Даруй мне, Божа Бахус літасцівы,
Што я ахвяр табе не прынашу,
Што ў рот я не бяру гарэлкі, піва,
Не пазірай жа ты на мяне скрыва
І адпусці нявольны грэх, прашу!
Не я, мой Божа Бахус, вінаваты –
Я шчодрыя насіў табе дары,
Я не мінаў ларкоў і тае хаты,
Дзе выпівон быў гучны і багаты, –
Падрэзалі ж мне крыллі дактары.
О, Бахус! так яны пастанавілі,
Каб хмельнага ніякага ні ў зуб.
Няхай ад іх у кожнай зручнай хвілі
Нясе віном, гарелкай за дзве мілі
І слова пʼянае не сходзіць з губ.
Карай жа іх, о, Бахус бестурботны:
Ты ведаеш, што я – прыхільнік твой,
Служыць табе заўсёды я ахвотны,
Я без цябе і вялы і маркотны,
А дактароў ты ўдрэбезгі напой!
1/ІІІ 1951