epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Міхасёвы прыгоды (1933, 1935)

(паэма)

І - Напрадвесні
II
ІІІ - На ўлонні прыроды
IV
V - Рыбацтва
VI
VII - Ягады
VIII - Грыбы
ІX - Успаміны аб горадзе
развітанне


І - Напрадвесні

 

Надакучыла дзецям зіма:

Ім разгону зімою няма.

Маркотна Міхасю,

Алесю і Ясю,

Валодзю, Андрэю

І ўсім, хто дурэе

І хоча разгону –

Ну, Юрку, Сымону,

Марынцы, Тацянцы,

                Аленцы, Марʼянцы,

І Інцы, і Юльцы,

Натальцы, Ганульцы –

Ну, словам, дзяўчатам

І хлопцам,

Тым хватам.

Сагналі ахвоту на санках,

На лыжах, каньках і лядзянках.

Зімою забавы

Не дужа цікавы:

                Марозы, завеі,

І нос пасінее,

Чуць выскачыш з хаты

На холад зацяты.

Хваробы зімою

Ідуць чарадою:

То свінка, ангіна,

Адзёр, шкарлатына

Ды біч-жываглыт

Люты, злы дыфтэрыт...

          Надакучыла дзецям зіма,

І чакае вясны іх гурма.

 

II

 

 

Налучыла зімою Міхася бяда:

Захапіла Міхася хвароб чарада.

Прыстала ангіна,

А потым адзёр.

Чуць-чуць з дыфтэрыту

Міхась не памёр.

Забіла дыханне,

І горла, і нос.

                Ой, колькі пакуты

Міхась перанёс!

Ды ўсё ж далі рады

Яму дактары.

Вакцыну ўлівалі

Не менш разоў тры.

Каб не вакцына,

Памёр бы хлапчына.

І дні і нядзелі

        Ляжаў у пасцелі

                Слабенькі,

Худзенькі,

Малы Міхасёк,

Як падкошаны той васілёк.

І высах жа, бедны!

А тварык стаў бледны,

Празрысты, бы з воску.

Доктар дзіцячы

Лячэнне прызначыў –

Адправіць Міхася на вёску.

          Паветрам гаючым

І сонцам бліскучым

Міхасевы сілы ўзмацніць.

На ўлонні прыроды

Такія прыгоды,

Што ў горадзе нельга й сасніць.

Аб гэтых прыгодах якраз

І павядзецца тут сказ.

 

 

 

ІІІ - На ўлонні прыроды

 

Дзе ж Міхась знайшоў прыпынак

У свой летні адпачынак?

          Адкажу вам за Міхася:

У пасёлку пры калгасе.

І мясцінка самавіта:

Там шумела морам жыта,

А ячмень, густы, зялёны,

Адбіваў усім паклоны:

Ветру, сонцу, дробным пташкам,

І кузуркам, і букашкам,

Мілым дзеткам – Насці, Стасю,

Ну, і нашаму Міхасю.

          Для Міхася тут выгоды:

Тут сады і агароды,

Дзе цвітуць так пышна макі,

І дзіцячыя прысмакі:

Морква, рэпа спакусная,–

Рэдка хто іх абмінае,

І Міхась не раз украдкам

Завітае к гэтым градкам.

А якія тут пясочкі!

Проста цешаць яны вочкі

          І, здаецца, клічуць самі:

«Пагуляй, Міхаська, з намі!»

Ну, як тут не пагуляць,

Не пабегаць мінут пяць,

Ды чаму не разгарнуцца

Ды ў пяску не скачануцца?

Бегаў тут Міхась, гуляў

Ды з пясочкам размаўляў.

Не – цікавая мясцінка!

Што ні крок, то ўсё навінка

          І для вока і для вуха.

Ты глядзі сабе ды слухай,

Прыглядайся ды гуляй,

А дзе трэба – памагай!

Унь ускрай сядзібы

Конь паўзе сталёвы,

Рэжа лусты-скібы,

Хлебу тчэ асновы,

Поўніць шумам долы,

Дужы ды імклівы.

          Ногі яго – колы,

Дым заместа грывы.

Вось які ён воін,

Адгадайце ж, хто ён?

Дзесь у лесе звонка

Граюць-трубяць трубы...

Рух, жыццё, гамонка –

Падзівіцца люба!

Тут Міхасю воля,

Тут прастор шырокі,

          Любіць жа ён болей

Рэчку і затокі.

 

 

IV

 

Талька – слаўная рачушка,

Грунт яе пясчаны,

Бераг мяккі, як падушка,

Дзірваном засланы.

Луг квяцісты па ўзбярэжжы,

А трава, як лава.

Па грудах дубы, як вежы,

Паглядзець цікава.

          А буслоў тых і не злічыш –

Цэлыя брыгады!

І такія іх абліччы,

Бы вядуць нарады.

Тут і чаплі, гусі, качкі,

І сіваваронкі.

