарку.

– Ну, расказвай, брат, што там такое, – звярнуўся ён да Макаркі.

Макарка тарапліва, часамі глытаючы словы, расказваў пра спатканне з незнаёмым чалавекам і пра тую гутарку, якая здалася і Макару і Лёніку падазронаю. А самае важнае ў паводзінах незнаёмага чалавека было тое, што ён распытваў пра Падборʼе, месца, дзе знаходзіцца застава, тым жа часам ён звярнуў з дарогі ў Падборʼе і знік у зарасніку. Камандзір слухаў уважна. Потым паставіў цэлы рад кароткіх пытанняў: як выглядае незнаёмы чалавек, малады ён ці стары, нізкі ці высокі і як ён адзеты. Макарка даваў дакладныя адказы.

– Добра! – сказаў начальнік. – Пастой тут!

Лейтэнант быстра павярнуўся, аддаў нейкі загад. Зараз жа з двара заставы пачулася тухканне конскіх капытоў. Да варот падʼязджалі два конныя чырвонаармейцы з аседланым канём для камандзіра. Адзін чырвонаармеец сядзеў у сядле. Следам бег сабака Гун, падобны да воўка. Вартавы расчыніў вароты.

– Ну, давай! – сказаў камандзір і спрытна ўскочыў на каня. – Давай сюды, браток! – камандзір падаў Макарку руку.

Вартавы чырвонаармеец лёгка падхапіў Макарку, і Макарка не апомніўся, як апынуўся ў сядле разам з камандзірам.

– Трымайся за мяне і паказвай дарогу.

Макарка горда сядзеў на сядле ўперадзе камандзіра.

 

 

IV

 

Лёнік пачынаў ужо непакоіцца, ці не здарылася чаго з Макаркам. Як ні глядзеў ён на зараснік, нікога там не было. Цяпер ён часта пераводзіў вочы ў той бок, адкуль павінен быў паказацца Макарка. І раптам зусім з другога боку і зусім нечакана згледзеў ён трох пагранічнікаў вярхом на конях. Радаснае здзіўленне Лёніка яшчэ болей узрасло, калі ён убачыў Макарку на адным сядле з перадавым коннікам. На тым месцы, дзе з імі сустрэўся незнаёмы чалавек, усе тры коннікі спыніліся і пазлазілі з коней. Лёнік ужо быў памкнуўся бегчы да іх, ды спыніўся спалоханы: да яго бег Гун. Але Гун лагодна абнюхаў Лёніка і глянуў яму ў вочы, нібы хацеў сказаць: «Ведаю, ты – прыяцель Макаркаў». А Макарка гукнуў:

– Не бойся, Лёнік, ён не ўкусіць. Бягай сюды!

Лёнік падбег да пагранічнікаў і па-піянерску прывітаўся.

– Ну, што бачыў на сваёй варце? – запытаў лейтэнант.

– Глядзеў я ўвесь час, але ён болей не паказваўся. Знік.

– А дзе іменна тое месца, дзе вы з ім гаварылі? – запытаўся лейтэнант у Макаркі і Лёніка.

Яны дакладна паказалі. Чырвонаармеец узяў сабаку на павадок і паказаў след прайшоўшага з гадзіну таму чалавека. Гун абнюхаў след і раптам змяніўся ў сваіх паводзінах: прыўзняў вушы, падняў галаву, панюхаў навокал паветра і падаўся ў бок зарасніку, цягнучы за сабою чырвонаармейца.

Лейтэнант загадаў аднаму пагранічніку ехаць конна побач пагранічча, а потым узяць улева і ехаць на пэўнае месца. Пагранічнік паўтарыў загад і са словамі: «Ёсць, таварыш камандзір!» паскакаў у паказаным кірунку. Лейтэнант і другі пагранічнік рушылі дарожкай у бок зарасніку. Макарка і Лёнік ішлі за імі: яны папрасілі дазволу дайсці з пагранічнікамі хоць да таго месца, дзе знік незнаёмы чалавек. Да зарасніку было не болей як паўкіламетра. Макарка і Лёнік падыходзілі да яго ў вялікім хваляванні: у гэтым зарасніку, на іх думку, павінна разгадацца загадка аб незнаёмым чалавеку. Сабака ўвесь час ішоў па слядах. Вось і зараснік. Сабака з дарогі не зварочваў, і толькі ў тым месцы, дзе яна падымалася на горку, Гун павярнуў направа і павёў ускрайкам зарасніку, а потым звярнуў у глыбіню яго. Чым далей, тым гусцей станавіўся зараснік, прабірацца з коньмі тут было цяжка. Лейтэнант спыніўся і сказаў:

– Коней пакінуць тут.

– Мы пабудзем каля іх! – азваўся з кустоў Макарка.

Яны зводдаль ішлі за пагранічнікамі. Ім так хацелася быць з імі і хоць чым-небудзь дапамагчы.

– А вы ўсё тут! – сказаў лейтэнант. – Далей ні на крок! Вярніцеся назад, а калі хочаце, дык чакайце нас там у зарасніку, каля дарогі.

