epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Малітва беларускага пісьменніка

Надыйдзе час той знемажэння,

Утрацяць сілы

Мае крылы,

Мой дух апусціцца ў суценне

Даўно аджытага натхнення,

Не бачыш ты ні ў чым збавення,

Ты бачыш цьму пустой магілы.

Тады дыбаю я ў піўную

І кухель піва

Тарапліва

Бяру ў руку сваю худую,

Бо так патрэбу я пачую

Пазбыць трывогу ўсю дзянную,

І я тады шапчу маўкліва:

«О, кухель ёмкі, многазмесны!

О, кухель мілы!

Дай мне сілы!

Рассунь ты круг мой цёмны, цесны,

Хоць, праўда, ты не цар нябесны,

Але ты ўцішыш дух балесны,

Разгорнеш згорнутыя крылы».

Малюся, пʼю і весялею,

Лаўлю я тэму

Глуха-нему,

І кухель мне дае надзею,

Што нават цэнзару-зладзею

Я мыслі людскасці навею,

І ён прапусціць мне паэму.

 

[1925]


[1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938