Колькі шуму і гарачкі,

Спеву і гамонкі!

А звярніце вашы вочы

Вось у гэту Тальку:

          Зачаруе каго хочаш –

Лёню і Натальку.

Тут убачыце вы

Свет вялікі, жывы

І дзіўны таксама.

Асабліва вось тут,

Калі ўзыдзеш на груд

Ды зірнеш на яму.

Гэта яма – ой, глыб!

Ну, а рыб жа тут, рыб –

          Процьма незлічона!

Гэту яму, сказаць,

Азярком лепш назваць

Па яе разгону.

А як выйдуць ляшчы,

Хоць у ладкі пляшчы:

Проста, ну, як плашкі!

Шчупакі, як ваўкі,

І звычай такі

І ўсе іх замашкі.

          Нерухома ў траве

Па гадзіне, па дзве

Тояцца, пражоры.

Бойся, язь, шчупака!

Лешч, не дай зевака,

А то будзе гора!

У такой глыбіні

Ёсць язі, акуні,

Голаватні, плоткі.

А кялбоў і яршоў

          І другіх малышоў

Не злічыць на соткі.

А як бухне тут сом –

Скаланецца кругом,

Ну, ўся азярына.

Вадзяныя кругі

Ліжуць, бʼюць берагі –

Сом, відаць, махіна.

І страх забірае Міхася

І трошкі цікавасць, вядома:

          Вось кінуць бы бомбаю ў сома,

Калі гэты сом на папасе!

 

 

V - Рыбацтва

 

Забрала Міхася турбота,

Падшыбла Міхася ахвота,

Аб гэтым сказаў ён і маме:

Рыбу павудзіць на яме.

Юрка ссукаў яму лёску,

Ванька зрэзаў бярозку –

Выйшла вудзільна «на пяць»,

У рукі было што узяць.

          Кручок, паплавок адмысловы –

Былі там майстры і галовы,

І быў у іх творчы размах,

Рабілі яны не за страх.

Затое ж і вуда – адна любата!

Ну, сцеражыся цяпер, драбната,

Рыбʼя сямейка,

Ёрш і уклейка!

Не адзін Міхась на яме:

Тут, паўз берагу ракі,

          На спаборніцтва з яршамі

Селі чуйна рыбакі.

Лёнька тут са стражы,

Хлопчык нехлямяжы,

Тут і Ванька з будкі,

Дасціпны і гнуткі,

І Аўсейчык Мішка,

Паўлік, Цішка, Грышка,

Хоць сабе малыя,

Але удалыя.

          Закідаюць свае вуды,

Хто на хлеб, на чарвяка,

Не глядзіць ніхто нікуды,

Воч не зводзіць з паплаўка.

І хвалююцца нямала

Нашы хлопцы-рыбакі,

Чуць-чуць рыбка заклявала,

І заскачуць паплаўкі.

Тут патрэбны спрыт, снароўка

І характар клёву знаць.

          Трэба ўмець у часе лоўка

Рыбку хітрую падняць.

Прыглядаўся Міхась,

Як клюе плотка, язь,

Ёрш, і лешч, і яльчык.

І бывала ярша –

Вы не смейцеся, ша! –

Выцягне ён з пальчык!

Ды што ёрш? – акуня –

Гэта вам не гульня –

          На кручок падчэпіць!

І пры гэтым не раз

Слова скажа ці сказ,

Як у сцену ўлепіць.

Раз здарэнне было –

Шчупака з паўкіло

Выцягнуў, ей-права!

Ну ж і радасць была!

Абышла з паўсяла

Пра Міхася слава.

        А той момант, калі

Быў шчупак на зямлі,

Не забыць ніколі.

Адкусіў ён кручок,

Гэты гад, шчупачок,

Лежачы на доле.

Быў тут страх, крык і смех,

І Даніла падбег

Памагаць Міхасю.

А Міхась ужо сам

          Адзін справіўся там,

І справіўся ў часе!

 

 

VI

 

Раз Міхаська быў на яме.

Сеў сабе на беражок.

Там пясочак, муражок,

Азярко само, бы ў раме,–

Зелень яркая, ліства

І высокая трава.

Збоку роўны вал чыгункі,

Мост жалезны над вадой,

          Дзе вагоны чарадой

На вадзе кладуць рысункі

Ды бягуць, ды грукацяць,

І Міхася весяляць.

Ён сядзіць і пазірае,

Як варушыцца вада,

Дзе рыб ходзіць грамада,

Як на сонцы яна грае,

Як у букце пад кустом

Баўтане шчупак хвастом.

          Тыя ж ластаўкі-вяртушкі

У надводнай цішыні

Не нацешацца з гульні

Ды такія ладзяць гушкі,

Весялушкі,

Шчабятушкі,

Што ніякі акрабат

Не патрапіць ім у лад.