Макарка і Лёнік спыніліся і чакалі. Зрэдку то адзін, то другі адыходзіліся трохі воддаль, дзе было зусім ціха і нішто не замінала ім слухаць. Навокал стаяла непарушная цішыня.

Макарка раптам увесь аж падскочыў.

– Глядзі, Лёнік: вунь, бачыш, нейкія людзі! – Макарка паказаў рукою на густы лес. І сапраўды, з правага крыла лесу, што абступаў поле іх калгаса, вырысаваліся на момант малюсенькія чалавечыя фігуркі, але зараз жа зніклі. Некалькі хвілін хлопцы стаялі моўчкі і прагна ўзіраліся на тое месца, дзе паказаліся людзі. Лёнік бачыў іх толькі на адзін міг.

– Колькі іх было? – запытаў ён.

– Ці то два, ці тры, – адказаў Макарка.

Хваляванне іх узрастала, але постаці людзей не паказваліся. Аж непадалёку адтуль прамчаўся чалавек на кані.

– Гэта яны, нашы! – крыкнуў Лёнік.

Яны добра бачылі верхавога, але і ён схаваўся.

Праз некалькі хвілін на грэбені ўзгорка ў некаторай адлегласці ад лесу паказаліся тры чалавекі. Цяпер яны выдаваліся шмат большымі. Яшчэ праз момант выплыла і постаць чалавека на кані. Ён далучыўся да групы з трох чалавек і ехаў ступою крыху збоку ад іх. Так, гэта яны, пагранічнікі. Але Лёнік пасеяў вялікае сумненне.

– Макарка! – сказаў ён. – Гэта, мусіць, другія пагранічнікі.

– Чаму ты так думаеш? – запытаў Макарка.

– А чаму сабакі не відаць?

Макарка сумеўся. І праўда – сабакі не было.

Уся група, трое пешых і адзін конны, паволі набліжаліся. Макарка і Лёнік чакалі з заміраннем сэрца. Цяпер усё было відаць добра: конны пагранічнік, чырвонаармеец з вінтоўкаю напагатове, а перад ім у двух кроках, унурыўшыся, ішоў той самы незнаёмы чалавек. Лейтэнант замыкаў групу. Макарка і Лёнік хутка накіраваліся да пагранічнікаў. Камандзір даў пагранічнікам нейкі загад, а сам пайшоў насустрач хлопцам.

– Ну, хлопчыкі, – спытаўся ён, – той гэта ці не?

– Той, той! – разам пацвердзілі Макарка і Лёнік.

– Дзякуй вам, хлопцы: гуся злавілі мы важнецкага.

– Дзядзя! – звярнуўся да яго Лёнік. – А дзе ж сабака?

Лейтэнант крыху нахмурыўся.

– Загінуў бедачына, – з ноткаю жалю сказаў ён. – Застрэліў яго паганец гэты. Думаў выратаваць сваю прадажную скуру, ды не ўдалося.

Лейтэнант запытаў прозвішчы Макаркі і Лёніка, дзе яны жывуць і дзе вучацца, і ўсё гэта запісаў у кніжачку, яшчэ раз падзякаваў ім, як гарачым патрыётам свае зямлі, і развітаўся.

Праз дзён дзесяць урачысты сход адбываўся ў школе. На відным месцы за сталом прэзідыума сядзелі Макарка Навак і Лёнік Атрушкевіч. На трыбуне – начальнік пагранічнай заставы. У простых і жывых словах гаварыў ён сходу аб нашым светлым жыцці, здабытым упартаю працаю і сумеснаю барацьбою ўсіх народаў вялікай савецкай зямлі пад сцягам гераічнай партыі Леніна–Сталіна. Ён расказаў, з якою нянавісцю глядзяць фашысцкія разбойнікі на нашу краіну: росквіт савецкай зямлі і дабрабыт яе народаў – смяртэльная небяспека для фашызму, асуджанага на пагібель. Яго агентура пускаецца на ўсё, каб шкодзіць нам і падрываць нашу моц. Але дарэмны гэтыя патугі. Зʼяднаны магутны савецкі народ – вялікі патрыёт сваёй зямлі, і ён не дапусціць фашысцкую поскудзь паганіць яе.

Цэлы рад прыкладаў прывёў прамоўца, як пільна і свята ахоўвае свае рубяжы савецкі народ і дапамагае пагранічнікам вынішчыць фашысцкую нечысць.

– Я рад, – сказаў прамоўца, – папоўніць гэтыя прыклады яшчэ адным новым.

Начальнік заставы паказаў на Макарку і Лёніка. Мнагалюдны сход горача і доўга вітаў піянераў-герояў воплескамі. Прамоўца расказаў сходу гісторыю, як быў злоўлены незнаёмы чалавек. Ён аказаўся вельмі буйным шпіёнам.

Ад імя пагранічнікаў Макарку і Лёніку была выказана падзяка і прыпаднесены каштоўныя падарункі.

Макарка і Лёнік адчувалі сябе шчаслівымі і гордымі, бо яны чэсна выпаўнілі перад Радзімаю свой піянерскі абавязак.

[1938]


[1938]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6