Вот адна імкне стралою

І адразу звысака

          Бух на ўлонне азярка

Дужкай спрытнай, удалою!

Ды так лоўка па вадзе

Рыску крыльцам правядзе.

Пазірае Міхась

На гэтыя зʼявы,

Аж выпадак адзін,

          І дужа цікавы.

Ад Міхася збоку,

Так на сорак крокаў,

          Нейкі дзядзька-рыбак

Вартаваў жыўцоўку.

Ён ляжыць і курыць

Ды вачэй не жмурыць –

Ці не возьме шчупак

Плотку за галоўку.

Плотка – нішто цётка,

Каля фунта будзе,

А сама на вудзе.

Прывязь ёй каротка,

          Але шнура ніяк

Распусціць не можа.

І вось бачыць Міхась –

Па вадзе нешта шась!

Пэўна плотцы шчупак

Штось зрабіў нягожа.

Аж глядзіць – не тое,

Нешта больш дзіўное,

Ды па версе вады

Сучыць, нібы палка.

          Але раптам убок

Верне дзіўны плавок –

Ну якраз жа туды,

Дзе сядзіць Міхалка!

Як зірнуў наш Міхась –

Вуду вобземлю бразь!

– Вуж... Браткі, вось штука!

– Вуж плыве! Дзядзька, вуж!

– Стой ты, хлопча, не руш,

Можа то гадзюка!

          Вуж у бераг паплыў

І аір абкруціў

Скруткам нерухліва.

А сам страшны такі!

Спіна ўся і бакі

Рыжыя на дзіва.

Падбягае рыбак

Ды хапае кіяк.

– Гэта ж, брат, гадзюка,

І такая злюка!

          Сцеражыся, браток,

Адыдзіся ў куток!

Размахнуўся тут дзядзька калом,

Раз – прамазаў! Другі!

Разгарнула гадзюка кругі,

Павярнулася ўверх жыватом.

Падчапіў яе дзядзька на кол,

З вады вынуў на дол,

На пясок, на траву,

Распляскаў ёй ушчэнт галаву,

І каб больш не было яе духу,

На агонь палажылі псяюху!

 

 

VII - Ягады

 

Пранеслася чутка

Па калгасных хатах,

Што суніц у лесе

Нарасло багата,

Што зямля ад ягад

У чырвоных плямах,

Што іх дужа многа

У Ласіных ямах.

          «Што гэта за ямы?

І чаму Ласіны?» –

Сам сябе пытае

Розум той дзяціны.

А пра лес Міхась чуў

Проста дзівы-байкі,

Што там ёсць і белкі,

І ласі, і зайкі.

Нават ёсць мядзведзі,

І ваўкі, і вепры,

  І што страх якія

Ёсць у лесе нетры,

Зараслі густыя,

Пасекі, балоты...

Хочацца Міхасю

Ў лес зрабіць залёты...

Апала раса. Гарачыня.

Хмаркі, як пух лебядзіны.

Адпачывае далечыня,

Песцяцца ў сонцы лядзіны,

          Гудуць авадні й камары.

Прэюць між лесу балоты.

У лесе глухмень. Ціха ў бары.

Спяць над канавай чароты.

Пад навіссю дрэў, як баразна,

Легла далёка канава.

Дзівота, зірнеш, і навізна –

Дужа Міхасю цікава!

Унь выварат-корч. Страшны такі –

Вусы і губы і вочы,

          А корань узнят замест рукі,

Нібы схапіць цябе хоча!

Звісаюць імхі з хвой тых, як шоўк.

Можа чые то бароды?

Ўглядаецца – ша! Там ці не воўк?

Ці не мядзведзь за калодай?

Міхась не адзін, ён і смяляк:

Воўка біць палкай гатовы!

І палку бярэ хлопец няўзнак,

Кій сукаваты, здаровы.

          Але іх шчасце – збеглі звяры,

Заяц не высунуў носа.

Схаваўся і ліс дзесь у нары –

Даў бы Міхась ім тут чосу!

Расступіўся лес

Ды ва ўсе бакі,

А на пасеках –

Ух, прастор які!

А трава, трава!

        А кусты, кусты!

                А навокал хмыз,

Ды густы-густы!

А па купінах,

Каля пнёў, ламʼя

Чырвань спелая,

Тых суніц сямʼя,

Нібы ўсыпана

Тут каралямі,

І глядзяць яны

Кралі-кралямі –

                Сакавітыя,

Як налітыя,

Ды ўсе ладныя,

Ды панадныя.

У паветры пах

Ад іх носіцца,

Сама ягада

У рот просіцца.

Прыступілі да збору суніц-

Чараўніц,

                Захапіліся зборам усе

Пакрысе:

Данік і Юра

І Жэня-панура,

Оля і мама

І Міхась наш таксама, –

Сунічку сашчыпле,

Зірне, паварожыць,

Але не ў кубак,

А ў роцік паложыць.

                  Кошык у мамы –

Тры чвэрці даўно,

А ў Міхася яшчэ

Не закрыта і дно.

Затое ж Міхасевы

Губы і шчокі

Раскрасілі ў чырвань

Сунічныя сокі.

Ён ходзіць мурзаты,

Навокал глядзіць.

                  Вось дзяцел стракаты

На дубе сядзіць.

А там, над балотам,

Сарокі трашчаць.

  Прапала ахвота

Суніцы збіраць.

І хмыз надакучыў,

Трава і кусты,

І руку намучыў

Той кубак пусты.

                  На сонцы – спякота,

Ў цяні – камары.

Ну, што за ахвота

Хадзіць па жары?

Пасадзілі Міхася на пень

У цяні.

Нацягаўся Міхаська за дзень –

Аддыхні.

Падмацуйся хлябком, галубок,

Пасядзі!

                  Кошык ягад вось тут і збанок –

Паглядзі.

Набяром ягад кубачак твой

Мы няўзнак.

Міхась толькі кіўнуў галавой –

Няхай так.

Важна сеў Міхась на пні

Між бярозак у цяні,

А суніцы, як блазніцы,

Сталі хлопца спакушаць,

          Араматамі дышаць.

А якія сакаўныя!

Проста капае з іх сок,

І цукеркі тут набок!

Хіба ўзяць папрабаваць?

Прысеў Міхась над кошыкам –

Суніц там аж за край,

А зборшчыкі за пошукам –

        Збіраюць – ну, няхай.

Міхаська забаўляецца –

                Па ягадцы ды ў рот.

Суніц не прыбаўляецца,

Хутчэй наадварот.

Такія ж, брат, салодкія –

Ну, проста не ўтрываць!

Размовы тут кароткія –

Яшчэ дай спрабаваць!

І ён зачэрпнуў жменяю.

        Зачэрпнуў раз, другі.

Сунічак меней, меней –

                Апалі берагі...

Эх, збіўся ты з капыціка,

Міхаська-галубок!

...Прыходзіць самакрытыка

Разблытваць той клубок,

І давай Міхась

Выходзіць з бяды –

Узмяшчаць прарыў

Ды хаваць сляды.

Узяў кошык ён

          І пачаў трасці,

Каб суніц вяршок

Мог са дна ўзрасці.

Страсяне, зірне –

Вось праявіна:

Яшчэ большая

Ў кашы́ яміна!

Трос іх, трос Міхась –

Праца марная,

Ці работа ўся

..Не ударная?

Толькі сок пацёк

З таго кошыка,

А карысці той –

Ні паўгрошыка.

Ён ізноў трасе.

Строс іх, збіў няўзнак

У чырвоны сыр,

У густы камяк.

Паставіў ён кошык на пень,

          Куды хочаш, яго туды дзень.

Вось бяда, дык бяда.

Нецікава!

І чакае Міхаська суда

І расправы.

Невясёлы сядзіць,

Бы ў цямніцы.

Лепш было б не хадзіць

У суніцы.

І чуе Міхаська: «Го-го-о!»

          Міхась адгукнуўся: «Чаго-о?»

А голас яго невясёлы,

А вочы апушчаны к долу.

Ідуць маці, Данік, Юра...

Ну, пачнецца зараз бура!

Прыйшлі. Як зірнулі на кош –

Малюнак не дужа прыгож:

Ягады ў камяку,

Кош увесь у саку.

Сок расцёкся наўкруг,

          Стаў прыманкаю мух.

А Міхась – мурзаты,

Выгляд вінаваты.

Напаў на Міхася Даніла:

– Сякі і такі ты, дурыла!

– Ты – шкоднік,

Нягоднік!

Што ж ты нарабіў?

Чуць Міхася не біў!

І Юркавы чуліся словы:

          – Сякі і такі, безгаловы.

Вушы яму адарваць!

У лес яго болей не браць!

Міхась апусціў вачаняты

І маўчыць – вінаваты!

Здорава бралі Міхася,

Покі злосць уляглася.

А маме дык стала

Міхаські шкада.

– Ну, годзе крычаць вам!

        Такая бяда!

Утрэсваў іх трошкі,

Рабіў не назло –

Каб болей сунічак

У кошык вайшло...

Прызнайся, Міхаська, ты мне:

Так было гэта ці не?

Павесялеў наш бядак,

На запытанне адказвае: «Так!»

Дадому ішлі, жартавалі,

          І ясны Міхасеў быў твар,

Хоць жартам яго і празвалі –

Ягадны спец-сыравар.

 

 

VIII - Грыбы

 

Адышлі суніцы,

Выбралі чарніцы,

Перастала рыбка

Брацца на кручок.

Ідуць у брусніцы

Дзеўкі, маладзіцы,

А Міхася цягне

          Бор і хвайнячок.

Дарыць бор сасновы

Падарунак новы:

Сталі паяўляцца

Па лясах грыбы.

Ды ці знойдзеш словы

Апісаць іх сховы –

Хвайнякі, палянкі,

Беразняк, дубы,

Апісаць дарожкі,

          Дзе хадзілі ножкі

Грыбнікаў заўзятых,

Ну, як наш Міхась?

Пачакайце трошкі –

Абмінем парожкі,

Грэблі, раўчавіны,

І пяскі, і гразь.

Эх, як слаўна ў лесе,

У зялёнай стрэсе,

Дзе сукі-галіны

          Вывелі шатры!

У шатры-навесе

Вы наглядзіцеся,

Як жывуць, якія

Ёсць там жыхары...

Ды ўжо лепш у часе

Вочкамі Міхася

Паглядзець на зʼявы,

Што даюць лясы.

Слухай, Валік, Тася,

          Ты, Алёнка, Вася:

З кошыкам Міхась наш

Ідзе ў верасы.

Не адзін ён – з татам,

Дружба іх заўзята;

Аднаму ж малому

Лёгка заблудзіць.

Ды і страшнавата.

А лес так зацята

Цёмнаю гушчэчай

          На цябе глядзіць!

Грае чырвань на усходзе,

А Міхась ужо ў паходзе,

У руках кашолка, нож –

Без нажа грыбнік не гож.

Разгарнуўся ва ўсе бокі

Па узгорках лес высокі,

І такі прыемны пах:

Як нюхнеш, дык скажаш: «Ах!»

А імхі – зялёны, белы –

          Рассцілаюць коўрык цэлы.

Ускрай сцежак – верасок,

На дарожцы – бель-пясок.

Хто ні пройдзе па трапіне,

На пясочку след пакіне.

А чые ж гэта сляды?

Хто ішоў тут і куды?

Ды якія кіпцюрышчы!

Гэта, пэўна, след ваўчышчы.

– Тата, глянь, зірні сюды:

          Ці не воўчыя сляды?

Міхасёк сляды чытае.

Што не ясна, запытае.

Паглядзелі – так і ёсць:

Воўк ішоў, нязваны госць!

І Міхасю страх цікава.

Ён ідзе, бяжыць рухава,

Галасок яго звініць –

Ёсць аб чым пагаманіць.

Лес патроху ажывае,

          Ды гамоніць, ды спявае.

Свішча тонка арабок,

Там варкуе галубок.

Цецярук, як пад зямлёю,

Дзесь такуе за гарою.

А дзятлы, як дактары,

Бор выслухваюць стары,

Ды, прысеўшы на галіне,

Бʼюць насамі па хваіне.

А вунь там, на стромкай елі,

          Дрозд выводзіць свае трэлі,

Сойкі голасна крычаць,

Ястрабы ў гняздзе пішчаць.

А там нейкі абармот

Нібы дражніць: «Дод! Дод! Дод!»

Выйшлі на поле

Каля Загібелькі.

Рэдка пабачыш

Гэткай зямелькі:

Суха і чыста,

          Вымецена нібы,

Вёска на горцы.

Дрэвы ўскрай сядзібы.

Важна стаяць там

Дзядзькі-азяроды,

Дбала вартуюць

Гумны, гароды.

Буслы на хвоях

Маюць свой будынак,

Вуллі-калоды

          Там знайшлі прыпынак.

Хвойнік навокал,

Ды густы, як шчотка.

Бор і пралесак

Між ім, як бародка.

 

Лес і пералескі

Разам з хвайнякамі

Страх як багаты –

Чым? – баравікамі!

Шапкі іх чорны,

          Самі яны крэпкі:

Возьмеш у руку –

Гіпсавыя злепкі.

Звярнулі з дарогі ў барок,

Агледзелі першы грудок –

Пуста, адны мухаморы.

Вось горка. На горцы пясок.

Яловец. Сям-там верасок,

Сям-там равочкі-разоры.

І чуецца радасны крык –

        Гукае Міхась: «Баравік!»

І сам прысядае на дол

Ды вочкамі водзіць вакол.

Аж зірк – між калюшак

Другі капялюшык!

І што за асоба!

Краса і аздоба!

Не чорны – хутчэй сіваваты.

Дзябёлы, таўсматы,

На ёмкім камлі

          Сядзіць пры зямлі,

Як нейкі асэсар

Ці важны прафесар.

Ну, проста не зводзіў бы воч!

Аж глянуў – і трэці наўзбоч!

І радасць Міхася забрала,

Міхасева сэрца ўзыграла.

Ён радасны справіў галас:

– Сюды ідзі, тата!

Грыбоў тут багата –

          Баравіковы калгас!

Акрыяў яго дух,

Забраў яго рух.

Ён тупае, ходзіць,

Вачэй з іх не зводзіць,

Разгортвае шышкі.

– Ну, што ж?

Ідзіце, брацішкі,

У кош!

Ды грыбнік Міхась наш не просты:

          Спрыяе ён грыбнаму росту –

З карэньчыкам не вырывае,

А ножыкам – чык!

Каб вырас другі баравік:

Ад корня нітка адыходзіць жывая,

А з нітачак гэтых,

Што йдуць ад карэння,

Новае выйдзе

Грыбоў пакаленне.

Вось у чым штука,

                Грыбная навука.

Хадзілі па горцы

Туды і сюды,

Хавалі на выраст

Грыбок малады,

Ростам з арэх –

Браць такіх грэх...

Багатая тут ім

Спажыва была:

Грыбоў каля сотні

        Ім горка дала!

Ды што за грыбочкі

На горачцы той!

І горку назвалі

Яны «залатой».

Другія мясцінкі

Пайшлі аглядаць,

Дзе водзіцца гэтая

Грыбная знаць:

Груды, пералескі,

                Ускрайкі баркоў,

Дарожкі і сцежкі

Паміж хвайнякоў.

Снуюць, аглядаюць,

Ну, кожны гарбок,

Уздушынку дола,

Галінкі, ламок.

І бачыць Міхаська –

Мільгнуў баравік!

Ён весь захадзіўся,

                Як той рухавік.

Падбег, прысядае

Ды зорыць, як хорт.

Аж глянуў – паганка!

Бадай цябе чорт!

Такую зрабіла абразу!

Ўзлаваўся Міхась,

З коранем вырваў паганку-заразу

Ды аб пень яе лясь!

А сам азірнуўся,

                Малы наш буян,

Ці бачыў хто ў лесе

Яго той падман?

А следам за гэтым

Другая праява,

Хоць смешная трохі,

Ды болей цікава.

Вось грудок

Пажарок –

Лес гарэў калісьці.

                Бачыць – лом,

Моху ком

І сухое лісце.

Можа тут

Шалапут

Баравік стаіўся?

Ды не вер,

Брат, цяпер:

Раз ужо змыліўся!

Ён зірнуў,

          Карпануў

І назад адскочыў.

Там залёг

У бярлог...

Што ж то за клубочак?

Не сцярпеў,

Паглядзеў,

Што ж гэта быць можа?

І пазнаў,

Загукаў:

– Тата, а вось вожык!

Вожык звіўся ў клубок

І маўчок –

І ні чхне, хітруга.

Дай жа глянуць, дружок,

Галубок,

Што ты за звяруга!

Пакажыся ты нам

Сам-насам,

Без сваіх іглятак.

          Раскапалі, а там –

Трое важанятак!

І калючачак пук,

І ні ног, ні шыі.

А бадай іх кадук –

Смешныя ж якія!

Пацешыўся з іх наш хлапец –

Ну і стварэнні на свеце!

Закрыў ён курганік-капец

І сказаў ім: «Жывеце».

          Агледзеўшы ўсе хвайнякі,

Грыбныя мясціны,

Груды, раўчавіны,

Ідуць у барок грыбнікі.

Цікавае месца барок:

Таўшчэзныя хвоі

Стаяць у спакоі

І ўвесь аздабляюць лясок.

Навокала вольны прастор,

І тут іх сямейка,

          Сасняк-самасейка,

Як шчотачка паверсе гор.

І любіць Міхаська барок

І хвою старую,

Што хлопца чаруе

І здзіўлены пестуе зрок.

А ладная хвоя,

Ну, варта засняць.

Не здолеюць трое

Стан-комель абняць!

          Кара – чарапіца,

Галіны – шатры.

Рунее ігліца,

Як жыта, ўгары.

На ёй спачывае

Бліскучы прамень –

Усмешка жывая,

Што дарыць ёй дзень.

У кроплях расінак,

Як сонца зірне,

                Мільёны іскрынак

Гараць на сасне.

Калі ж замірае

Падвечар абшар,

На хвоі іграе

Багрысты пажар.

І ўсе яе шаты,

І навісь галін,

І комель шурпаты –

Рысунак адзін.

          Пазірае Міхаська на хвою,

На загнутыя ў кольцы сукі –

У прыроды свае мастакі! –

На шацёр над яго галавою.

І цікава – сукі і галіны

Больш развіты з адной стараны –

Любяць сонца, відаць, і яны,

К поўдню цягнуцца з гэтай прычыны.

Тут Міхась адпачывае

Ды любуецца барком,

          Хвояй і баравіком,

Што «рэкордным» называе,

І, на белым сеўшы моху,

Лічыць ён баравікі –

Штук за сто. Трафей які!

Ды сілкуецца патроху.

А як прыйдзе ён дадому

Ды на сена ляжа спаць,

Лес уявіцца малому,

А ўваччу грыбы стаяць.

 

 

ІX - Успаміны аб горадзе

 

Замаркоціўся лясок,

Змоўк птушыны галасок,

Глуха стала ў полі.

Травы, краскі адцвілі,

Ходзіць вецер па зямлі

Ды чагось скаголіць.

Патускнела яснасць дзён,

Хмары сцелюцца, як лён,

Ды звісаюць нізка.

Залягае, як туга,

          На твар далечы смуга –

Восень блізка, блізка.

Ужо шле яна паслоў

Па гусей і па буслоў –

Час ім, час у вырай!

Шлях ім трудны, немалы,

Гуртам радзяцца буслы –

Шырай крыллі, шырай!

Апусцеў разлог палёў,

Трактар песню зноў завёў

          Громка, дзелавіта:

«Эй, калгасны вольны люд!

Будзе твой аплачан труд –

Сей жа ў часе жыта».

Каля хаты цёткі Каці

(Стаіць хата каля гаці,

Дзе на мост ідзе дарога)

Для дзяцей прастору многа.

Тут грудок ёсць, ды сухі

І утульны, хоць глухі.

          На грудку пясок-жаўток.

Любяць дзеці той куток.

Гэта тут Міхась гуляў

Ды з пясочкам размаўляў,

Ладзіў печы і пячуркі,

Падкапаўшы беражок,

Насыпаў пяску стажок,

Пёк «аладкі» і «мазуркі».

А цяпер другі малюнак.

Тут дзіцячы карнавал.

          Між дзяцей і наш Міхал.

Ён разгортвае рысунак

Ды расказвае дзятве,

Чым жа горад той жыве,

Чым ён слаўны, чым багаты,

Як у ім праводзяць святы,

Дні Кастрычніка і Май,

Як там бʼе жыццё праз край.

Слухачоў у Міхася багата –

Паглядзі ды злічы.

          Хто ж яго слухачы?

Тамара, Агата,

Стэфка, Юзэфка,

Кандрат, Ігнат,

Дзямян, Сцяпан,

Пятрок, Змітрок,

Будачнікаў двое

Ды Сіняўскіх трое,

Пасынак Ахрэмаў

І таксама Эма,

          Ну, дачка Хаметы,

Была на час гэты.

І ўсе слухаюць Міхася,

Прытаіўшы галасы,

Не зважаючы на тое,

ІІІто сваволяць іх насы.

У прамоўцы цюбецейка

Чуць трымаецца,

Галасок жа салавейкам

Разліваецца.

          Лён-валосікі ды ў кольцы

Пазакручаны.

Пазайздросцяць хлопцы-гольцы

Такой штучыне.

Нос кірпаты троху ўгору

Задзіраецца,

Як акенцы, вочы-зоры

Расчыняюцца.

Ён расказвае

        І паказвае

                Рухам губ і рук,

Як трамвай ідзе,

Як тады гудзе

Маставіна-брук.

А дадуць званок –

Уцякай, браток,

Не страляй варон!

Сцеражыся, брат,

Хоць які ты хват,

Бо там рух-разгон!

          Тут азваўся Кандрат

І сказаў, ды не ў лад,

Недарэчы,

Абы толькі пярэчыць:

– А я стаў бы і не бег,

Хай сабе б званілі!

Паднялі Кандрата на смех,

Кандратаву дзёрзасць разбілі.

Ты, Кандрат, уважай:

Там не месца хвату,

          Наляцеў бы трамвай –

І каюк Кандрату!

Міхась жа на гэтую самую тэму

Разгортвае далей паэму...

...І не толькі трамвай –

Ёсць аўтамабілі.

Жыгануць, так і знай –

Адсякуць паўмілі!

А якія гудкі,

Каб вы зналі, браткі!

                Грузавік,

Ну, як бык,

Зараве – гу-гу!

Легкавы,

Больш жывы,

Гэтак гукне – рру!

        – А у нас,–

Адазваўся Ахрэмаў Панас, –

Ёсць аж тры

Трактары!

                Вось гудуць –

Дык гудуць!

Ды барозны вядуць

І аўса не ядуць!

– Трактары – гэта што!

А ці бачыў з вас хто

Танкі і танкеты?

А ёсць танк-бранявік,

Што, як хмара, вялік,

Большы за дом гэты!

                Вось калі ён ідзе,

Дык зямля ўся гудзе,

Брук каменны гнецца.

Ён брыдзе па вадзе,

І не спыніш нідзе –

Лес пад ім кладзецца!

Не баіцца балот,

Ломіць плот ды рве дрот,

Вось як павуціну!

І на вочы свае

                Сам я бачыў яе,

Гэтую машыну.

Авалодаў Міхась грамадою

І пра майскі парад

Робіць цэлы даклад –

На парадзе ён сам быў вясною.

Там стралялі з гармат

Разоў дзесяць падрад –

Бух! Бух! Бух!

Навакола збіўся народ.

          Рушыла войска ўпярод.

І пачаўся рух:

Кавалерыя,

Артылерыя,

Бясконцыя роты

Пяхоты.

А гарматы ж! Якія гарматы!

Вораг гляне на іх – дух у пяты.

Жарало,

        Як дупло

                Спаленага дуба.

Не чапай

Ты наш край –

Будзе табе згуба!

Вязуць іх машыны і коні,

Зямля пад імі гамоніць.

Рушылі танкі адзін за другім,

Глядзіш – і канца няма ім!

Тачанкі пайшлі, кулямёты,

Танкеткі, ўгары самалёты,

        Ды такія ж ужо штукары:

Рэжуць надземныя нетры,

Робяць мёртвыя петлі ў паветры

Ды сыплюць лістоўкі згары.

Ляцяць яны, як галубкі,

А вецер іх горне ў клубкі,

А яны ад яго – латата.

Зірнуць – адна любата!

За войскам пайшлі саюзы,

                Вузы

                І втузы.

Іх сцягі – як макі,

А надпіс – усякі.

Мільгаюць плакаты:

Буржуй на плакаце пузаты,

Кулакі і папы,

Ды такія, што ўбачыць сляпы –

Чэрава – ну, на траіх!

Галёканне, смех каля іх.

А трубы грымяць –

          Тра-ра-ра!

І крыкі гучаць –

Ура!

На другі ж дзень Мая

Горад выглядае

Трохі ўжо іначай.

Грамадой вясёлай

Ідуць вучні з школаў

І з садоў дзіцячых.

Эма не ўтрывала,

        Тут жа запытала

І Міхасю ў рукі

Козыр дала лішні:

—Ну, а на парадзе

У дзіцячым садзе

Грушы ёсць і вішні?

—Не ведаюць сада

Ці не дзівакі?

Ды гэта ж як школа,

Гэта дом такі.

          Міхась забывае

Вучнёўскі парад,

Тлумачыць,

Што значыць

Дзіцячы іх сад.

У дзіцячым садзе

Ты ў цяпле, даглядзе,

Прыйдзеш рана-рана,

Там усё прыбрана,

Хораша і чыста,

          Аж блішчыць падлога,

Дзетак многа-многа –

Шумна, галасіста.

А каб мець зарадку,

Зоймуцца спачатку

Дзеці маршыроўкай.

Цёця ім іграе,

Армія ўдалая

Маршыруе лоўка.

У дзіцячым садзе

          Цёці – Ніна, Ўладзя –

Свая ў кожным класе.

З дзецьмі там гуляюць,

Песні, байкі баюць,

Ды ўсё ў сваім часе.

А перад ядою

Чыстаю вадою

Дзеці мыюць рукі –

Снедаў ці абедаў,

Каб парадак ведаў

          Першае навукі.

Самі за сабою

І за чыстатою

Пільна сочаць дзеці.

Самі ж і дзяжураць,

Неахайных жураць –

Чыстаты глядзеце!

Глянуць табе ў вушы –

Брудна – марш пад душы,

Вымыйся як трэба.

          Чыстата, парадак

Без усякіх звадак –

Першая вучоба.

А потым – работа,

У каго да чаго ахвота.

Ну, возьме хто цацкі,

Дом выстраіць хвацкі

З кубікаў розных, брускоў,

З дошчачак, з іншых кускоў.

Ёсць і канструктар такі –

                Што хочаш складай:

Трактар, трамвай.

Аўтамабіль, ветракі...

Ці гуртам складаюць

Завод, маўзалей –

Гуртам работа

Яшчэ весялей.

А часам змайструюць астрог,

Каб шкоднік больш шкодзіць не мог,

На страх кулаку і буржую –

          Не разяўляйся на працу чужую!

А ў час неспакойны

Наладзяць і войны.

Хочаш быць цэлы –

Не лазь да нас, белы!

Не ведаеш нашых ваяк –

Раскрышым у мак,

Стаўчэм у куццю,

І будзе вам, белым, ацю!

Ну, словам, у садзе

          Табе не дакучыць:

Сад цябе песціць,

Сад цябе вучыць.

Слухалі Эма,

Пятрок і Ігнат:

Цікавая тэма –

Навіна ім сад.

Раскажуць бацькам сваім дома,

Што чулі пра сад ад Міхася.

Свой сад у іх будзе, вядома, –

          Недарма быў Міхась у калгасе.

 

 

развітанне

 

Лецейка ты, лета!

Гучна песня спета.

Весела было!

Бралі поўнай чарай

Шчодрасць тваю, дары –

Сонца і святло.

Цешыла ты дзетак

Ды ласкава гэтак –

Матчынай рукой:

          Воляй маладою,

Цёплаю вадою,

Чыстаю ракою,

Полем і лясамі,

Спевам-галасамі

Ясных дзён тваіх.

Мыла іх расою,

Сонцавай касою

Уцірала іх...

...Чарай асалоду

          Чэрпалі, як воду,

Поўнаю, за край.

Залатое лета!

Дык прымі ж за гэта

Шчырае «бывай»!

 

1933,

[1935]


[1935]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4